Эканоміка з Чалым

12 верасня

Навошта беларусы спадзяюцца на большага дурня, купляючы нерухомасць, і чаму даводзіцца штучна прышпорваць эканоміку

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі ганебныя заробкі і рост даверу да беларускага рубля.

Даходы беларусаў растуць рэкорднымі тэмпамі, квітнее спажывецкае крэдытаванне, але хуткасць абарачэння грошай зніжаецца. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі з гутаркі.
Змест
01:08 Даходы насельніцтва растуць
02:30 Беларусы пабілі рэкорд крэдытавання
04:10 Так ці ёсць перагрэў?
08:00 «З вонкавым попытам усё дрэнна»
08:47 Зберажэнні беларусаў
12:00 Што будзе з коштамі на жыллё?
12:40 Сучасная палітэканомія
18:00 Ці зможа Расея канкураваць?

У Беларусі высокімі тэмпамі растуць ганебныя заробкі

«Рэальны заробак на 15,4% вырас у ліпені 2024. <...> Было 11% год да года, стала 15%. Самы высокі тэмп росту з кастрычніка 2023 года. Гэта ўсё прыгожа выглядае, але калі параўноўваць не тэмпы, а сапраўдныя заробкі ў якім-небудзь доларавым выражэнні, то ў ЕАЭС, які асвятляе Еўразійскі банк, мы знаходзімся на перадапошнім месцы па ўзроўні сярэдніх заробкаў. 

Толькі Кыргызстан горш за нас выглядае. Арменія ўжо некалькі месяцаў, як апярэджвае Беларусь. Што зусім ганебна. Ні электраэнергетыкі, ні нафты, ні газу, нічога свайго няма. Ну і не магу не адзначыць тое, што ў доларах заробкі ў Беларусі складаюць $666». 

Грошы абарочваюцца павольней, але іх працягваюць друкаваць

«Што на самой справе азначае размова пра зніжэнне хуткасці абарачэння грошай? <...> Колькасць грошай расце хутчэй, чым колькасць так званай таварнай масы.

Гэта значыць, груба кажучы, ВУП расце ў вас менш, чым колькасць грошай у эканоміцы. 

Гэта сапраўды звязана з тым, што запавольваецца хуткасць абарачэння грошай. Але гэта не таму, што хтосьці паўплываў на хуткасць абарачэння грошай. Гэта проста вылічаны параметр. А феноменам з'яўляецца тое, што вы грошы працягваеце друкаваць, а аддача паступова адбываецца змяншальнай».

Аб зламанай эканоміцы і нізкім патэнцыяле росту

«Калі ў цябе ўтвараецца страчанае дзесяцігоддзе, а не адзін бурны рост пасля моцнага спаду, то гэта наводзіць на думку, што нешта ў вашай беларускай эканамічнай унікальнай мадэлі, якая расла тэмпамі па 7%, 8%, 9% у папярэднія дзесяцігоддзі, зламалася. Мы ведаем, што 2012 год, 2011 год — крах гэтай унікальнай беларускай эканамічнай мадэлі, якая сапраўды вялікіх тэмпаў эканамічнага росту не генеруе. 

Трэба задацца не пытаннем таго, што гэтыя пара бурных гадоў — гэта добра, а задацца пытаннем, чаму ж у вас 10 гадоў росту не было? І тады адказам будзе не вельмі прыемная выснова, якая складаецца ў тым, што ў вас эканоміка цяпер мае нізкі патэнцыял эканамічнага росту, які і быў паказаны ў папярэднія дзесяцігоддзі. А тое, што адбываецца цяпер, гэта яе штучнае прышпорванне». 

Апошняя стадыя крэдытнага буму і надзеі на большага дурня

«Укладанні ў нерухомасць як інвестыцыйныя інструменты, — не задавальненне сваіх уласных жыллёвых патрэбаў, умоў і іншае. Гэта ўкладанне проста ў метры, у надзеі <...> на тое, што я кватэру, набытую зараз няхай і дорага ў адносным выражэнні, прадам камусьці, хто купіць яшчэ даражэй. То бок тэорыя большага дурня.

Сітуацыя, калі кошт квадратнага метра жытла павінен пастаянна расці, была афіцыйнай палітыкай беларускіх уладаў. Чаму? 

Таму што галоўнымі ўладальнікамі багацця, вось гэтых самых наяўных грошай у замежнай валюце, былі чыноўнікі ў першую чаргу. <...> Ты кіраваў і дзяржзамовай — колькі будаваць, і попытам праз гэты самы аб'ём ільготнага крэдытавання.

Цяпер на рынку будаўніцтва жытла з дзяржпадтрымкай сур'ёзнае прасяданне. Абвінавачваюць у гэтым людзей, якія не прыходзяць па крэдыты. <...> Як такога роду бурбалкі скончваюцца? Пры поўным кіраванні першасным рынкам ёсць другасны рынак, якім улады кіраваць не могуць. У нейкі момант кватэры, якія былі набытыя ў надзеі на новага дурня, раптам перастаюць прадавацца».

Сучасная палітэканомія і геапалітыка — версія Аляксандра Лукашэнкі 

«У яго ўяўленні геапалітыка і эканоміка звязаныя тым, што ідзе барацьба геапалітычная за валоданне тэхналогіямі. Здавалася б, у амерыканцаў грошай больш, яны могуць іх купіць. У нас ніякіх шанцаў няма. І тут ён пачынае казаць пра ядравую зброю, якая стваралася дзякуючы намаганням Савецкага Саюзу. <...> Тэхналогія ядравай зброі была скрадзеная ў Злучаных Штатаў. 

Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што Захад пастаянна крадзе ў нас нейкія тэхналогіі, хоць насамрэч мы іх крадзем. І ўся гісторыя Савецкага Саюзу — гэта крадзеж тэхналогій.

Увогуле вынаходак і ў старой Расеі, і ў нас, і ў савецкія часы было навалам, а вось тэхналогій — не было. І высвятляецца, што Расеі і тагачаснай, і цяперашняй, і Беларусі сённяшняй — ім увесь час хацелася валодаць тэхналогіямі, але не хацелася рабіць тое, што гэтыя тэхналогіі магло вырабляць.

А галоўным стымулам развіцця тэхналогій, які быў заўсёды, — гэта боязь ваеннай паразы. <...> Як гэта ў мяне нічога не атрымліваецца? Гэта ж не таму, што ў мяне ідэі дрэнныя, а таму што ўвесь свет супраць нас. Яны хочуць нас заняволіць. Што яны хочуць заняволіць? Тэхналогіі сэканд-хэнду?»