Эканоміка з Чалым

Учора

Навошта Лукашэнка хоча павольна драць шкуру з навукоўцаў і чаму ў «Пул Першага» пракраліся ворагі

Поспехі айчынных селекцыянераў і новы віток пошукаў нафты ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка пагражае павольна драць шкуру з навукоўцаў. У беларускай сельскай гаспадаркі аб'явіўся новы вораг. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
00:58 Лукашэнка ўзяўся за вымачкі
02:50 Паспяховая гаспадарка
06:28 «Дай лесу новае жыццё»
08:00 Знайсці нафту ў Гомельскай вобласці
11:00 Рынак газу Саюзнай дзяржавы
12:30 Попыт на нерухомасць падае
17:50 Ці выгадна зараз купляць жыллё?

Гнілаж, размандыкванне і вымачкі

«Лукашэнка зноў паехаў, гэтым разам ужо ў "Шклоўскую вобласць" — гістарычная радзіма. Як волат Святагор. І ў яго знайшоўся новы вораг. Да барацьбы з гнілажам і размандыкваннем дадалася барацьба з вясновымі вымачкамі. Але гэтым разам яго прэс-служба вырашыла зрабіць працу над памылкамі і падрабязна растлумачыць, што ж такое гэтыя вясновыя вымачкі і як безадвальная апрацоўка глебы можа вырашыць гэтую праблему. 

Вымачка — гэта маленькія азерцы, якія ўтвараюцца ў паглыбленні глебы, залітыя вадой. То бок ямачка, але толькі мокрая. <...> Аказваецца, гэта сапраўды вельмі важная штука. Калі коратка, то ўсё больш цяжкай стала тэхніка — трактары. І калі яна арэ, то пад раллёй, якая па-ранейшаму на традыцыйнай глыбіні 25-30 сантыметраў, ідзе ўшчыльненне <...> глебы. І вільгаць туды не сыходзіць. Плюс яшчэ праблема з тым, што ёсць жа яшчэ вільгаць — грунтовыя воды паўтара метра. Яны таксама не могуць прабіцца да каранёў раслін. І, адпаведна, ураджайнасць... Вось, калі б не вымачкі, то ў нас ураджайнасць была б 60 цэнтнераў». 

Пра сярэднявечныя метады катаванняў для беларускіх навукоўцаў і кукуруза

«З нагоды навукоўцаў. Там жа <...> у гэтым самым Александрыйскім яны высадзілі шэсць айчынных селекцыйных кукуруз і замежных. І Лукашэнка паехаў іх параўноўваць. Дырэктар Палескага інстытуту раслінаводства, гэта зноў жа ў структуры Акадэміі навук, Леанід Шыманскі пачынае распавядаць, як яны барозняць абшары Вялікага тэатру, што ў нас ураджайнасць практычна падцягнулася да гэтага. 

Там адразу было відаць, што Лукашэнка <...> адстаем, кажа, ад Захаду: "Чаму вы нам не даяце айчынныя высокаўраджайныя добрыя гатункі, такія, як заходнія?”. 

Тут, вядома, ёсць шмат прычын гэтаму. Але ёсць спосаб вырашэння пытання. Гэта тое самае: "Мы з вас, навукоўцаў, пачнем павольна-павольна, па-народнаму кажучы, шкуру драць. Вы павінны даць вынік". Ну, я так мяркую, што яны вынік не давалі менавіта таму, што шкуру з іх не дралі. А як толькі гэтыя сярэднявечныя метады катаванняў будуць ужывацца, то тут жа вынік з'явіцца».

«Новае жыццё» леса і дэбютная ідэя Лукашэнкі

«Ну, і яшчэ адна цікавая плённая дэбютная ідэя Лукашэнкі: падчас паездкі ў Шклоўскі раён ён даў старт рэспубліканскай акцыі "Дай лесу новае жыццё". У чым сэнс? Сэнс у тым, што былі ж ураганы, якія павалілі шмат лесу — буралом, галінкі і ўсе справы. Прычым, мы ж памятаем, што дзесьці тыдзень прыкладна ўлады ігнаравалі тое, што здарылася. Потым прызнавалі, што трэба нешта рабіць. Далі даручэнне, тыпу, прывесці ўсё ў парадак. Але, мабыць, неяк з гэтым даручэннем не склалася. І таму ўзнікла ідэя, як Лукашэнка выказаўся на Дажынках, талакой, як у нас на Беларусі прынята, усё давайце гэта рабіць. 

Мне здаецца, тут нейкая змова адбываецца ці нейкія ворагі пракраліся літаральна ў "Пул Першага". Таму што, калі яны цытавалі Лукашэнку, як гэтая акцыя пачыналася: ""Ну што, таварышы, пачынайце, а я за вамі!" — Першы даў старт акцыі "Дай лесеу новае жыццё"". Таму што "Таварышы, пачынайце, я за вамі" — гэта ж знакамітае "Наперад, арлы, а я за вамі. Я грудзьмі пастаю за вашымі спінамі". І ў гэтым увесь Лукашэнка.

Давайце ўсе за мяне, за дзяржаву. Тое, што яна не змагла справіцца са сваімі абавязкамі, давайце цяпер гэта рабіць будзем усё».

Пра неслужбовыя абавязкі Першага 

«Падчас Дажынак — гэта гарадскі пасёлак Карма — раптам нечакана з'яўляецца такая фраза [У Аляксандра Лукашэнкі]: "Мы дамовіліся з кіраўніком "Роснефти", што мы памацаем сур'ёзна тэрыторыі Гомельскай вобласці і абавязкова знойдзем там нафту. У савецкі час свідравіну прасвідравалі і кінулі. А грошы гэтыя накіруем на развіццё нашай Гомельшчыны". Фраза гэтая загадкавая тым, што з яго ж сайта яна знікла. Там няма нічога пра "Роснефть".

Ну, сорамна, напэўна, таму, што мы дамовіліся з кіраўніком "Роснефти". Мы — гэта ж, відавочна, я. Таму што інакш у нас былі б паведамленні "Лукашэнка даў даручэнне, напрыклад, Міністэрству энергетыкі" або, там, не ведаю, амбасадару, ці яшчэ нешта. То бок, мы дамовіліся. Значыць Лукашэнка патэлефанаваў [кіраўніку рады дырэктараў "Роснефти" Ігару] Сечыну. Для асабістай такой размовы. 

Мы кожны раз бачым за ўсімі аповедамі, што ён займаецца нейкімі звыш важнымі геапалітычнымі пытаннямі міру ва ўсім свеце. А насамрэч ён займаецца тым, што відавочна знаходзіцца ніжэй за ягоныя службовыя абавязкі. То вымачкі-гнілаж, то патэлефанаваць кіраўніку "Роснефти" і дамовіцца. Тое, што, у прынцыпе, павінна вырашацца на ўзроўні профільнага міністра, у лепшым выпадку. А, можа быць, нават і амбасадара ці яшчэ дзесьці».