У гэтай гісторыі ёсць усё: гандляры зброяй і спецслужбы, каханне і грошы, раскошная яхта і маршрут, які вядзе праз некалькі краінаў.

5 жніўня 2025 года з Масквы ў аэрапорт Стамбула прыбываюць двое грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Праз 16 дзён яны апынуцца на адной яхце з Анатолем Котавым, які прыляцеў у Турцыю з Польшчы. Судна адправіцца з порту Трабзон і 22 жніўня прыбудзе ў горад Сухумі самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія. Расейцы выйдуць на бераг, але без Котава. На яхце яго таксама ўжо не будзе.

Амаль год БРЦ, Deutsche Welle і OCCRP пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы Рух» і падтрымцы «Кіберпартызанаў» шукалі адказ на пытанне, што ж адбылося з беларускім палітыкам мінулым летам.

У размове з журналістамі сябар зніклага беларускага палітыка Анатоля Котава ўзгадвае фразу, якую той прамовіў на святкаванні свайго дня нараджэння за год да публікацыі гэтага расследавання.

«Ён мне сказаў, што, магчыма, праз пару месяцаў усё зменіцца, і мы зможам паехаць дадому. Прагучала такая фраза. І гэтая ж фраза, яна прагучала праз два месяцы, калі мы апошні раз з ім бачыліся», — узгадвае грамадскі актывіст Руслан Хазін.

Пра тое, што хутка ўсе вернуцца дадому, Котаў казаў яшчэ некалькім знаёмым за некалькі дзён да знікнення. Прыкладна ў той жа час, напачатку жніўня 2025-га, ён распавядаў пра важную сустрэчу ў Турцыі, да якой рыхтаваўся, але не раскрываў падрабязнасцяў. Паводле словаў блізкіх, гэтае мерапрыемства некалькі разоў пераносілася. Апошні раз ён паведаміў жонцы, што паездка адкладаецца, 11 жніўня — за 10 дзён да таго, як усё ж паляцеў у Турцыю.

Вораг дзяржавы

Кар'еру на дзяржслужбе Анатоль Котаў пачаў у пачатку 2000-х. Ён працаваў у цэнтральным апараце МЗС, у беларускай амбасадзе ў Польшчы і ў Адміністрацыі прэзідэнта. У 2015-м заняў пасаду генеральнага сакратара Нацыянальнага алімпійскага камітэту (фармальна яго ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка), а затым пайшоў на паніжэнне — стаў намеснікам кіраўніка фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года».

Анатоль Котаў
Крыніца: БелТА. Анатоль Котаў

У 2019-м Котаў на год выпаў з дзяржслужбы і спрабаваў заняцца бізнесам, а затым вярнуўся ва ўладу на яшчэ больш нізкую пазіцыю — намесніка начальніка аддзелу ў галоўным фінансавым упраўленні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Тады апарат узначальваў Віктар Шэйман. 17 жніўня 2020 года, на фоне масавых пратэстаў, Котаў звольніўся, тлумачачы, што хоча «каб дзяржава была эфектыўнай, прагрэсіўнай і адэкватна рэагавала на патрэбы сваіх грамадзянаў». Неўзабаве ён, як і іншыя чыноўнікі, якія падтрымалі пратэст, з'ехаў і асеў у Польшчы: спрабаваў займацца бізнесам, працаваў у НАУ, але сышоў адтуль са скандалам.

У эміграцыі Котаў стаў публічным крытыкам Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, пры гэтым працягваў выступаць супраць рэпрэсіяў у Беларусі і супраць удзелу краіны ў вайне супраць Украіны. Ягоным самым заўважным медыйным праектам стаў тэлеграм-канал «Нік і Майк» з інсайдамі пра працу дзяржорганаў і жыцці Лукашэнкі. Паралельна ён быў звязаны з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці. Са словаў ягонага атачэння, ён загарэўся ідэяй выкарыстоўваць кантакты ў спартовым асяроддзі для дыялогу паміж Менскам і заходнімі дыпламатамі аб вызваленні палітвязняў — сустракаўся з памочнікамі амбасадараў у Варшаве і Вільні і намякаў, што ў яго застаюцца інсайдары ў Беларусі, часам загадзя анансуючы будучыя вызваленні.

У ліпені 2024 года стала вядома, што Берасцейскі абласны суд завочна прысудзіў Котава да 12 гадоў калоніі.

«Як чалавек, які шмат гадоў адпрацаваў у дзяржаўнай сістэме, я безумоўна разумеў, што такія людзі, як я, напрыклад, мы з'яўляемся для рэжыму проста ворагамі, а такія людзі, як ён, зʼяўляюцца здраднікамі, што нашмат сурʼёзней для рэжыму», — тлумачыць у каментары БРЦ кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010-га, юрыст Алесь Міхалевіч стаўленне беларускіх уладаў да Анатоля Котава.

Чацвёра на яхце

Мы высветлілі, што знікненне Анатоля Котава — вынік спланаванай аперацыі. Для яе рэалізацыі арандавалі яхту Shells, 30-метровае маторнае судна з васьмю спальнымі месцамі ў чатырох каютах.

Крыніца: Superyacht times

Капітан яхты летам 2025-га быў беспрацоўным. Яго нанялі для адзінага рэйса. Адной з галоўных умоваў гэтай падпрацоўкі было — не ведаць расейскай мовы. Па такім жа прынцыпе для паездкі падабралі і астатніх чальцоў экіпажу: траіх туркаў і адну галандку-сцюардэсу. Гэта магло здзівіць наняты экіпаж, таму што кліенты былі расейскамоўнымі.

Сярод іх — беларус Юрый Пузікаў, 40-гадовы трэнер і суддзя па каратэ кіакушынкай, і Кахіра Эйналава — расейскамоўная азербайджанка, па пашпарце грамадзянка Іярданіі. Ёй каля 50 гадоў, род заняткаў нам невядомы.

Заказчыкаў паездкі прадстаўлялі двое расейцаў. Першы — Юрый Галаванаў, невысокі каржакаваты мужчына крыху старэйшы за 50 гадоў. У яго скрыўлены нос, быццам пасля старога пералому. Галаванаў працаваў начальнікам аддзелу кадраў у пецярбургскай фірме ТАА «Балтийская звезда», якая займаецца арэндай люксавага транспарту для VIP-мерапрыемстваў. Другі расеец — Пётр Грыб — самы ўзроставы ў групе, яму каля 60-ці. Коратка стрыжаны брунет з сівізной на скронях. Рост вышэйшы за сярэдні. Сумяшчае працу ў Вялікай лядовай арэне ў Сочы і пасаду памочніка мясцовага дэпутата, які нарадзіўся ў Беларусі.

Галаванаў і Грыб прыехалі ў Стамбул амаль за тыдзень да паездкі, запланаванай на 11 жніўня. Але бліжэй да прызначанай даты падчас тэст-драйву выявілася няспраўнасць — паездку перанеслі на 10 дзён.

Аперацыя

Раніцай 21 жніўня 2025 года Анатоль Котаў выязджае з варшаўскай кватэры ў аэрапорт. З сабой бярэ сінюю валізу з парай рэчаў, тэлефон і ноўтбук. Падчас збораў прыкметна нервуецца. Жонцы кажа, што едзе па працы, на працы — што па асабістых справах. У турэцкі горад Трабзон Котаў прылятае з перасадкай у Стамбуле і да вечара аказваецца ў порце: каля 19:00 ён падымаецца на яхту Shells разам з Кахірай Эйналавай.

Крыніца: крыніца БРЦ. БРЦ апрацаваў фотаздымкі — выдаліў тэхнічныя адзнакі. На першай фатаграфіі Анатоль Котаў праходзіць мяжу ў Стамбуле, на другой — у марскім пункце Трабзона
Крыніца: крыніца БРЦ. БРЦ апрацаваў фотаздымкі — выдаліў тэхнічныя адзнакі. На першай фатаграфіі Анатоль Котаў праходзіць мяжу ў Стамбуле, на другой — у марскім пункце Трабзона
0 / 2

Судна прышвартавалася дзевяццю гадзінамі раней — каля 10 раніцы. На борце знаходзіліся расейцы Галаванаў і Грыб, а таксама беларус Пузікаў. Апошні сышоў на бераг і больш на судна не вярнуўся.

Афіцыйны маршрут, які капітан загадзя заявіў партовым работнікам, — з Трабзону ў расейскі порт Сочы. Але неафіцыйная інструкцыя была іншай — плыць у Сухумі, сталіцу самаабвешчанай Абхазіі. Там яхта прышвартоўваецца днём 22 жніўня. Мэта паездкі, са словаў арганізатараў, — наведаць маляўнічы манастыр і ўзяць удзел у духоўнай цырымоніі.

У Расеі Котаў на той момант ужо значыцца ў міждзяржаўным вышуку, таму рызыка затрымання захоўваецца і за межамі РФ. [*] У Абхазіі яму таксама пагражае затрыманне — праз шчыльнае ўзаемадзеянне мясцовых сілавых структураў з расейскімі. Ці пагадзіўся ён на такую паездку і, калі пагадзіўся, то чаму, нам невядома.

Эйналава тлумачыць гэта так:

«Мы спачатку паехалі ў Грузію. Хацелі зайсці ў казіно, пагуляць у казіно. Потым яны нарэзаліся, памянялі [планы] і сказалі: “не, паедзем туды”. Потым, я не ведаю, пра што яны спрачаліся, што яны рабілі. Гэта мяне не тычыцца. Мы сядзелі самі па сабе, кайфавалі. Яны размаўлялі, нешта рабілі. І ўсё, мы паехалі ў Расею, яны выйшлі і з’ехалі».

То бок, са словаў Эйналавай, Котаў сышоў з яхты разам з іншымі пасажырамі — і пасля гэтага яна пра яго больш нічога не чула.

Аднак іншыя крыніцы апісваюць раніцу 22 жніўня іначай: яхта спачатку падышла да берагу ў раёне Сухумі, а затым расейцы загадалі вярнуцца назад — у порт Ачамчыра. Гэта таксама абхазскае ўзбярэжжа, але больш на поўдзень, там знаходзіцца пункт базавання памежнай службы ФСБ РФ. Пакуль Котаў спаў у каюце, капітан патэлефанаваў у порт, каб атрымаць дазвол на швартоўку, яму адказалі чакаць у моры і не набліжацца да рыбакоў, пакуль не прыйдзе трансфер. Але замест трансфернага катару да яхты падышоў расейскі вайсковы карабель берагавой аховы. Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, прыкладна ў гэты час — а 12:30 паводле грузінскага часу — з базы РФ выйшла патрульнае судна, якое праз некалькі хвілінаў павярнула на поўнач, у бок яхты Shells. Берагавую ахову выклікалі расейскія пасажыры яхты. Яны сцвярджалі, што ўначы Анатоль Котаў нібыта напіўся, напаў на іх і збіў.

Крыніца: Planet Labs

На борт падняліся расейскія памежнікі ФСБ, уварваліся ў каюту Котава і вывелі яго. Яны загадалі капітану скрэсліць беларуса са спісу пасажыраў, перавялі яго на свой карабель і сплылі. Рэшта пасажыраў засталася на яхце. Расейцы загадалі ісці ў Сухумі, дзе сышлі на бераг, а потым накіраваліся ў Расею. Назад у Трабзон вярнулася толькі Эйналава. Каманду яхты пасля рэйсу звольнілі.

Нам не вядома, ці быў Котаў у свядомасці, калі стала зразумела, што яхта ідзе ў адкрытае мора. Эйналава кажа, што ён заснуў пасля выпіўкі з расейцамі. Паводле іншых сведчанняў, яго ванітавала. Пры гэтым знаёмыя Котава сцвярджаюць, што ў любым стане — п'яным ці цвярозым — ён не быў схільны да фізічнага гвалту. Ніхто з апытаных не змог узгадаць падобных эпізодаў у ягоных паводзінах.

Усе дэталі, якія мы распавялі, БРЦ пацвердзіў больш чым адным спосабам. Дакументы і запісы размоваў з крыніцамі знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі.

Гандляры зброяй

Прынамсі адзін з чацвярых удзельнікаў аперацыі мог быць вядомы Анатолю Котаву. Беларускі каратыст Юрый Пузікаў з 2017-га па 2020 год працаваў у арганізацыі, якая была добра знаёмая экс-чыноўніку, — спартыўным грамадскім аб'яднанні «Адраджэнне». У сацыяльных сетках арганізацыі ёсць фотаздымкі Котава: на адным з іх ён пазіруе з жонкай Пузікава — будучай супрацоўніцай гэтага абʼяднання. Сам Пузікаў таксама зʼяўляўся ў сацсетках «Адраджэння». Ягоных сумесных фотаздымкаў з Котавым мы не знайшлі, таму пацвердзіць факт іх знаёмства не можам.

Таксама мы не ведаем, ці разумеў Котаў, чым сябры «Адраджэння» займаліся акрамя дабрачыннасці. Іх сувязь з бізнесам у адной з самых закрытых і непразрыстых сфераў стала відавочная пасля вывучэння біяграфіяў кіраўнікоў арганізацыі. З 2017-га па 2019-ы на чале «Адраджэння» змяніліся тры чалавекі. [*]

Першым быў Юрый Міхайлавіч Назаранка — былы супрацоўнік упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Пасля яго — Юрый Уладзіміравіч Серых, які раней служыў у цэнтральным апараце КДБ, а затым — у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце Беларусі. Апошні кіраўнік — Валерый Анатольевіч Андрэеў. Мы знайшлі фота, дзе ён пазіруе разам з Анатолем Котавым. Андрэеў таксама працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры.

Злева — Валерый Андрэеў, справа — Анатоль Котаў
Крыніца: група «Адраджэнне» ў сацыяльнай сетцы vk.com. Злева — Валерый Андрэеў, справа — Анатоль Котаў

Усіх траіх аб'ядноўвае не толькі спецслужбоўскае мінулае. Назаранка, першы кіраўнік «Адраджэння», у 2018 годзе быў адным з заснавальнікаў беларускай кампаніі ТАА «БТС Глобал». Трэці кіраўнік абʼяднання — Андрэеў — у 2019 годзе працаваў у гэтай кампаніі. Серых дагэтуль застаецца яе ўладальнікам. [*] «БТС Глобал» пры падтрымцы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі займаецца вытворчасцю і продажам беспілотнікаў, якія дэманстраваліся, у тым ліку, на вайсковых вучэннях «Захад-2025». [*]

Дзевяць супрацоўнікаў «БТС Глобал» у розны час таксама працавалі ў беларускім прадстаўніцтве эмірацкай кампаніі Tres International Free Zone Company, зарэгістраванай у суседніх кабінетах з «БТС Глобал», [*] у вызвалены офіс якога ў 2019 годзе пераехала «Адраджэнне». [*] У абедзвюх кампаніях працавалі каратыст Пузікаў з яхты Shells і ягоная жонка.

Пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы Рух» нам удалося высветліць, што Котаў быў знаёмы і з ключавой фігурай усёй гэтай сеткі. Былы супрацоўнік КДБ Юрый Серых, [*] экс-кіраўнік «Адраджэння» і цяперашні ўладальнік «БТС Глобал», павінен быў прысутнічаць на ягонай вясельнай імпрэзе ў якасці сябра (цырымонія так і не адбылася — Котавы пакінулі Беларусь). Таксама на імя Серых была складзеная дамова ахвяравання на 14 тыс. беларускіх рублёў (каля $6700) арганізацыі, у якой працаваў Котаў. [*] У сацыяльных сетках «Адраджэння» можна знайсці сумесныя здымкі Котава і Серых.

Крыніца: група «Адраджэнне» ў сацыяльнай сетцы vk.com. На фотаздымку Юрый Серых і Анатоль Котаў у чырвоных шапках
Крыніца: група «Адраджэнне» ў сацыяльнай сетцы vk.com. Юрый Серых паціскае руку маскоту II Еўрапейскіх гульняў Лёсіку. Анатоль Котаў стаіць побач у аранжавай куртцы
0 / 2

Як мужчыны пазнаёміліся, мы не ведаем, — магчыма, у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Серых там працаваў якраз тады, калі Котаў займаў пасаду генеральнага сакратара арганізацыі. Апроч таго, пры Котаве ў НАК працавала тагачасная жонка Серых. Падчас гэтай сумеснай працы Котаў ездзіў з ёй у Літву на аўтамабілі. Вазіў іх кіроўца НАК Віталь Бірын, [*] які пазней перайшоў працаваць спачатку ў «БТС Глобал», затым у Tres International.

Нам удалося знайсці ўскосную сувязь паміж апісанымі ў гэтым раздзеле людзьмі з яшчэ адным з удзельнікаў аперацыі па выкраданні Котава — расейцам Юрыем Галаванавым. У 2015-2016 гадах ён мінімум раз на два месяцы пераводзіў ад $600 да $1000 калегу кіроўцы Бірына.

Гаворка пра спецназаўца з Менску Віталя Кугана.

Ён праходзіў службу ў Расеі ў падраздзяленні спецыяльнага прызначэння «Русь» і неаднаразова бываў у камандзіроўках у Чачэніі. Напачатку 2000-х Куган служыў у Беларусі камандзірам роты спецназу часткі 3214 (там жа працаваў Дзмітрый Паўлічэнка, якога медыі звязвалі з забойствам беларускіх апазіцыянераў у 90-х). Затым выкладаў у цэнтры спецыяльнай падрыхтоўкі «Дынама», дзе трэнуюць спецназ. Падчас гэтай працы, у 2012 годзе, ён павінен быў навучаць гвардыю султана Амана выкарыстанню абсталявання, якое падпадае пад экспартны кантроль. Гэтае абсталяванне Аману прадаў ЗАТ «Белтэхэкспарт» — найбуйнейшы на той момант беларускі экспарцёр узбраенняў. У іншым кантракце — з Міністэрствам абароны Іраку ў 2014 годзе — «Белтэхэкспарт» выкарыстаў дзеля атрымання плацяжоў свайго фінансавага агента — кіпрскую кампанію Nord Group. У яе беларускае прадстаўніцтва Куган перайшоў працаваць у 2016-м. Там жа працаваў кіроўца Віталь Бірын, які вёз Анатоля Котава і жонку Юрыя Серых у Літву.

Кадравік-аператыўнік

Некаторыя факты, якія ўдалося знайсці БРЦ, сведчаць пра тое, што Галаванаў меў ці мае дачыненне да спецслужбаў. Напрыклад, да 2015 года расеец насіў прозвішча Цкірыя — пад ім ён адпраўляў грошы яшчэ аднаму беларусу, які фігуруе на сайце «Міратворац» як найміт ПВК «Вагнэр».

Таксама Галаванаў, верагодна, мае дачыненне да спробы «дзяржаўнага перавароту» 2023 года ў Кыргызстане. На кадрах затрымання падазраваных, якія паказалі мясцовыя спецслужбы, бачная візітоўка расейскага неанацыста Сяргея Вайцінскага. Ён сапраўды прыляцеў у Бішкек за некалькі тыдняў да меркаванай пробы гвалтоўнага захопу ўлады. Той жа чалавек, які набываў яму авіяквіток, адначасова аформіў браніраванне і на імя Галаванава.

Як мінімум у 2024-м Галаванаў працаваў у пецярбургскай кампаніі «Балтийская звезда». На сайце яе дзейнасць апісана як «арганізацыя працы транспартавай службы для мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады, кіраўнікоў найбуйнейшых міжнародных і нацыянальных карпарацыяў». У падрабязным пераліку паслугаў значыцца, у прыватнасці, арганізацыя картэжаў з аховай. Галаванаў адказваў там за падбор персаналу. Наўпроставых доказаў, што ён калі-небудзь працаваў у спецслужбах, мы не знайшлі.

А вось у старэйшага з расейцаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, — 57-гадовага Пятра Грыба — прасочваюцца значна больш відавочныя сувязі як з сілавымі структурамі, так і з беларускімі гандлярамі зброяй.

Сапраўдны сілавік

Афіцыйнае месца працы Грыба на момант правядзення аперацыі і публікацыі гэтага расследавання — начальнік службы бяспекі Вялікай лядовай арэны ў Сочы. У 2004 годзе ён стаў камандзірам вайсковай часткі 3219 унутраных войскаў МУС Расеі, вядомай удзелам у баявых дзеяннях на Паўночным Каўказе. Пазней Грыб супрацоўнічаў з шэрагам прыватных ахоўных прадпрыемстваў і асабіста дастаўляў гуманітарную дапамогу расейскім вайскоўцам ва Украіне.

Грыб — дырэктар сэрвіснага выпрабавальнага цэнтру «Циклон». Першым яго дырэктарам быў Аляксей Буднеў — прэзідэнт расейскага клуба ветэранаў спецыяльнай разведкі ваенна-марскога флоту. Менавіта Буднеў арганізуе ў Расеі спартова-патрыятычную акцыю «Тропа мужества». Такую ж акцыю, з тым жа лагатыпам, праводзіла ў Беларусі спартовае аб'яднанне «Адраджэнне». [*]

То бок беларус Пузікаў і двое расейцаў Галаванаў і Грыб, якія арганізавалі паездку, падчас якой Котава перадалі расейскім сілавікам, так ці іначай звязаныя з ветэранамі беларускага КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтру. Адзіная ўдзельніца аперацыі, сувязь якой з гэтымі арганізацыямі мы пакуль не змаглі пацвердзіць, — гэта жанчына, якая паднялася на яхту ў Трабзоне разам з беларускім палітыкам.

Каханне і грошы

У размове з журналістамі чацвёртая пасажырка яхты Shells Кахіра Эйналава заявіла, што з Анатолем Котавым яе звязвалі рамантычныя стасункі. У распараджэнні рэдакцыі таксама ёсць іх перапіска і фотаздымак 2023 года, на якой Котаў прыабдымае Эйналаву. То бок яны былі знаёмыя задоўга да падзеяў жніўня 2025 года.

Анатоль Котаў — злева, Кахіра Эйналава — з правага боку
Крыніца: крыніца БРЦ. Анатоль Котаў — злева, Кахіра Эйналава — з правага боку

Эйналава сцвярджае, што Котаў пазычыў у яе €5000. Мы не можам пацвердзіць наяўнасць пазыкі, аднак маем дадзеныя, якія паказваюць на магчымае атрыманне ім грошай незадоўга да паездкі ў Турцыю. 13 жніўня 2025 года — прыкладна за тыдзень да вылету — Котаў звярнуўся да знаёмага бізнесоўцы з ААЭ з незвычайнай просьбай. Ён папрасіў даць дадзеныя эмірацкай банкаўскай карты, патлумачыўшы, што нейкі чалавек унясе наяўныя праз банкамат у Дубаі, а пасля залічэння сродкаў грошы трэба будзе пераслаць яму. Хто менавіта папоўніў рахунак, нам невядома. Аднак нельга выключаць, што гэта магла быць Эйналава: у сваіх сацыяльных сетках яна пакінула водгук аб тым жа аддзяленні банку, дзе былі ўнесеныя наяўныя. [*]

Напярэдадні паездкі Котаў распавядаў сябрам, што выдаткі на важную сустрэчу ў Турцыі пакрые прымаючы бок.

Што менавіта звязвала Котава і Эйналаву, да канца не зразумела. Мы ведаем, што Котаў неаднаразова спрабаваў знайсці сябе ў бізнесе, хоць адзін з ягоных партнёраў сцвярджае, што ў выніку страціў усе свае ашчаджэнні. Пасля паездкі ў Дубай летам 2023 года Котаў пачаў распавядаць знаёмым пра сувязі з уплывовымі людзьмі ў ААЭ. Аднаму з сяброў ён казаў, што яму прапанавалі стаць дарадцам прынца. Менавіта пасля гэтай паездкі мы фіксуем ягонае знаёмства з Эйналавай. Хоць яна валодае расейскай мовай, перапіску яны вялі на ангельскай. У адным з паведамленняў Эйналава распавядае Котаву, што ягоным праектам зацікавіўся азербайджанскі магнат Анар Мамедаў.

У той жа перыяд Котаў абмяркоўваў з менскім IT-бізнесоўцам іншы патэнцыйны праект. Той распавядаў яму пра расейцаў, якія плануюць выводзіць у ААЭ і Бахрэйн прыбыткі ад азартных гульняў. Іх перапіска працягвалася як мінімум да канца 2024 года. Апроч таго, вядома, што ў красавіку 2025 года Котаў зноў прылятаў у Дубай. Пасля сустрэчы з адным са сваіх знаёмых ён адправіўся яшчэ на адну, але не паведаміў, з кім менавіта. Не выключана, што з кімсьці з будучых пасажыраў яхты Shells, на якой яго пасля даставілі ў рукі супрацоўнікаў ФСБ.

Адно судна, дзве назвы, ікс уладальнікаў

На момант аперацыі яхта Shells належала брытанскай кампаніі MGA Yachting LTD. [*] Яе бенефіцыярным уладальнікам да 2022 года быў грамадзянін Турцыі Тайгар Едыгёз (Yedigöz Toygar). [*] Як мінімум у 2023-м ён уваходзіў у раду дырэктараў турэцкай Fix Defence Defense Industry Inc., якая працуе для ВПК. [*] Гэтая кампанія распрацоўвала бронекамізэлькі і беспілотнікі — гэтак жа, як і беларуская «БТС Глобал».

Мы знайшлі яшчэ некалькі сувязяў судна з турэцкім вытворцам зброі. Адзін з капітанаў яхты Shells пазначыў у LinkedIn месцам працы менавіта Fix Defence. Таксама і з кампаніяй, і з яхтай звязаныя муж і жонка Хейдаравы: муж Эмін уваходзіў у раду дырэктараў Fix Defence, да жонкі Сабіны ў 2022-м перайшло валоданне MGA Yachting, на якую падчас правядзення аперацыі была аформленая яхта Shells. [*] Таксама Эмін Хейдараў (азербайджанец, як і Кахіра Эйналава) неаднаразова лётаў у Беларусь. Мы датэлефанаваліся да яго: бізнесовец адмовіўся абмяркоўваць сутнасць справы і не выказаў цікавасці да знікнення Котава. Сабіна Хейдарава, пачуўшы нашыя пытанні, кінула слухаўку.

Праз паўгода пасля знікнення Анатоля Котава яхту прадалі кампаніі, зарэгістраванай на Маршалавых выспах, якая не раскрывае сваіх канчатковых уладальнікаў. Крыніца з кола яхтавых брокераў паведаміла БРЦ, што ранейшы ўласнік прадаў судна свайму сябру. Мы можам выказаць здагадку, каму менавіта.

Пасля продажу лодку перайменавалі. Новая назва — YS Legacy. [*] У сакавіку 2026-га заяву на рэгістрацыю аднайменнага таварнага знака падала беларуская кампанія «БТС Глобал». [*] Лацінскія літары YS у назве яхты і беларускага брэнду супадаюць з ініцыяламі ў пашпарце Юрыя Серых. Сувязь з Серых прасочваецца і ў карпаратыўных дакументах: кампанія Legacy Properties Ltd, якая ў лютым 2019 года перадала яму права ўласнасці на адзін з актываў, была зарэгістраваная на Маршалавых выспах па тым жа адрасе, што і новыя ўладальнікі яхты YS Legacy (у мінулым — Shells). [*]

Следства нават не пачыналася

Падчас расследавання нам удалося высветліць, што да знікнення Анатоля Котава так ці іначай датычныя чатыры чалавекі: беларус Юрый Пузікаў, расейцы Юрый Галаванаў і Пётр Грыб, грамадзянка Іярданіі Кахіра Эйналава. Яны дапамаглі арганізаваць і ўзялі ўдзел у паездцы, падчас якой беларускага палітыка захапілі супрацоўнікі ФСБ. Пры гэтым афіцыйна — у адказах на запыты — пенітэнцыярныя і праваахоўныя органы Расеі і Беларусі сцвярджаюць, што яго не затрымлівалі і што ён не знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.

Мы таксама звярнуліся па каментары да фігурантаў расследавання і іншых згаданых у артыкуле асобаў і кампаніяў. Кахіра Эйналава заявіла, што не зразумела нашых пытанняў, і прыгразіла прыняць прававыя захады, калі мы працягнем яе турбаваць. Юрый Галаванаў прачытаў паведамленне журналіста ў Telegram, але не адказаў. Іншых адказаў на момант публікацыі мы не атрымалі.

Большасць фігурантаў гэтага расследавання так ці іначай звязаныя з сеткай гандлю зброяй, падкантрольнай беларускаму ветэрану спецслужбаў Юрыю Серых.

У верасні 2025 года польская пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце пазбаўлення Котава волі. Наколькі нам вядома, цягам дзесяці месяцаў пасля ягонага знікнення польская паліцыя і спецслужбы не вялі актыўных дзеянняў — не дапыталі нікога са сваякоў ці знаёмых зніклага апазіцыянера, па месцы жыхарства і працы не праводзіўся агляд ягоных рэчаў і электронных прыладаў. Польская нацыянальная пракуратура адказала нам, што не расследуе знікненне Котава. Пры гэтым падставы для гэтага ёсць, кажа ў каментары БРЦ юрыст Алесь Міхалевіч:

«Тое, што ён не грамадзянін Польшчы, які знік на тэрыторыі трэцяй краіны, абсалютна спакойна пераадольваецца тым, што злачынства, звязанае з ягоным знікненнем, пачалося на тэрыторыі Польшчы, ... што гэта злачынства звязана з катаваннямі. <...> Мы сабе ўяўляем, што ён ехаў, выязджаў з Турцыі ў трохі бесчалавечных умовах».

18 чэрвеня 2026 года, у дзень выхаду гэтага расследавання, Анатолю Котаву спаўняецца 46 гадоў. Ягоныя блізкія і сябры дагэтуль не ведаюць, ці жывы ён і, калі так, дзе знаходзіцца.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць