Антыфэйк / фактчэк

09 жніўня

210 краін байкатуюць трансляцыю Алімпійскіх гульняў? БелТА апублікавала выдуманы факт

На цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы 26 ліпеня паказалі сцэну, якая нагадвае твор Леанарда Да Вінчы «Таемная вячэра». Некаторыя вернікі назвалі гэта абразлівым.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.08.2024
На цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы 26 ліпеня паказалі сцэну, якая нагадвае твор Леанарда Да Вінчы «Таемная вячэра». Некаторыя вернікі назвалі гэта абразлівым. У выніку 210 краін свету забаранілі трансляцыю гульняў, распавяла БелТА расейская журналістка Алена Кандрацьева-Сальгера, якая пражывае ў Францыі. Каманда Weekly Top Fake даведалася, ці была забарона.

Пра рашэнне не паказваць Алімпійскія гульні журналістка Алена Кандрацьева-Сальгера распавяла ў інтэрв'ю Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву 1 жніўня 2024 года. 

«Гэта быў глабальны тэст па практычна ўсім свеце, паколькі, як вы ведаеце, 210 урадаў забаранілі трансляцыю наогул. Гэта значыць рэакцыя была вельмі, я б сказала, негатыўная агулам і вельмі рэзкая», — ацаніла сітуацыю журналістка.

Кандрацьева-Сальгера не ўдакладніла, што менавіта забаранілі гэтыя ўрады: трансляваць Гульні наогул ці толькі цырымонію адкрыцця. У любым выпадку, ніякіх пацвярджэнняў гэтай інфармацыі няма. 

Цырымонія адкрыцця ішла ў жывым эфіры. На момант публікацыі запіс ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце. Ён недасяжны толькі на афіцыйным ютуб-канале МАК. І, як патлумачылі ў камітэце, толькі ў Еўропе і Вялікай Брытаніі, таму што МАК не мае правоў на яго трансляцыю на гэтых рынках. 

У Алімпійскіх гульнях удзельнічае больш за 200 краін. Спіс дзяржаў, якія набылі правы на вяшчанне ў жывым эфіры, даволі доўгі. Інфармацыі, што хтосьці з іх адмовіўся ад трансляцый, не праходзіла.