Антыфэйк / фактчэк

13 снежня 2023

Фэйкі тыдня: планету на 80% забруджваюць краіны Захаду, а ў ЗША вымірае насельніцтва

А таксама — на канферэнцыі па клімаце Лукашэнку апладзіраваў увесь свет, Польшча рыхтуе рэферэндум па далучэнні Львова і прэзідэнт Нямеччыны, якога ніхто не сустрэў у Дубаі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: На Сусветнай канферэнцыі па клімаце Лукашэнку апладзіравала ўся зала

Дата з'яўлення фэйка: 01.12.2023

Праўладныя беларускія медыі сцвярджаюць, што прамова Аляксандра Лукашэнкі на сусветным кліматычным саміце ў Дубаі зрабіла фурор. У выступе 1 снежня ён абвінаваціў Захад у фінансаванні не выратавання клімату, а войнаў, якія з'яўляюцца «галоўнай крыніцай бруду на планеце».

«Тыя, хто слухаў беларускага лідара ў зале, у фінале яго прамовы аж падскочылі. Таму што сказана было не ў брыво, а ў вока. Такой рэакцыі на палітыкаў журналісты не бачылі за ўвесь дзень выступаў», — паведамілі ў той жа дзень на тэлеканале «Беларусь 1».

Падобным чынам 2 снежня распавялі пра гэтую падзею і на тэлеканале АНТ:

«Адным з самых рэзанансных стаў выступ беларускага прэзідэнта. Яму апладзіраваў па сутнасці ўвесь свет».

Камеры на мерапрыемстве зафіксавалі толькі чатырох чалавек у зале, якія пасля выступу Лукашэнкі ўсталі і пачалі апладзіраваць. Адзін з іх — сенатар Савету Рэспублікі і па сумяшчальніцтве трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў, яшчэ адзін — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык. Дваіх іншых ідэнтыфікаваць не ўдалося. 

Фэйк №2: Дваццаць краін Захаду прадукуюць 80% забруджванняў на планеце

Дата з'яўлення фэйка: 01.12.2023

На Сусветным кліматычным саміце ў Дубаі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў знізіць забруджванне навакольнага асяроддзя:

«Як казалі ў пачатку выступоўцы, 80% бруду на планеце — гэта ад 20 вядучых дзяржаў. Давайце ў сваю дэкларацыю, спадар старшыня, запішам не заклапочанасць, а запатрабуем ад іх скараціць хоць бы напалову выкіды ў атмасферу».

У той жа дзень у перадачы «Азаронак. Наўпрост» вядоўца тэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак і Яўген Пуставы абмеркавалі гэтыя словы.

«Вы — забойцы прыроды! Вы — забойцы людзей! Вы вядзеце войны, Захад паганы, трыкляты, 20 сусветных краін першых, значыць. Вы вядзеце гэтыя войны, вы забіваеце людзей, вы пастаўляеце ўранавыя снарады», — заявіў першы.

Падобным чынам выказаўся і госць перадачы.

«Як прэзідэнт прыгожа з зялёным парадкам разабраўся. Справа ў тым, што зялёны парадак заходнія краіны, якія труцяць усіх нас, 20 гэтых дзяржаў, яны навязвалі для таго, каб прымусіць нас есці чарвякоў замест мяса», — сказаў Яўген Пуставы.

Лукашэнка ў выступе 1 снежня казаў пра краіны G20. Менавіта на іх прыпадае 80% шкодных выкідаў. У «вялікую дваццатку» ўваходзяць не толькі краіны Захаду, але і Расея, Індыя, Кітай, Паўднёвая Афрыка, Інданезія, Мексіка, Аргенціна і Бразілія. Лідаруе ж па аб'ёме выкідаў парніковых газаў дружалюбны Беларусі і Расеі Кітай. 

Фэйк №3: На саміце ў Дубаі прэзідэнта Нямеччыны не сустрэлі ля трапа

Дата з'яўлення фэйка: 01.12.2023

Вядоўца Рыгор Азаронак 1 снежня ў эфіры ютуб-канала «Салаўёў Лайф» паказаў, як Аляксандра Лукашэнку па прылёце на кліматычную канферэнцыю сустракае ўрадавая дэлегацыя ААЭ. Пасля гэтага ён прадэманстраваў яшчэ адно відэа, на якім прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер стаіць у дзвярах самалёта і чакае тых, хто мае яго сустрэць.

«Вось гэта відэа: як сустракалі прэзідэнта Беларусі і як сустракалі прэзідэнта Нямеччыны — сёння лідар у інтэрнэце. Там велізарная колькасць праглядаў, каментароў ... паказальна вельмі. Нічога проста так не бывае, вы ўяўляеце, як арганізоўваецца саміт такога ўзроўню, пралічваецца ўсё да хвіліны, да секунды. І гэта паказальна», — пракаментаваў убачанае госць перадачы дэпутат Алег Гайдукевіч.

Франк-Вальтэр Штайнмаер не ўдзельнічаў у сусветным кліматычным саміце ў Дубаі. Нямеччыну там прадстаўляў канцлер ФРГ Олаф Шольц.

Нямецкі прэзідэнт каля паўгадзіны чакаў сустракаючых у катарскай Досе, куды ён 30 лістапада прыляцеў дамаўляцца пра вызваленне грамадзян Нямеччыны, якіх выкралі і ўтрымліваюць у закладніках баевікі ХАМАС у сектары Газа. Катар выступае ў гэтых перамовах пасярэднікам. Дыпламатычны канфуз адбыўся праз тое, што Штайнмаер прыляцеў туды раней запланаванага часу.

Фэйк №4: Колькасць насельніцтва Расеі і Кітая расце, а ў ЗША — падае

Дата з'яўлення фэйка: 04.12.2023

Чаму Беларусі развіваць адносіны трэба менавіта з КНР і РФ, а не з ЗША, патлумачыў старшыня моладзевага парламента пры Нацыянальным Сходзе Мікіта Рачылоўскі. Выказаўся чыноўнік 4 снежня — у дзень візіту Лукашэнкі ў Кітай, дзе той правёў перамовы з Сі Цзіньпінам. 

«Мы рэальна працуем са звышдзяржавамі — Расея, Кітай, і ствараем падмурак для будучых узаемаадносін з наймацнейшымі дзяржавамі і кантынентамі. Пакуль яны зацыкленыя проста на сваім, дзе насельніцтва проста вымірае», — паведаміў ён.

У 2022 годзе колькасць жыхароў Кітая знізілася на 850 тысяч чалавек. Паказнік нараджальнасці там адзін з самых нізкіх у свеце.

У тым жа годзе насельніцтва Расеі скарацілася на 555 тысяч чалавек. Паводле прагнозаў Расстата (службы дзяржаўнай статыстыкі РФ), да 2045 года гэты паказнік паменшыцца яшчэ амаль на 8 мільёнаў у параўнанні з пачаткам 2023-га.

Колькасць жыхароў ЗША ў 2022 годзе вырасла на 1,2 млн чалавек. 

Фэйк №5: Польшча рыхтуе рэферэндум па далучэнні Львова

Дата з'яўлення фэйка: 07.12.2023

Тэлеграм-канал «Невальфовіч» 7 снежня апублікаваў відэазапіс званка з польскага нумару з нібыта апытаннем пра галасаванне на тэрыторыі Львова і Львоўскай вобласці.

«Украінцы пачалі атрымліваць тэлефонныя апытанні з Польшчы. Іх просяць адказаць, ці будуць яны галасаваць на рэферэндуме 5 студзеня 2025 года, які пройдзе ў Львове і Львоўскай вобласці.

Мяркуючы па каментарах, некаторыя “украпатрыёты" нават узрадаваліся магчымасці жыць у Польшчы.

Варшава зандуе ўкраінскую глебу на лаяльнасць? Ці то яшчэ будзе!» — гаворыцца ў допісе.

Гэты нумар належыць польскаму цэнтру вывучэння грамадскай думкі. У цяперашні час ён недаступны.

У сакратарыяце цэнтру журналісту Weekly Top Fake патлумачылі гэта тэхнічнымі непаладкамі, а таксама заявілі, што не праводзілі такога апытання:

«Мы дакладна не праводзім такіх даследаванняў, мы ніякім чынам не тэлефануем. Нікому мы не тэлефануем. <...> Гэта няправільна зроблена, хтосьці выдае сябе за нас, відавочна».