Антыфэйк / фактчэк

08 лютага

Беларусь сярод сусветных лідараў па даступнасці медпаслугаў? Правяраем словы палітолага Пятроўскага

Палітолаг Пётр Пятроўскі 1 лютага ў эфіры ток-шоу «Будні» распавёў, што Беларусь у сферы аховы здароўя абагнала амаль увесь свет.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.02.2024
Беларуская ахова здароўя — адна з лепшых у свеце. Такую заяву ў эфіры «Альфа-Радыё» зрабіў палітолаг Пётр Пятроўскі. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго сцвярджэнне. 

Палітолаг Пётр Пятроўскі 1 лютага ў эфіры ток-шоу «Будні» распавёў, што Беларусь у сферы аховы здароўя абагнала амаль увесь свет. 

«Мы па даступнасці медычных паслуг у чацвёрку свету ўваходзім. Чацвёрка — вось факт. А што такое даступнасць медычных паслугаў? Гэта калі табе не дадзена запісвацца за год невядома да каго», — сказаў ён у выпуску пад назвай «Пакуты Еўропы».

Падобную інфармацыю ў снежні 2023 года агучыў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі РБ. Але ў яго паведамленні гаварылася, што па гэтым паказніку Беларусь дзеліць першае месца з Брунеем і Канадай. Пра тое ж у 2015 годзе казаў тагачасны міністр аховы здароўя Васіль Жарко са спасылкай на звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). 

Журналісты БРЦ вывучылі справаздачы СААЗ і не знайшлі пацвярджэння гэтаму. Паводле інфармацыі на сайце арганізацыі, першае месца ў індэксе ахопу паслугамі ўніверсальнага медычнага абслугоўвання займае Канада. За ёй ідзе Паўднёвая Карэя, Ісландыя і Сінгапур. Беларусь — на 49 месцы. 

Гэты індэкс разлічваецца па 14 розных паказніках. Адзін з іх называецца «Магчымасць доступу да медпаслуг». Верагодна, Пятроўскі меў на ўвазе яго. Але і па гэтым паказніку Беларусь на 9 месцы ў свеце.