Антыфэйк / фактчэк

09 ліпеня

Наталля Качанава выдала 8-гадовы антырэкорд за рэкорд у супрацы рэгіёнаў Беларусі і Расеі

Каманда Weekly Top Fake праверыла падлікі чыноўніцы.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.06.2024
У Віцебску, Полацку і Наваполацку прайшоў XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Наталля Качанава назвала яго вынікі рэкорднымі, таму што па суме заключаных кантрактаў ён пабіў паказнікі мінулых гадоў. Каманда Weekly Top Fake праверыла падлікі чыноўніцы. 

На форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі з'ехаліся чыноўнікі і прадстаўнікі бізнес-супольнасці абедзвюх краін. У гэты раз мерапрыемства праходзіла пад эгідай інавацыйнага развіцця. Пра яго вынікі 28 чэрвеня 2024 года напісала БелТА са спасылкай на старшыню Савету Рэспублікі Беларусі Наталлю Качанаву.

«Па суме заключаных кантрактаў сёлета форум перасягнуў усе папярэднія рэкорды: мы наблізіліся да адзнакі больш за Br1 млрд 100 млн, або 30 млрд расейскіх (амаль $350 млн — рэд.). На палях форуму падпісана больш за 250 дакументаў», — працытавала тэлеграфнае агенцтва чыноўніцу. 

Гэтую ж інфармацыю агучылі на «Беларусь 1», але без спасылкі на Наталлю Качанаву. 

Насамрэч гэта не рэкорд, а антырэкорд за апошнія восем гадоў. У 2023 годзе на такім жа Форуме, які прайшоў ва Уфе, колькасць заключаных дамоў была амаль у чатыры разы большай. Тады Качанава казала: 

«Падпісаныя кантракты на агульную суму блізу 110 млрд расейскіх рублёў».

У 2022 годзе кантрактаў падпісалі на $1 млрд, у 2021-м — на $800 млн, а ў ковідным 2020-м — на $700 млн. Сума падпісаных кантрактаў была больш, чым сёлета, аж да 2017-га, калі яна склала $450 млн.