Прыквел «Муфаса: Кароль Леў» Рыгор Азаронак згадаў у гутарцы з Раманам Пратасевічам падчас стрыму 23 студзеня 2025 года. Яны абмеркавалі дыскрымінацыю, імкненне змагацца з якой у ЗША «не прывілася ні народу, ні чалавецтву».
«Вельмі класная гісторыя з гэтай нагоды — правал новага "Караля Льва". "Кароль Леў" — культавы мульцік яшчэ савецкага часу, але амерыканскі, зразумела. Але тых часоў. Потым перазнялі яго нядаўна, графіку перамалявалі. У якім там? У 18-19 годзе? Але таксама там усё замяшана, вось каралеўская ідэя, высакароднасць, леў, сын яго. А цяпер зрабілі новы з лацінасамі, неграмі, вось гэтым вось усім — мешанінай, геямі і гэтак далей. Поўны правал», — ацаніў карціну Азаронак.
Анімацыйны фільм «Муфаса: Кароль Леў» выйшаў напрыканцы снежня 2024 года. У ім распавядаецца перадгісторыя мультфільма «Кароль Леў». Гэта фільм пра звяроў, а не пра людзей розных рас, але некаторыя назіральнікі ўгледзелі ў ім «расісцкія алегорыі». Напрыклад, антаганістамі герояў, жоўта-карычневых львоў, выступаюць злыя белыя львы.
Зняў «Муфасу» амерыканскі рэжысёр Бары Джэнкінс, вядомы фільмамі «Месячнае святло», «Лекі ад меланхоліі» і серыялам «Падземная чыгунка». У гэтых карцінах падымаліся праблемы афраамерыканцаў і ЛГБТ-супольнасці.
Пры бюджэце $200 млн мультфільм за месяц пракату сабраў больш за $600 млн па ўсім свеце.