Як інфляцыя адбіваецца на лядоўні беларусаў

Новае

Як інфляцыя адбіваецца на лядоўні беларусаў

Рост цэнаў у Беларусі б’е рэкорды апошніх дзесяці гадоў. Але з экранаў тэлевізараў нас супакойваюць, што ў суседніх краінах сітуацыя яшчэ горшая. Маўляў, краіны Захаду на мяжы голаду і самі зайздросцяць цэнам на прадукты ў Беларусі і Расеі.

Мы прайшліся па крамах Беларусі, Расеі, Літвы, Украіны і Польшчы – і праверылі гэтае сцвярджэнне. Аказалася, што толькі адна краіна сапраўды можа зайздросціць Беларусі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя беларуская сям’я траціць на ежу крыху больш за 500 рублёў. Год таму хапала 462 рублёў. То бок нашыя траты падраслі ўсяго толькі рублёў на 40. Гэта паводле афіцыйных дадзеных. Паводле ж неафіцыйных – рост значна больш адчувальны. Ганне Іванаўне толькі 60 гадоў, яна ўсё жыццё працавала выхавальніцай і 2 гады таму пайшла на пенсію. Цяпер жыве на 600 рублёў за месяц і кажа, што не можа набыць нават каўбасы.

Ганна Іванаўна, пенсіянерка: «Як можа пенсіянер купіць кавалак свініны? Я не ведаю, як можна купіць. Як можна купіць рыбу, якая добрая рыба. Гэта можна купіць? Не. Садавіну можна ўжо дазволіць сабе купіць, напрыклад, яблыкі. Капуста цяпер да 4 рублёў хутка дойдзе. Гэта свежую нейкую з Казахстану. Бульбу, трошкі, праўда, цяпер упалі цэны на бульбу. Цыбуля. Ну вось усё! Так, ты купіш па некалькі штук бульбін, цыбулі, морквы. Усё – 10 рублёў! Больш няма чаго. Каўбасу там нейкую добрую можна дазволіць? Я яе ўжо даўно не купляю, таму што гэта нават не звязана з гэтай цаной, гэта нерэальна»

За гэты год цэны выраслі на 18%. Растуць яны і ў іншых краінах. У Эстоніі і Расеі, напрыклад, інфляцыя яшчэ большая – пад 20%. Таму дзяржаўныя СМІ Беларусі сцвярджаюць, што палякі і літоўцы едуць да нас па танную ежу. Каб спраўдзіць, дзе насамрэч танней харчавацца, мы зладзілі эксперымент. Нашыя карэспандэнты пайшлі ў крамы і закупілі адзін і той жа набор прадуктаў у Беларусі і ў суседніх краінах – Літве, Украіне , Расеі, Польшчы.

Закуп ў Польшчы: «Бяром хлеб, жытне-пшанічны, нарэзаны, 500 грамаў, ён каштуе 2 злотыя 99 грошаў (0,63$). Малако ў пластыкавай бутэльцы 3,2% тлустасці, адзін літр, каштуе 3 злотыя 9 грошаў (0,65$). Усе яблыкі тут каштуюць 3 злотыя 29 грошаў (0,69$), іх мы таксама возьмем. Памідоры, звычайныя, каштуюць 5 злотых 45 грошаў (1,15$). З мяса мы ўзялі свіную лапатку, 1 кілаграм, гэта каштавала нам 16 злотых 25 грошаў(3,43$)»

У Беларусі, як высветлілася, свініна каштуе даражэй, а памідоры, наадварот, танней, чым у Польшчы.

Закуп ў Беларусі: «Амаль кілаграм тамату. Цана, адпаведна, 69 капеек (0,27$). Свіная лапатка, таксама кілаграм. Ну, тут цану відаць: 12,35 (4,89$). Далей, бульба маладая. Таксама амаль кілаграм. Бульба ў нас 86 капеек (0,34$ ). Шакаладка «Мілка». Такая вось шакаладка 85 грамаў, яна ў нас 3,99 (1,58$)»

Соль, цукар, бананы і маладая бульба што ў Польшчы, што ў Беларусі каштуюць аднолькава. Яйкі і мука таннейшыя ў Беларусі, а вось малако і, што нас здзівіла, пітная негазаваная вада – таннейшыя ў палякаў. Вада – нават у два разы. Ва Украіну можна ездзіць па алей, хлеб, муку і яйкі.

Закуп ва Украіне:

«Едзем далей. Цяпер нам патрэбен дзясятак яек, катэгорыя С1, яйкі курыныя нам падыходзяць (0,93$). Сыр Гаўда, 150 грамаў, наразны, па акцыі 45,90, гэта 1,24$. Кілаграм мукі нам абыходзіцца ў 17.40 (0,47$). І літр сланечнікавага алею 65,10 (1,76$)»

У Літве даражэйшыя яйкі, алей, мука, малако, але цукар, спагеці, кава, яблыкі таннейшыя, а шакаладка «Мілка» нават удвая. Пры гэтым у Літве яна важыць 100 грамаў, а ў Расеі і Беларусі па 85. Крыху таннейшай атрымалася свініна.

А вось у Расею можна ездзіць хіба што па бананы ды алей. Усё астатняе там даражэйшае.

Вось што ў нас атрымалася. Самыя выгадныя цэны на прадукты мы пазначылі жоўтым, самыя высокія – ружовым. Так выразна відаць, дзе які ўзровень цэнаў. 

Больш за ўсё за кошык базавых прадуктаў аддадуць грамадзяне Расеі – амаль 55$. Гэта краіна сталася лідарам у дарагоўлі. На сыр, малако, мяса – цэны большыя ажно ў два разы за польскія аналагі. 

Недзе побач апынуліся Беларусь, Украіна і Літва. У кожнай нешта даражэйшае, нешта таннеййшае, але цалкам кошык прадуктаў пацягнуў тут на 38$–40$.

У Польшчы шмат якія прадукты аказаліся найтаннейшымі. Агулам яны каштавалі нам 33,6$. Гэта на 40% танней, чым у Расеі. І на 18% танней, чым у Беларусі. 

Пры падліках цэнаў варта ўлічваць сярэднія заробкі ў краінах. Мы супаставілі гэтыя лічбы ў Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіне, Літве з коштам кошыка і падлічылі, колькі разоў на гэты заробак можна запоўніць лядоўню. І вось што атрымалася.

У Беларусі на сярэдні заробак, які работнік атрымлівае на рукі пасля сплаты ўсіх падаткаў і ўнескаў, можна купіць 13 набораў, у Польшчы і Літве – 28. 

У Расеі, атрымаецца закупіцца выбранымі таварамі 17 разоў, ва Украіне – усяго 7 разоў. Паводле сваёй спажывецкай здольнасці беларусы не саступілі толькі Украіне. А ехаць да нас на закупы цікава хіба толькі расейцам. Гэта пацвярджае Дзмітрый Крук, эканаміст, навуковы працаўнік Цэнтру BEROC :

«Калі растуць кошты ў Расеі і адпаведныя тавары нават з істотна меншымі выдаткамі вырабляюцца ў Беларусі, то экспарцёрам, адпаведна, выгадна іх пастаўляць у Расею ў параўнанні з беларускім рынкам. Гэта такі абсалютна натуральны механізм выраўноўвання коштаў у рамках адзінай эканамічнай прасторы. У прынцыпе, гэта мы зараз і назіраем. Гэта значыць цэны на прадукты харчавання выраслі ва ўсім свеце. А ў Расеі гэты шок адчувальны ў значна большай ступені, чым у нас»

Другая прычына - у абарачэнні з’явілася шмат лішніх грошай, а гэта разганяе інфляцыю. Пра гэта нам распавёў Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду»:

«Зараз адбываецца працэс друку грошай, на сённяшні дзень ёсць вялікі лішак рублёвай ліквіднасці ў беларускіх банках. Гэта вельмі добра відаць па дэпазітным аўкцыёне, калі банкі, уласна кажучы, не ведаюць куды прыбудаваць тую валюту, якая ў іх ёсць»

І трэцяя прычына – даражэе імпарт. Здавалася б, свае прадукты мы вырошчваем на сваёй зямлі і на іх імпарт не ўплывае. Але гэта не так.

Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду»: 

«Напрыклад, для таго, каб правесці які-небудзь трактар або аўтобус МАЗ, ці не ведаю, вырасціць курыцу, трэба імпартаваць шмат усяго, ад металаў, нафты і газу, заканчваючы кармамі, камбікармамі, нейкімі харчовымі дадаткамі, антыбіётыкамі для жывёлы і птушкі»

Паводле дзяржаўнай статыстыкі, менавіта прадукцыя вясковай гаспадаркі больш за ўсё «разганяе» цэны ў нашай краіне. За год аграрныя прадукты падаражэлі на чвэрць. Мацней за ўсё падняліся цэны на бульбу і пшаніцу – у паўтара разу, на малако – на чвэрць. Эксперт agrolive.by мяркуе, што тут грае ролю кепскія ўраджаі:

«Так, стала больш такіх выпадкаў. І справа не столькі ў тым, што ўсе яны звязаныя з чыста злачыннымі намерамі. Многія кіраўнікі аграрных прадпрыемстваў ідуць на гэткія крокі ад безвыходнасці, у спадзеве хоць неяк зарабіць, выкруціцца, пакуль яшчэ можна. Думаецца, многія прадчуваюць, што стане яшчэ горш»

З іншага боку, нашыя суразмоўцы не адмаўляюць магчымасці, што за гэтым можа стаяць пошук скрайніх. Бо сістэмныя праблемы, назапашаныя за доўгія гады ў вясковай гаспадарцы, сталі ўсё актыўней вылівацца на паверхню. Магчыма, што злоўжыванні і былі. Аднак гэта толькі сімптомы вялікае хваробы. Пра гэта нам распавёў Дзмітрый Крук, эканаміст, навуковы працаўнік Цэнтру BEROC :

«Яшчэ з канца 90-ых у нас атрымалася, часам эканамісты называюць гэтую мадэль нажніцы цэн, што ў сельскай гаспадарцы цэны прыніжаліся для таго, каб цэны на іх прадукцыю былі больш нізкімі. Гэта з аднаго боку давала перавагу вытворцам канчатковых харчовых тавараў. Гэта значыць, калі сырое малако, мяса, яны могуць закупляць і далей перапрацоўваць у смятану, сыры або ў каўбасы, нейкія мясцовыя прадукты. Узмацняецца канкурэнтаздольнасць вытворцы ў коштах. Перш за ўсё на расейскі рынак. І, па сутнасці, можна сказаць, што вяршкі, якія здымаюцца за кошт экспарту прадуктаў харчавання, частка гэтых вяршкоў потым у выглядзе субсідыяў і датацыяў ідзе ў сельскую гаспадарку. Гэта значыць, калі нейкая галіна датацыйная, і калі вы разумееце, што можаце неяк у сваіх інтарэсах гуляцца гэтымі стратамі, гэтымі фінансавымі патокамі, гэта стварае вельмі добрую глебу для злоўжыванняў. Фактычна можна сказаць, што сваімі рукамі стварылі гэтую глебу»

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка часта гаворыць, што надыходзіць голад. І супакойвае беларусаў, што, у адрозненне ад Еўразвязу, ім будзе што есці. І эксперты пагаджаюцца, што ў нас высокі ўзровень забеспячэння малаком, мясам, цукрам, курынымі яйкамі. У Індэксе прадуктовай бяспекі краінаў свету Беларусь займае 36  месца. Някепскі паказнік, аднак горшы, чым у Расеі ды многіх еўрапейскіх суседзяў. Дый недахоп некаторых прадуктаў можа ўсё ж паўставаць. Эксперт agrolive.by лічыць, што праблемы могуць узнікаць на ўсіх напрамках:

«Праблемы могуць узнікаць абсалютна на ўсіх напрамках, але асабліва ўразлівымі стануць тыя сегменты, дзе сумнеўнае гарантаванне харчовай бяспекі, напрыклад, агароднінна-пладовая прадукцыя»

Сёлета беларускія аграрыі сабралі менш агародніны з адкрытага грунту. Там ураджайнасць упала з 61 ц/га да 50. А ўраджайнасць збожжавых вырасла, намалацілі 10 мільёнаў тон. Аднак нават гэтага для Беларусі мала. Лічыць эксперт agrolive.by:

«Бо нават пры намалоце 10 млн тонаў (без кукурузы) Беларусь аграрная ўжо пад новы год пачынае адчуваць дэфіцыт кармавога збожжа. Мноства птушкафабрыкаў, свінакомплексаў таму прычынаю. Збожжа не стае ўжо з зімы, што і пацвердзіў ускосна А. Лукашэнка, калі прагаварыўся, што папрасіў у Пуціна дадатковыя пастаўкі»

З гэтага года Саўмін увёў так званую забарону на імпарт тавараў з «несяброўскіх краінаў» – тых, што падтрымалі санкцыі супраць Беларусі. Забаронена імпартаваць мяса, малочную прадукцыю, гародніну, садавіну, арэхі, кандытарскія вырабы, соль. Але гэты спіс ужо пераглядалі тройчы. Увесну ўрад падумаў і вывеў з-пад абмежаванняў яблыкі, грушы, баклажаны, салодкі перац, салат-латук і зеляніну. Улетку рэабілітавалі ягады і садавіну. З верасня беларусам вярнулі варожыя сельдэрэй і ківі. Дзмітрый Крук не выключае, што гэткім чынам з-пад эмбарга паступова выведуць усё, што туды трапіла:

«Можна вельмі доўга біць сябе ў грудзі і лічыць імпарт галоўным ворагам. Нават калі гэта проста спажывецкі імпарт, ён яшчэ вельмі важны тым, што ён карыстаецца попытам. Гэта значыць, калі б ён не карыстаўся попытам - у краіну б ён не ішоў. Значыць, ён альбо лепш па якасці, альбо па цане. Але, хутчэй за ўсё, суадносіны цана/якасць – аптымальны. І калі на фоне спаду рэальных даходаў хатнія гаспадаркі бяднеюць, а ў іх яшчэ звужаецца спажывецкі выбар, гэта значыць яны вымушаныя купляць больш горшыя тавары за вялікі кошт, гэта будзе выклікаць усё большую незадаволенасць. І праблема асартыменту яна таксама па апытаннях хатніх гаспадарак, мы можам бачыць, што праблема звужэння спажывецкага выбару яна таксама адна з ключавых»

Што будзе з цэнамі далей? Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўжо ў сярэдзіне лета ўсіх супакоіў і сказаў, што ніякіх падставаў для далейшай інфляцыі ён не бачыць. Будзем ашчаджаць на ўпакоўцы, паляпшаць арганізацыю працы, эканоміць энергарэсурсы і запускаць эрганамічнае абсталяванне. Так гучыць план віцебскіх чыноўнікаў для барацьбы з ростам цэнаў. І не выключана, што Галоўчанка можа мець рацыю. Бо глабальныя цэны, што ўплывалі на беларускія, ужо стабілізаваліся. Гэта мы абмеркавалі з Дзмітрыем Крукам:

«Тут мы бачым апошнія перыяды, апошнія некалькі месяцаў, пэўную стабілізацыю, а па асобных харчовых таварах нават зніжэнне. Вось калі новага ўплыву вайны ва Украіне на дынаміку харчовых коштаў, узмацнення вось гэтага негатыўнага ўплыву не адбудзецца, то ў прынцыпе, мы можам сказаць наступнае. Калі ўнутры краіны, з Нацбанкам не будзе нейкіх мер прынята, каб інфляцыя разганялася, гэта між іншым таксама адбываецца, то ў прынцыпе пры аднолькавых умовах, цэны пасля гэтага б стабілізаваліся»

Аднак прагназуе ён гэтую стабілізацыю не раней чым праз паўгода. А пакуль Беларусь мусіць адаптавацца да новых умоваў, да тых эканамічных шокаў, што ўжо адбыліся. А гэта значыць далейшы рост цэнаў. Эканаміст тлумачыць, што захоўваецца значная розніца ў цэнах паміж Расеяй і Беларуссю. Гэта пацвердзіў і наш эксперымент. І цэны будуць падвышацца, пакуль інфляцыя не скароціцца. Дзмітрый Крук кажа, што трэба глядзець на суадносіны коштаў з Расеяй: 

«Я б заклікаў у рамках гэтага пытання глядзець на суадносіны коштаў з Расеяй. І пакуль па стане, там ёсць парывы ва ўзроўні коштаў, асабліва на харчовыя тавары, яны былі яшчэ досыць значныя. Дзесьці расейскі ўзровень коштаў там перавышаў беларускі, ад 25% да, па некаторых пазіцыях, двухразовага павелічэння. Гэта значыць на 200%, 2 разы. І адпаведна, гэты патэнцыял яшчэ ёсць»

А эканаміст Уладзімір Кавалкін нагадвае яшчэ пра адну прычыну, чаму цэны растуць. 

«Мяркую, што цэны будуць расці. Мяркую па тым, як павялічваецца рублёвая маса. Нацбанк яе павялічвае і ўрад павялічвае рублёвую масу рознымі спосабамі, гэта не прамое друкаванае грошай, гэта ў асноўным выпуск аблігацый банку развіцця для пераафармлення крэдытаў, для ўлівання грошай у дзяржпрадпрыемства і гэтак далей. Гэта значыць вось уласна кажучы на сённяшні дзень гэта адзін з важных крыніц такіх інфляцый»

Праз паўгода мы зноў правядзём свой эксперымент, каб даведацца, як змяняюцца цэны на харчы ў Беларусі і ў суседніх краінах. А заадно праверым, ці збыліся прагнозы нашых экспертаў.