Аляксандр Лукашэнка 25 лютага заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны прайсці ў наступным годзе. Праз два дні эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў пра эканамічныя дасягненні Беларусі:
«Варта прызнаць, што дзякуючы палітычнай волі кіраўніцтва нашай краіны мы ўваходзім у выбарчыя цыклы з добрымі сацыяльна-эканамічнымі паказнікамі. Так, за студзень бягучага году эканоміка краіны вырасла на амаль 3%. Рэнтабельнасць продажаў у 2023 годзе была на ўзроўні 7%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг — 8,5%. Як бачым, скімпфляцыя нам дакладна не страшная. Стабільнасць росту нашай эканомікі забяспечваецца добрай дынамікай росту ключавых паказнікаў», — сказаў ён.
У студзені 2024 ВУП Беларусі павялічыўся на 2,8% у параўнанні са студзенем мінулага года. Але ў снежні гадавы рост быў 3,9%. Гэта значыць, што тэмпы росту беларускай эканомікі замарудзіліся.
Рэнтабельнасць продажаў у 2023 годзе сапраўды склала 7%, але ў 2022 годзе яна была вышэй — 8,5%. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за год таксама знізілася з 10,5% да 8,5%.
Акрамя таго, амаль на 8% зменшыўся прыбытак беларускіх прадпрыемстваў.