Антыфэйк / фактчэк

19 кастрычніка 2023

Фэйкі тыдня: санкцыі супраць Расеі і Беларусі прыцягнулі ў ЕЗ блашчыц і адпудзілі турыстаў

А таксама — мірнае мінулае Ізраілю і Палестыны, забойства ва Украіне амерыканскага аўдытара і ажыятаж на машыны ў Беларусі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: У Беларусі ў пяць разоў выраслі продажы машын

Дата з'яўлення фэйка: 10.10.2023

У Беларусі адбываецца выбухны рост продажаў аўтамабіляў. Пра гэта 10 кастрычніка напісалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС прэміум».

«Як жа "дасталі" гэтыя санкцыі: у Беларусі ў пяць разоў выраслі продажы машын.

Пра гэта паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА): “У параўнанні з вераснем 2022 года колькасць прададзеных легкавых аўто ўзрасла больш чым у 5 разоў, а вынікі першых 9 месяцаў 2023 года перавышаюць продажы аналагічнага перыяду 2022 года на 13,2%. Сітуацыя на аўтамабільным рынку стабілізуецца. Лідзіруючую пазіцыю займае брэнд Geely, за верасень рэалізавана 1365 аўто”» , — гаворыцца ў посце.

БАА сапраўды апублікавала прэс-рэліз, у якім гаворыцца, што продажы новых машын у Беларусі растуць. Пры гэтым асацыяцыя адзначыла, што адбываецца гэта пасля некалькіх гадоў імклівага падзення. У кастрычніку 2022 года БАА паведамляла:

«Афіцыйны аўтамабільны рынак новых легкавых аўтамабіляў у верасні 2022 года ўпаў у 10 разоў у параўнанні з вераснем 2021 года, і склаў усяго толькі 374 аўтамабілі». 

Агулам летась у Беларусі прадалі каля 17 234 новых аўто, у 2021-м — 46 837, а ў 2019-м — 64 504. 

За дзевяць месяцаў гэтага года беларусы купілі амаль 14 тыс. новых машын. Пры такіх тэмпах да канца года продажы могуць перавысіць леташнія, але застануцца ў разы меншымі, чым да ўвядзення санкцый.

Фэйк №2: Ва Украіне забілі амерыканскага аўдытара

Дата з'яўлення фэйка: 04.10.2023

Тэлеграм-канал «Невальфовіч» 4 кастрычніка паведаміў пра забойства ў Кіеве амерыканскага аўдытара, які вывучаў крадзяжы пры пастаўках зброі. 

«Украінская паліцыя прадказальна ўсё спісала на няшчасны выпадак. Нібыта адбыўся зрыў троса, і амерыканца Марціна Харта заваліла матэрыялам. 

Вядома, што да забойства Харт працаваў сумесна з украінскімі спецыялістамі з антыкарупцыйнага бюро Украіны.

Напэўна, нешта адкапаў...» — гаворыцца ў посце

Украінская паліцыя пра такое злачынства не паведамляла. Гугл-пошук па запыце «Марцін Харт» знаходзіць персанажа Вудзі Харэльсана ў серыяле «Сапраўдны дэтэктыў». У Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Украіны на запыт каманды Weekly Top Fake адказалі, што ніколі не супрацоўнічалі з такім чалавекам і не валодаюць інфармацыяй пра яго. 

Першакрыніцай гэтай навіны з'яўляецца сатырычны тэлеграм-канал «Імперыя вельмі зла». Ён апублікаваў гэты пост 29 верасня.

Фэйк №3: Нашэсце блашчыц у Еўропе выклікана санкцыямі

Дата з'яўлення фэйка: 09.10.2023

Парыж атакуюць блашчыцы. Па словах вядоўцы тэлеканалу «Беларусь 1» Марыі Петрашка, нашэсце гэтых насякомых выклікана санкцыямі супраць Расеі і Беларусі. 

«У чым толькі еўрапейскія палітыкі ні абвінавачвалі Менск і Маскву. Але каб у нашэсці блашчыц... А наогул, сімвалічна. Без Расеі Еўропа вяртаецца да сваіх вытокаў: блыхі, антысанітарыя, холад, голад і бруд. Санкцыі спрацавалі. У еўрапейскім садзе.

Сем школ зачыніліся ў Францыі праз нашэсце блашчыц. Аказалася, што сродак, які выкарыстоўваецца ў мэблі, большасці драўляных матэрыялаў супраць блашчыц вырабляецца ў Расеі. А заходнія палітыкі ўвялі санкцыі на гэта рэчыва, а еўрапейская атрута нават блашчыц не бярэ», — паведаміла яна ў навінавым сюжэце 9 кастрычніка.

Петрашка зачытала загаловак газеты The Guardian і пераказала яе змест. Аднак у арыгінале артыкула нічога не гаворыцца пра расейскі сродак ад блашчыц, на які ўвялі санкцыі.

Інфармацыю, што нашэсце блашчыц звязана з санкцыямі супраць РФ, апублікавалі некаторыя расейскія медыі. Напрыклад, сайт «Падмаскоўе сёння» 7 кастрычніка размясціў скрыншот загалоўка на французскай мове «Санкцыі супраць Расеі прывялі да эпідэміі блашчыц у Парыжы».

«Гэта не жарт і не розыгрыш, а самы сапраўдны загаловак французскай La Montagne. І ён не галаслоўны, мяркуючы па ўсім.

Як запэўнівае выданне, праз санкцыі ў Францыю з Расеі спыніліся пастаўкі найважнейшага кампанента для ядахімікатаў, што з поспехам раней ужываліся супраць блашчыц», — напісала «Падмаскоўе сёння». 

Каманда Weekly Top Fake знайшла гэты артыкул La Montagne — у ім такі ж фотаздымак блашчыцы і час публікацыі (4 кастрычніка, 06:02). Тэкст азагалоўлены «Ежа, кладка, асяроддзе, укусы: хто гэтыя блашчыцы, якія псуюць нам жыццё?», а названыя там прычыны нашэсця насякомых не звязаныя з санкцыямі:

«Да вайны яны былі вельмі распаўсюджаныя, а ў 50-х гадах мінулага стагоддзя масавае ўжыванне ДДТ, вельмі магутнага інсектыцыду, скараціла іх папуляцыю. Толькі тады было выяўлена, што ён з'яўляецца канцэрагенам. Яны пачалі вяртацца і выпрацавалі ўстойлівасць да прэпаратаў на аснове піратроідаў. Дадайце да гэтага тое, што людзі ўсё больш падарожнічаюць, і бум на крамы патрыманых рэчаў, ужываную вопратку, патрыманыя тавары... Усё гэта ім на руку».

Фэйк №4: Праз санкцыі ў Польшчу не едуць турысты

Дата з'яўлення фэйка: 11.10.2023

Кіраўнік Цэнтру вывучэння ваенных і палітычных канфліктаў Андрэй Клінцэвіч 11 кастрычніка ў перадачы «Трэнды» на «Беларусь 1» распавёў, як без расейскіх турыстаў абвалілася турыстычная галіна Польшчы:

«Польшча выконвала пэўныя функцыі — транзітныя. Шмат грузаў ішло праз іх, лагістыка развівалася, ды і турызм быў досыць развіты. Цяпер гэта ўсё згортваецца. Ну, не едуць немцы адпачываць у Польшчу. Гэтак жа як славакі з аўстрыйцамі».

Паводле звестак польскай статыстыкі, паказнікі турызму пасля ковіднага спаду растуць. У 2021 годзе Польшчу наведалі амаль 10 млн турыстаў, у 2022-м — каля 16 млн.

Немцы сярод іх на першым месцы — больш за 5 млн наведванняў у 2022 годзе супраць 3,6 млн у 2021-м. Колькасць славакаў, якія прыязджаюць у краіну, за гэты перыяд павялічылася са 140 тыс. да 190 тыс. чалавек. Аўстрыйцаў — са 166 тыс. да 264 тыс.

Фэйк №5: Ізраіль і Палестына жылі мірна

Дата з'яўлення фэйка: 11.10.2023

Ісламісцкі рух ХАМАС 7 кастрычніка напаў на Ізраіль з сектару Газа. Баевікі захапілі памежныя ізраільскія гарады, забілі, паранілі і ўзялі ў палон мноства мірных жыхароў. Ізраіль нанёс удары ў адказ і заявіў аб падрыхтоўцы наземнай вайсковай аперацыі. Каментуючы тое, што адбываецца, дырэктар «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрый Васкрасенскі ахарактарызаваў адносіны паміж Палестынай і Ізраілем да атакі як больш-менш мірныя. 

«Вырашайце гэтую праблему ў мірным рэчышчы. Бо суседства з той жа Палестынскай нацыянальнай аўтаноміяй, з дзяржавай Палестыны, якая прызнана 138 краінамі, на Заходнім беразе ракі Іярдан, паказала, што можна мірна існаваць. Ну, прынамсі некаторы час. Яны ж больш-менш мірна суіснуюць. Часам бываюць нейкія сутычкі, калі ізраільскі бок іх правакуе», — заявіў Васкрасенскі, выступаючы на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 11 кастрычніка.

У 1990-х гадах Палестына і Ізраіль падпісалі пагадненні з мэтай урэгулявання канфлікту. У сярэдзіне 2000-х Ізраіль сышоў з сектару Газа. Пасля чаго там умацавалася ўлада радыкальнай арганізацыі ХАМАС, якая ставіць сабе мэтай знішчэнне Ізраілю. 

Штогод палестынцы здзяйсняюць дзясяткі тэрактаў на тэрыторыі Ізраілю. У 2021-м адбыліся 54 буйныя атакі, у выніку якіх загінулі чацвёра ізраільцян. У 2022 годзе — 86 з 30 загінулымі. 

У адказ на тэрарыстычныя атакі з боку ХАМАС Ізраіль правёў у сектары Газа з 2006 па 2023 год восем ваенных аперацый.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.