Эканоміка з Чалым

21 лістапада

Навошта ў палацы карова і чаму Лукашэнка збіраецца шліфаваць краіну бліжэйшую пяцігодку

Абмеркавалі рост базавай інфляцыі, рэгіён з адметнасцю і тых, хто перашкаджае людзям жыць.

Аляксандр Лукашэнка абяцае зноў узяцца за дармаедаў, а тэнісістам, якія разбагацелі, прапануюць унесці ўклад у развіццё дзяржавы. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:15 Інфляцыя
02:20 ВУП запавольваецца
11:40 Дармаедаў знішчым, а багатыя будуць плаціць
18:30 Дынаміка эканамічнага росту членаў ЕАЭС
20:00 План на наступную пяцігодку

Базавая інфляцыя расце, а ВУП падае

«Базавы індэкс спажывецкіх цэн амаль год, з лістапада мінулага года, паступова-паступова расце. У прынцыпе, гэта тое, на што павінен глядзець Нацыянальны банк, калі кажа пра тое, якая інфляцыя манетарная.

І вось яны [базавая інфляцыя, цэны і тарыфы, якія рэгулюе дзяржава] рухаюцца такім чынам, што ўжо нават збліжаюцца адзін з адным. Базавая інфляцыя ў жніўні была 4,8%, верасень — 5,1%, цяпер — 5,3%. У той час як рэгуляваныя кошты і тарыфы: жнівень — 7,4%, цяпер — 5,9%. <...> Тое, чым не можаце [кіраваць], яно ў вас расце і паказвае, што нават пры ўсіх спробах гэтую інфляцыю стрымліваць, яна нікуды не дзяецца.

І, нарэшце, ВУП. Трэці месяц запар запавольваецца. Па ліпені быў топ росту — 5,5%, цяпер ужо 4,2%. Дзе запаволенне адбываецца, гэта таксама добра відаць. Гэта прамвытворчасць. Цяпер яна 6,2%, у мінулы месяц была плюс 6,4%». 

Падзяка працаўнікам вёскі і рэгіён з разыначкай

«Лукашэнка, калі пачаў гастролі па Дажынках, казаў пра што? Што гэта ніяк не звязана з выбарчай кампаніяй. Гэта проста, кажа, я хачу падзякаваць працаўнікам вёскі за зробленую працу. І як ты хваліш? Ты прыязджаеш... І кожнае паведамленне пачынаецца з таго, што... Яны ж усе па адным сцэнары: Лукашэнка адхіліўся ад вызначанага шляху, убачыў безгаспадарлівасць, раздаў усім люлёў. <...>

Гэтым разам упершыню сапраўды паспрабаваў пахваліць, гэта было ў Магілёўскай вобласці. Там шмат было пэрлаў. Ахарактарызаваў кожны рэгіён: Берасцейшчына — гэта любоў да тэхналогіяў. Якіх тэхналогіяў? Аказалася, таму што ў іх самыя высокія надоі. Такія вось тэхналогіі. Віцебшчына — гэта сялянская кемлівасць. Што азначае сялянская кемлівасць? Гэта хваробу ў подзвіг звернем. Бальнасць глебы невысокая, адпаведна і ўраджайнасць, але вось кемлівасць затое ёсць. Гомельшчына дэманструе ўменне спраўляцца з цяжкасцямі. Цікава, з якімі? Ну, наўрад ці ён мае на ўвазе наступствы Чарнобыльскай АЭС. Гарадзеншчына — жаданні эксперыментаваць, смела ўкараняць навінкі, што дапамагае кожны год атрымліваць больш высокія ўраджаі. 

Ну і, нарэшце, Магілёўшчына — гэта рэгіён... Вось трэба ж пахваліць, і ўсё, што ўдалося знайсці, "са сваёй адметнасцю". Вось павінна быць у жанчыне нейкая загадка. Так і ў Магілёўшчыне ёсць нейкая свая разыначка».

Пра карову ў палацы і канчатковае рашэнне дармаедскага пытання

«У наступнай пяцігодцы малочна-таварныя комплексы будуць пабудаваныя па ўсёй краіне. Ідэя, якая вызначаецца сваёй навізной з 2010 года, — "карова павінна быць у палацы". "За наступную пяцігодку ультрасучасныя свінакомплексы" — гэта гісторыя, дарэчы, з часоў атыповай чумы свіней. У нас жа дагэтуль не адноўлена пагалоўе.

У наступныя пяць гадоў, карацей, адшліфуем краіну, прывядзем яе ў ідэальны стан, каб перадаць нашым дзецям. Вось табе праграма на пяцігодку — перадаць дзецям.

Калі раней ён абяцаў гэта зрабіць за адзін-два гады, то чым бліжэй дата гэтых выбараў, тым даўжэй тэрмін — ужо за пяцігодку мы гэта ўсё адшліфуем. І папярэдзіў, што дармаедаў у краіне не будзе. Таксама здаецца, што гэта нейкае канчатковае рашэнне дармаедскага пытання. Што гэта будзе — працоўныя лагеры ці яшчэ нешта, але ў любым выпадку, "з тымі, хто перашкаджае людзям жыць, мы будзем сур'ёзна разбірацца, не крыўдуйце". Вельмі-вельмі самакрытычна выступіў тут Лукашэнка».

Пра доўг беларусаў перад дзяржавай, які расце 

«Калі брацца яшчэ за наведванне гэтага адноўленага, прыведзенага ў парадак парку 50 гадоў Кастрычніка і стадыёна "Трактар", усё больш пачынае праяўляцца вось гэтая тэма, што неяк грамадзяне ўсё больш у неаплатным абавязку перад дзяржавай. Памятаеш, як у яго [Аляксандра Лукашэнкі] увесь час была фраза тыпу "гэта шмат чаго варта". У нас шмат чаго ў Беларусі — "гэта шмат чаго варта". І ўсе думалі, што гэты выраз такі вобразны. 

Што суверэнітэт шмат чаго варты, яшчэ нешта шмат чаго варта. А цяпер гэтая фраза гучыць так: гэта шмат чаго варта — гэта не танна. Калі ён загаварыў пра спорт, у прыватнасці, тэнісістаў. "Мільянерамі становяцца тэнісісты за бясплатна. А ніхто не дапамагае... Таму хочаш гуляць — плаці. Або дамову [складай]. Стаў багатым — унось ўклад".

Вось мне падабаецца гэтая ідэя. Дармаедаў мы знішчым, а багатыя будуць плаціць».