Вядоўца Рыгор Азаронак пабываў на Менскім заводзе колавых цягачоў (МЗКЦ) як давераная асоба свайго калегі, кандыдата ў дэпутаты Яўгена Пуставога. Распавядаючы пра гэта ў эфіры «Радыё-Менск» 14 лютага, ён узгадаў, як Аляксандра Лукашэнку там асвісталі пасля выбараў у жніўні 2020 года. У яго версіі — Лукашэнка там быў амаль без ахоўнікаў.
«Цудоўная гісторыя, насамрэч. Стратэгічнае прадпрыемства. У тым ліку ёсць зноў жа, з чым параўнаць. Таму што гэта тое легендарнае месца, куды прыходзіў прэзідэнт у 20 годзе, калі ён адзін утаймаваў натоўп, адзін. Натоўп гарлапаніў, шалеў, крычаў. Мы бачылі гэтыя кадры, дзе прэзідэнт ужо ў мокрай кашулі, але ён сваёй сілай, харызмай... Там адзін ахоўнік быў, па-мойму, і нашы журналісты, Жэня Пуставы», — заявіў ён.
Каманда Weekly Top Fake знайшла на YouTube відэа, знятае на МЗКЦ у дзень наведвання заводу Лукашэнкам у 2020 годзе. На ім бачна, як Лукашэнка набліжаецца да натоўпу, акружаны як мінімум пяццю ахоўнікамі. Пры гэтым, верагодна, не ўсе целаахоўнікі Лукашэнкі, якія там знаходзяцца, трапілі ў кадр.