Антыфэйк / фактчэк

03 красавіка

Беларускую касманаўтку на МКС нельга параўноўваць з касмічнымі турыстамі, бо яна праводзіць даследаванні. Ці так гэта

Касмічныя турысты таксама могуць праводзіць на арбіце даследаванні.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 27.03.2024
Марына Васілеўская, беларуская касманаўтка паляцела ў космас не проста так. На арбіце яна праводзіць навуковыя даследаванні. А значыць параўноўваць яе з касмічнымі турыстамі нельга, лічыць палітолаг Пётр Пятроўскі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці сапраўды гэта так. 

Марына Васілеўская вернецца на Зямлю 6 красавіка. Яе палёт — не турыстычны шпацыр на арбіту. Ён мае вялікае значэнне для касманаўтыкі і краіны, заявіў Пётр Пятроўскі ў эфіры «Альфа Радыё» 27 сакавіка 2024 года. 

«Беларусь сапраўды стала ўжо касмічнай дзяржавай. І не проста касмічнай. Таму што па вялікім рахунку любая краіна можа купіць білет і адправіць свайго касмічнага турыста. А ёсць жа розніца: паляцець турыстам і выконваць канкрэтныя навукова-даследчыя задачы», — растлумачыў сваю пазіцыю палітолаг.

Касмічныя турысты таксама могуць праводзіць на арбіце даследаванні. Напрыклад, другі ў свеце касмічны турыст, паўднёваафрыканскі мільянер Марк Шаттлворт, які лётаў на МКС у 2002 годзе, вывучаў там узаемадзеянне імунных клетак ва ўмовах мікрагравітацыі, праводзіў эксперыменты, звязаныя са ствалавымі клеткамі, уздзеяннем мікрагравітацыі на арганізм чалавека. 

У 2021 годзе Расея даставіла на МКС двух турыстаў з Японіі, якія заплацілі за палёт каля $80 млн. Яны ўзялі ўдзел у даследаванні мікрацыркуляцыі крыві ва ўмовах мікрагравітацыі для Арлоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Акрамя таго, яны выконвалі на МКС тэсты для вывучэння здароўя і працаздольнасці чалавека, арганізаванага Х'юстанскім інстытутам трансляцыйных даследаванняў здароўя ў космасе.

Гэта азначае, што правядзенне навуковых даследаванняў ніяк не адрознівае турыста ад касманаўта.