Расследаванні

Учора

Дзяржава зарабляе на гульнявой залежнасці. У тым ліку ў дзяцей

Сярод бенефіцыяраў — стваральнікі сістэмы сачэння за беларусамі і «тытунёвы кароль».

Аляксандр Шатроў, Аляксей Алексін
Крыніца: TUT.BY, Facebook / Аляксандр Шатроў, Аляксей Алексін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Онлайн-латарэя «Белбэт» працуе як віртуальнае казіно, але не падпарадкоўваецца правілам, якія дзейнічаюць для такога роду азартных гульняў. Напрыклад, не ідэнтыфікуе асобу і не спраўджвае ўзрост гульцоў. Праз гэта ў «Белбэт» прайграюць рэальныя грошы непаўналетнія. БРЦ разабраўся, як працуе латарэя, хто за ёй стаіць і ці можна вярнуць прайгранае дзіцём.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў», у партнёрстве з тэлеканалам «Белсат».

– Добры дзень. Служба падтрымкі, мяне завуць Дзмітрый.

– Вітаю. У мяне дзіцёнак перавёў да вас грошы, і я цяпер не ведаю, што рабіць. 

– Вярнуць грошы за стаўкі немагчыма.

Гэты дыялог — размова аператара службы падтрымкі Беларускай дзяржаўнай онлайн-латарэі «Белбэт» з журналісткай БРЦ. Яна прадставілася маці непаўналетняга дзіцяці, якое прайграла грошы. Сітуацыя — выдуманая. Але ілюструе яна рэальную праблему, з якой сутыкаюцца сем'і ў Беларусі.

Асаблівае становішча

У Беларусі толькі дзяржава мае права праводзіць латарэі. Ёсць дзве дзяржаўныя арганізацыі, якія гэтым займаюцца. Адна з іх — РУП «Нацыянальныя спартовыя латарэі». Другая — РУП «Беларускія латарэі». Апошняя належыць Упраўленню справамі прэзідэнта (УСП) і праводзіць найбольшую колькасць латарэяў — 17 з 25, якія існуюць. [*] [*]

Крыніца: president.gov.by / Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

«Белбэт» — асноўная крыніца заробку «Беларускіх латарэяў». Яе заснавалі ў 2019 годзе, паводле афіцыйнай версіі, каб атрымаць дадатковыя грошы на развіццё прыродаахоўных установаў і санаторыяў, падкантрольных УСП, і на «іншыя мэты».

У тым жа годзе ў Беларусі легалізавалі онлайн-казіно. З тых часоў жадаючыя адкрыць віртуальную гульнявую ўстанову павінныя атрымаць ліцэнзію. Гэты ж закон зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да гульнявога бізнесу агулам.

Мы распавялі пра онлайн-казіно не выпадкова. Онлайн гульні «Белбэт» імітуюць найбольш папулярны тып аўтаматаў у казіно — слот-машыны. На сайце і ў мабільным дадатку онлайн-латарэі маецца больш за паўсотні такіх гульняў. Адна з іх нават называецца «Аднарукі бандыт». Нягледзячы на гэта на «Белбэт» не распаўсюджваюцца абмежаванні для казіно, бо афіцыйна — гэта латарэя.

Маскіроўка і прыкрыццё

«Калі нешта рухаецца як качка, кракае як качка і плавае як качка, хутчэй за ўсё, гэта качка. Так? Ну, тут таксама: выглядае як онлайн-казіно, а праходзіць як латарэя», — сказала ў размове з БРЦ крыніца з гульнявой індустрыі Беларусі (асоба пажадала застацца ананімнай з меркаванняў бяспекі). 

Паводле нашага суразмоўцы, іншыя ўдзельнікі рынку азартных гульняў спрабавалі разабрацца, якія нарматыўныя акты рэгулююць дзейнасць «Белбэт» і чаму на тое, што па сутнасці з'яўляецца казіно, не распаўсюджваюцца абмежаванні для казіно: «У кулуарах, у калідорах улады ўздымалі нясмелыя галасы: "Ну як так? Ну, гэта ж онлайн-казіно”. Нам сказалі, што там усё добра, не задавайце лішніх пытанняў. Ну, мы і не задаем».

У «Белбэт» ёсць некалькі прычынаў прыкідвацца электроннай латарэяй. Каб адкрыць казіно, і онлайн, і офлайн, у Беларусі трэба атрымаць ліцэнзію і выканаць шэраг патрабаванняў. Сярод іх, напрыклад, абавязковы дэпазіт каля мільёна долараў на спецыяльным рахунку — на выпадак, калі арганізатар не зможа разлічыцца з гульцамі або дзяржавай.

Прадстаўнік гульнявой індустрыі ў размове з БРЦ выказаў здагадку, што «Белбэт» выгадна называць латарэяй праз асаблівасці сістэмы падаткаабкладання і кантролю. Адна з асаблівасцяў рэгулявання працы казіно — абавязковы ўзроставы цэнз для кліентаў. Да аўтаматаў — і онлайн, і офлайн — не дапускаюцца гульцы малодшыя за 21 год. Сачыць за гэтым абавязаныя самі казіно. Таксама ў законе гаворыцца, што арганізатар казіно абавязаны ідэнтыфікаваць гульцоў. Да латарэяў такога патрабавання няма.

Чым бы дзіця не цешылася?

«Карыстальнік гарантуе, пацвярджае і згаджаецца, што з'яўляецца рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь <...>, яго ўзрост складае не менш за 18 гадоў», — гаворыцца ў правілах «Белбэт». І гэта — адзіная перашкода, якую прадугледзелі арганізатары гульні для непаўналетніх.

Тое ж напісана на сайце латарэі. І тое ж нам сказалі ў службе падтрымкі «Белбэт», з якой журналістка БРЦ звязалася пад выглядам маці дзіцяці, які прагуляў грошы. Яна спытала аператара, як стала магчымым, што непаўналетняга дапусцілі да азартных гульняў. І аператар патлумачыў:

– Рэгістрацыя праходзіць па нумары тэлефону. Пры рэгістрацыі дзіця пазначае, любы чалавек пазначае, што ён азнаёмлены з публічнай дамовай, што пацвярджае, што яму 18 гадоў. У такім выпадку, калі ён гэта ўсё пацвердзіў, то ён мог зарэгістравацца.

– Гэта значыць, у вас не правяраюць нічога, і вінаваты ён у выніку?

– Ён пацвердзіў, што яму ёсць 18 гадоў. Такім чынам, уся адказнасць кладзецца або на яго бацькоў, або на яго. 

На гэтую праблему — лёгкі доступ непаўналетніх да гульні на грошы — звяртаюць увагу гульцы ў каментарах на розных сэрвісах для водгукаў. [*] [*] [*] [*] Сярод іх можна знайсці і канкрэтныя гісторыі: бацькі распавядаюць, як іхныя дзеці зарэгістраваліся ў «Белбэт» і прайгралі. [*] [*] Праверыць праўдзівасць водгукаў мы не можам.

Ці можна вярнуць грошы, якія непаўнагадовы прайграў у «Белбэт», журналістка БРЦ спытала аператара службы падтрымкі. І атрымала адмоўны адказ: «Ну, скаргу вы можаце, вядома, напісаць, але зноў жа, паўтаруся, грошы вярнуць за стаўкі, дакладней, не стаўкі, а за гульню ніяк нельга. На заканадаўчым узроўні». 

Паводле літары закону

Паводле беларускіх законаў, латарэя выведзеная з вызначэння гульнявога бізнесу, пацвердзіў БРЦ юрыст «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Міхаіл Кірылюк.

«Вядома, гэтае прыкладанне, ягонае афармленне і самі гульнявыя механікі ўключэння выглядаюць як гэмблінг (азартныя гульні — рэд.). Я як юрыст магу зрабіць выснову, што тэхнічна па сваіх уласцівасцях і крытэрах, гэта можа называцца онлайн-казіно, мае для гэтага ўсе падставы. Але па нейкіх іншых прычынах, якія не маюць дачынення да сутнасці бізнесу, дадзены сэрвіс вырашылі вывесці з гэтага рэгулявання», — патлумачыў ён.

Паводле Кірылюка, у большасці юрысдыкцыяў, дзе дазволеныя онлайн-казіно, і яны, і онлайн-латарэі падпарадкоўваюцца аднаму пакету законаў, якія рэгулююць гэмблінг. Ён адзначыў, што яму не знаёмая сусветная практыка, у якой чалавека дапускаюць да гульні на рэальныя грошы адразу пасля таго, як ён паставіў галачку, што яму ёсць 18 гадоў.

Сітуацыя, калі ўдзельнік гульнявога рынку піша правілы для гэтага рынку, ненармальная, падкрэсліў эксперт. У нашым выпадку — гэта дзяржава, якая адначасова валодае «Белбэт» і стварае законы, якія даюць «Белбэт» перавагу перад канкурэнтамі.

«Калі мы пабачым, што ў нейкай краіне, напрыклад, піва, аднаго канкрэтнага вытворцы вывелі з ліку алкагольных напояў, а назвалі гэта забаўляльным напоем і дазволілі яго прадаваць ноччу побач са школай без прад'яўлення пашпарту, ну, напэўна, мы ўгледзім у гэтым нейкі карупцыйны складнік, нейкія не рынкавыя перавагі аднаму гульцу», — сказаў Кірылюк.

Крыніца: Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Каб параўнаць розніцу складанасці доступу да «Белбэт» і яго канкурэнтаў, мы паспрабавалі зарэгістравацца без пашпарту і праверкі ўзросту ў двух беларускіх онлайн-казіно. З гэтага нічога не выйшла: зарэгістравацца ў гэтых сістэмах можна толькі загрузіўшы фотаздымкі пашпарту і сэлфі з ім. Без гэтага немагчыма папоўніць рахунак. А значыць — пачаць гуляць не атрымаецца. [*] [*] [*] [*]

Ідэю ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў латарэяў абмяркоўвалі на ўзроўні ўраду, пісаў «Белсат». Аднак уладальнік «Белбэт» — «Беларускія латарэі» — раскрытыкаваў гэтую ініцыятыву. Маўляў, гэта б абмежавала колькасць гульцоў, а значыць і прыбытак. Змагацца ж такім чынам з гульнявой залежнасцю няма неабходнасці, заявілі ў «Беларускіх латарэях», бо са скаргамі на яе ўзнікненне за тры гады да іх звярнуліся толькі 16 чалавек з зарэгістраванага амаль мільёну.

«Са статыстыкай [па колькасці выпадкаў гульняманіі ў Беларусі] усё дрэнна, таму што яе няма. Гэта адзін з паказнікаў стану грамадства. [Гэтую статыстыку хаваюць] як хаваюць статыстыку па смяротнасці, міграцыі і гэтак далей», — распавяла БРЦ псіхолаг Наталля Скібская.

Гульні ў (не)залежнасць

Падатковая служба, якая кантралюе дзейнасць латарэяў і казіно, папярэджвае аб небяспецы залежнасці ад азартных гульняў. Каб абараніцца ад яе, чалавек можа забараніць сабе наведваць гульнявыя ўстановы і ўдзельнічаць у азартных гульнях. У такім выпадку ён мусіць падаць заяўку аб унясенні яго ў спецыяльны пералік людзей, якім забаронена наведваць гульнявыя ўстановы, у тым ліку віртуальныя. Такія ж абмежаванні можа ўвесці суд. У 2019 годзе ў гэтых спісах знаходзілася больш за 17 тысячаў чалавек. Аднак, каб гэта працавала, неабходная сістэма ідэнтыфікацыі гульцоў.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўключыла відэа- і лічбавую гульняманію ў Міжнародную класіфікацыю хваробаў. Акрамя таго, лудаманія (або гульняманія) — адзіная паводзінная залежнасць, якую ўнеслі ў класіфікатар псіхічных разладаў. Менавіта на яго арыентуюцца псіхіятры і псіхатэрапеўты ва ўсім свеце.

«Даступнасць пэўных рэчываў або аб'ектаў залежнасці павялічвае верагоднасць [што чалавек будзе імі карыстацца], проста праз тое, што імі можна карыстацца. І чым больш кароткі шлях, тым прасцей скарыстацца. У гэтым плане, вядома, усялякія онлайн-штукі з'яўляюцца больш небяспечнымі, чым фізічнае казіно, у якое трэба прыйсці. Чым лягчэй атрымаць доступ, тым прасцей і хутчэй развіваецца гульнявая залежнасць», — сказала Скібская. Яна таксама дадала, што калі гульню прапаноўвае дзяржава, у людзей складваецца ўражанне, што над ёй ёсць кантроль, праз што яна больш бяспечная.

Супрацьстаяць азартным гульням складана нават дарослым, а ў дзяцей шанцаў не стаць ахвярай гульняманіі яшчэ менш, распавяла БРЦ псіхолаг Ганна Таміліна. Многія сістэмы арганізму, улічваючы мозг, у падлеткавым узросце знаходзяцца ў стадыі фармавання. Напрыклад, прэфрантальная кара галаўных мазгоў, якая адказвае за кантроль і планаванне наступстваў, дадала Таміліна. Толькі фармуецца ў падлеткаў таксама дафамінавая сістэма, якая адказвае за атрыманне задавальнення, і валявыя працэсы, працягнула яна.

«Нават разумеючы ўсю логіку пабудовы гэтай гульні: што яна ўцягвае, прыцягвае цябе, што гэта шкодна для твайго здароўя. <...> [Калі дзіцёнак бачыць] рэкламу онлайн-казіно, у яго проста ідзе імпульс: “Я хачу. Я хачу атрымаць гэтую дафамінавую бомбу. Я хачу атрымаць зараз масу задавальнення”. Калі мы паглядзім на ўсе гэтыя рэкламы казіно... наколькі яны класна зробленыя. Наколькі яны чапляюць», — сказала Таміліна. 

Куды ідуць грошы ад латарэяў

На электронную латарэю «Белбэт» прыпадае 99,8% усёй выручкі «Беларускіх латарэяў», пісаў «Белсат» у красавіку 2024-га са спасылкай на дадзеныя з выцеку дакументаў, якімі падзялілася аб'яднанне BelPol. У 2023 годзе «Беларускія латарэі» планавалі атрымаць больш за 6 млрд рублёў выручкі (больш за $1,8 млрд).

Ці атрымалася рэалізаваць гэты план, нам невядома. Дзяржструктуры публічна не справаздачацца аб тым, колькі зарабляюць на латарэях і як выдаткоўваюць гэтыя грошы. У 2023 годзе сродкі, атрыманыя «Беларускімі латарэямі», маглі выкарыстоўвацца на фінансаванне праектаў, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным асяроддзем. Гаворка ішла аб падтрыманні Аляксея Талая — лаяльнага ўладзе актывіста-параалімпійца, які ў лютым 2024 года патрапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. БРЦ апублікаваў расследаванне пра гэта. Таксама грошы ад латарэяў, паводле звестак «Белсату», маглі выкарыстоўваць на будаўніцтва бульбасховішча і для дапамогі самбістам.

Заработак на азарце

Зарабляе на «Белбэце» не толькі Упраленне справамі прэзідэнта. Яшчэ адзін выгадаатрымальнік — кампанія, якая патрапіла пад санкцыі Еўразвязу за распрацоўку для беларускіх уладаў сістэмы распазнання і адсочвання асобаў Kipod. Гэта ТАА «Сінэзіс», якая распрацоўвала праграмнае забеспячэнне для «Белбэт» з 2019 года. [*]

У лютым 2020 года ў асобную кампанію вылучылі ТАА «Сінэзіс Лато», пазней яго перайменавалі ў ТАА «Рыдота». [*] Гэтая кампанія «забяспечвае суправаджэнне распрацоўкі праграмнага комплексу для правядзення» гульняў «Белбэт». Ёй жа як мінімум да 2031 года будуць належаць правы на лагатып онлайн-латарэі. [*] [*] [*] У апісанні на сайце кампаніі ў 2023 годзе гаварылася, што яна працуе на рынку СНД і іншых краінаў, дзе вырабляе праграмнае забеспячэнне для арганізацыі і правядзення латарэяў.

На пачатак снежня 2024 года «Рыдота» валодаюць расейцы Пётр Шатроў і Мікалай Пціцын і беларус Дзмітрый Швядко. У 2020 годзе ў кампаніі быў яшчэ адзін саўладальнік — брат Пятра Шатрова Аляксандр. [*] Еўразвяз і ЗША ўвялі супраць яго санкцыі за распрацоўку сістэмы Kipod, якая дапамагла дзяржапарату Беларусі «ў задушэнні грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі».

Аляксей Алексін
Крыніца: TUT.BY / Аляксей Алексін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

У 2016 годзе ў лік устаноўцаў «Сінэзісу» ўвайшла жонка Аляксея Алексіна — беларускага бізнесоўцы, якога медыі называлі «тытунёвым каралём». Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ як набліжаны Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ў 2016 годзе акцыянерам «Сінэзісу» стала кампанія Алексіных «Энерга Оіл Інвест». [*] [*] [*] [*]

З 2018 года «Сінэзіс» атрымліваў буйныя дзяржаўныя замовы: адна яго дачынная кампанія стала тэхнічным аператарам сістэмы распазнавання і адсочвання асобаў, другая — выступіла аператарам электронных пломбаў, якія ў Беларусі ўсталёўваюць на транзітныя фуры. Распрацоўка праграмнага забеспячэння для «Белбэт» стала яшчэ адным буйным кантрактам «Сінэзісу». [*] [*] [*] [*] [*]

БРЦ накіраваў запыты РУП «Беларускія латарэі», у Міністэрства фінансаў і Міністэрства падаткаў і збораў. Рэдакцыя папрасіла ведамствы растлумачыць, ці законна, што «Белбэт» не спраўджвае ўзрост гульцоў, а таксама чаму «Белбэт» называецца онлайн-латарэяй, калі механіка гульняў гэтага праекту супадае з механікамі гульняў онлайн-казіно. Апроч таго, БРЦ пацікавіўся аб'ёмам даходаў РУП «Беларускія латарэі» і тым, на якія канкрэтна праекты скіроўваюць заробленыя грошы.

Іншыя Расследаванні