У Беларусі ўскосна знаёмыя з удзельнікамі Форума па рэпартажах на беларускім дзяржТБ, у якіх апісвалі прыбыццё нейкіх блогераў з Літвы і іх захопленыя водгукі аб узроўні жыцця ў Беларусі

13 студзеня 2023 года ў Вільні адбылося чарговае судовае паседжанне па справе аб закрыцці асацыяцыі «Міжнародны форум добрасуседства». Іск падала Генеральная пракуратура Літвы, якая лічыць дзейнасць арганізацыі антыдзяржаўнай. У Беларусі ўскосна знаёмыя з удзельнікамі Форума па рэпартажах на беларускім дзяржТБ, у якіх апісвалі прыбыццё нейкіх блогераў з Літвы і іх захопленыя водгукі аб узроўні жыцця ў Беларусі.

Сяброўства з Расеяй і Беларуссю, мітынгі за «традыцыйныя каштоўнасці», супраць усеагульнай вакцынацыі, ЛГБТ і сусветнай змовы – вось асноўныя напрамкі работы арганізацыі «Фонд добрасуседства». Яе стварыў літоўскі палітычны дзеяч Альгірдас Палецкіс. У ліпені 2021 года яго асудзілі за шпіянаж на карысць РФ.

Кіраўніка асацыяцыі Эрыку Швянчэнене ў студзені 2022 года прымалі ў Менску на самым высокім узроўні ў якасці «кіраўніка дэлегацыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці» Літвы.

«Так хочацца ўсё вярнуць. Ваша краіна заўсёды была для нас добрай суседкай. Шкада, што так здарылася. Таму мы вырашылі, што мы, – народ, маем права прыехаць да вас і сказаць сваё меркаванне. Мы за тое, каб усім было добра, каб жыць дружалюбна. [...] У нас ужо і медыцына толькі напалову дзяржаўная, і асвета... Вы павінны паглядзець на памылкі, якія зрабіў наш народ. Прашу вас, каб вы павучыліся на нашых памылках і захавалі сваю прыгожую дзяржаву», – так Швянчэнене тады пракаментавала свой візіт.

Дзяржаўныя СМІ падрабязна асвятлялі візіт дэлегацыі з Літвы. Яе ўдзельнікі, у сваю чаргу, з захапленнем расказвалі пра тое, як добра жывецца ў Беларусі. Мы паразмаўлялі з удзельнікамі гэтай дэлегацыі і падрабязна разбіралі гэты візіт у нашым матэрыяле.

Аналітык Сяргей Чалы лічыць, што падобныя візіты – даніна старой ідэалогіі, калі яшчэ ў часы СССР спасылаліся на пахвальбы замежных грамадзян савецкаму ладу. «Гэты «плэйбук» абсалютна позняга брэжнеўскага часу, гэта сведчыць аб тым, што ніякіх іншых ідэй не засталося», – лічыць Сяргей Чалы.

Пры гэтым аналітык сумняваецца ў мэтазгоднасці такіх мерапрыемстваў.

«Не, гэта ніколі не працавала. Таму што, гэта дзясяткі, максімум сотні (візітаў) у год. І вядома, жа яны не перабʼюць таго, што паведамляецца ў СМІ. [...] Я так разумею папросту задача была пастаўленая, – трэба неяк адбельваць рэжым на міжнароднай арэне. Паколькі «макееўскія» ініцыятывы аказаліся бясплоднымі, прыйшлі вось да такіх ідэй», – сказаў Сяргей Чалы.

Ужо пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, Эрыка Швянчэнене выказвала сваю падтрымку дзеянням Расеі. Так, у інтэрвʼю Салаўёў.LIVE, яна паведаміла, што: «З рускім светам мы былі звязаны шмат гадоў і вялікай дзяржавай СССР. Прыбалтыка і Літва была візітнай карткай гэтай дзяржавы». Таксама яна агучыла большасць тэзісаў, якія распаўсюджвае расейская прапаганда: ад таго, што Літва знаходзіцца 30 гадоў у дзікім капіталізме да таго, што народу нібыта навязваюць «заходнія каштоўнасці». Тады Швянчэнене заявіла, што яны плануюць стварэнне партыі.

«Мы разумеем, што ўся гэтая капіталістычная мярзота яна не падыходзіць для таго, каб чалавецтва існавала нармальна, каб яно нармальна развівалася. [...] Вы не можаце доўга быць у канфлікце з Украінай, вы павінны, як мага хутчэй, перамагчы, таму што ваша перамога – гэта наша агульная перамога», – паведаміла Швянчэнене.

Наступнае судовае паседжанне па справе аб закрыцці асацыяцыі «Міжнародны форум добрасуседства» адбудзецца 2 лютага.

Іншыя Навіны