Антыфэйк / фактчэк

12 студзеня

Фэйкі тыдня: ва Украіне забаранілі Дзеда Мароза, а ў Белым доме на Каляды танцавалі гомасексуалы і трансперсоны

А таксама — у Беларусі жаночая праца аплочваецца нароўні з мужчынскай, улады Польшчы закрылі «Белсат» і заходнія лідары, якія не віншуюць народ са святамі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: Ва Украіне забаранілі Дзеда Мароза

Дата з'яўлення фэйка: 30.12.2023

Ва Украіне нельга віншаваць дзяцей у касцюме Дзеда Мароза, заявіла дырэктарка МГТРК «Мір» Вольга Шпілеўская ў праграме «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» 30 снежня.

«Ну вы ж ведаеце, на Украіне пайшлі яшчэ далей. Для таго каб правільна выхоўваць дзяцей, забаранілі Дзеда Мароза і Снягурку. Дзед Мароз і Снягурка, традыцыйныя, якія прыходзілі, яны там пад забаронай. Цяпер да іх прыходзіць нехта Святы Мікалай, які наогул не зразумела, што за Мікалай і адкуль ён прыходзіць», — распавяла яна.

Раней, 17 снежня, пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «ЖС прэміум» і ў пацверджанне апублікаваў фотаздымак абвесткі на ўкраінскай мове.

«Забарона на Дзеда Мароза на Украіне набывае перакручаныя формы. Аніматараў у касцюме казачнага дзядулі абяцаюць штрафаваць і збіваць», — гаворыцца ў посце.

Ва Украіне сапраўды адзначаюць дзень Святога Мікалая. Ён з'яўляецца правобразам савецкага Дзеда Мароза. Але апошні там не забаронены. Напрыклад, мужчына ў касцюме Дзеда Мароза 28 снежня віншаваў з надыходзячым 2024 годам тых, хто сабраўся на Сафійскай плошчы ў Кіеве, а ў Адэсе жадаў шчаслівага Новага года мінакам.

Ва ўкраінскім сегменце інтэрнэту размешчана мноства абвестак, якія прапануюць замовіць аніматараў у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі.

Вядоўца Weekly Top Fake патэлефанавала па адным з іх і спытала, ці ёсць ва Украіне забарона на касцюмы гэтых казачных персанажаў. Суразмоўца адмаўляў гэтую інфармацыю:

«Мы з гэтым не сутыкаліся. Не, гэта не забаронена на заканадаўчым узроўні. <...> Мы адгулялі Новы год і былі замовы як на Санта Клаўса, так і на Дзеда Мароза ў звычайным яго выглядзе, так і Святога Мікалая».

Фэйк №2: Польскія ўлады зачынілі тэлеканал «Белсат»

Дата з'яўлення фэйка: 29.12.2023

Галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў 29 снежня ў эфіры «Вячэрняга палітычнага канала» заявіў, што новы прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск зачыніў тэлеканал «Белсат».

«[Дональд Туск] учора зачыніў нашых выдатных сяброў з польскага тэлеканалу "Белсрат"», — сказаў ён (рыторыка аўтара захаваная).

Новы міністр культуры, якога прызначыў Туск, перад Новым годам звольніў старшыню праўлення польскага дзяржаўнага тэлебачання TVP, у склад якога ўваходзіць «Белсат». Але на вяшчанне тэлеканалу гэта не паўплывала — ён працягвае трансляцыю ў жывым эфіры. 

У самім «Белсаце» заявілі, што змена кіраўніцтва TVP не павінна паўплываць на дзейнасць тэлеканалу і ў будучыні.

«"Белсат" вяшчае ўжо 17-ы год, і за гэты час змяніўся не адзін урад. Але, на шчасце, усе галоўныя палітычныя сілы Польшчы заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, што існаванне "Белсата" проста неабходнае», — паведаміў намеснік дырэктара канала Аляксей Дзікавіцкі.

Фэйк №3: У Беларусі жаночая праца аплачваецца гэтак жа, як мужчынская

Дата з'яўлення фэйка: 30.12.2023

У Беларусі заўсёды выконваецца прынцып роўнасці мужчын і жанчын у пытаннях аплаты працы, заявіў кіраўнік тэлекампаніі АНТ Марат Маркаў.

«У нас у краіне ёсць абсалютнае разуменне натуральнасці роўнасці мужчын і жанчын. Бо ў нас усе роўныя, нават жанчыны трошкі раўнейшыя. Я гэта да чаго. Мы калі глядзім некаторыя дакументы, мы прапускаем тую інфу, што калі глядзім узровень аплаты працы жанчын у заходніх кампаніях, за аналагічную працу з мужчынамі яны атрымліваюць менш. < ... > У нас, у прынцыпе, гэта нонсэнс, у нас нават пра гэта ніхто ніколі не думае», — сказаў ён у перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» 30 снежня.

Беларускае заканадаўства аб працы не ўтрымлівае нормаў, якія дыскрымінуюць жанчын у пытаннях заработнай платы. Але статыстыка сведчыць пра адваротнае.

Паводле звестак Белстату, у 2021 годзе сярэдні гадзінны заробак мужчын склаў 9,2 рубля, жанчын — 6,96 рубля. У тым жа годзе кіраўнікі камерцыйных і некамерцыйных арганізацый мужчынскага полу ў сярэднім зараблялі 14,82 рубля за гадзіну, жаночага — 10,42 рубля. Сярод спецыялістаў-прафесіяналаў розніца яшчэ большая: 17,31 рубля за гадзіну ў мужчын і 9,22 рубля за гадзіну ў жанчын.

Фэйк №4: На Каляды ў Белым доме скакалі прадстаўнікі ЛГБТ

Дата з'яўлення фэйка: 14.12.2023

Вядоўца і палітолаг Вадзім Ялфімаў у эфіры «Вячэрняга палітычнага канала» 14 снежня распавёў, што святкаванне Раства ў рэзідэнцыі амерыканскага прэзідэнта змянілася.

«Я хачу, каб вы параўналі карцінку, якую рабіла першая лэдзі папярэдняя, жонка Дональда Трампа Мэланія Трамп. А потым пакажам, што там спадарыня Байдэн», — сказаў ён. 

Пасля чаго паказаў два кароткіх відэа. На першым жонка экс-прэзідэнта ЗША прыбірае ў Белым доме ялінку, на другім танчыць група мужчын і жанчын у яркіх строях.

«Па гуках вы ўжо зразумелі. Мэланія Трамп паказвала прыгожую ялінку, гірлянды ў Белым доме, далікатную казку стварала ў класічным разуменні гэтага слова, калядную. А што цяпер у Белым доме? Скачуць трансвестыты, гомасексуалісты, лесбіянкі і трансгендэры. Скачуць у радасці, чакаючы, што яны з намі з усімі ўчыняць у наступным годзе», — заявіў Ялфімаў.

Тыя, хто танчаць на відэа, — трупа чачоткі Dorrance Dance з Нью-Ёрку. Як паведамлялі медыі, яны выканалі ў залах Белага дому гульнявую інтэрпрэтацыю «Шчаўкунка». 

Некаторых карыстальнікаў сацсетак абурыў дзіўны, на іх погляд, калядны танец, а таксама тое, што група адкрыта падтрымлівае рух Black Lives Matter, выступае за скарачэнне фінансавання паліцыі і «адмену турмаў». 

Фэйк №5: Заходнія лідары не віншуюць з Новым годам

Дата з'яўлення фэйка: 03.01.2024

Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Азаронак. Наўпрост» 3 студзеня заявіў, што лідары заходніх краін не выступаюць з навагоднімі зваротамі да народу. 

«На Захадзе я не бачыў. Там Макрон, кажуць, выступіў, а я вось нешта не бачыў, каб Шольц выступаў з навагоднім віншаваннем. Або кароль Вялікай Брытаніі. А вось каго мы бачым — беларускага прэзідэнта, расейскага прэзідэнта, старшынёў КНР, КНДР, нашы цэнтральнаазіяцкія краіны. Мы бачым, што яны віншуюць свае народы», — сказаў ён.

Олаф Шольц 31 снежня павіншаваў немцаў з надыходзячым Новым годам. Канцлеры Нямеччыны штогод выступаюць з навагоднім зваротам ужо 50 гадоў.

З Новым годам павіншаваў народ і Эманюэль Макрон. Гэтую традыцыю ў Францыі заклаў Шарль дэ Голь яшчэ ў 1959 годзе. 

Кароль Вялікай Брытаніі павіншаваў сваіх падданых з Калядамі. Каралеўскае каляднае пасланне — традыцыя, якая зарадзілася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя.

У СССР першы навагодні тэлезварот вымавіў Леанід Брэжнеў у 1970-м годзе.