Антыфэйк / фактчэк

22 мая

Большая частка насельніцтва Малдовы не хоча ў Еўрасаюз. Разбіраемся, ці так гэта

Апытанне, праведзенае ў лютым 2024 года, паказала, што ў цэлым настроі жыхароў Малдовы не змяніліся.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 14.05.2024
Большая частка насельніцтва Малдовы супраць уступлення краіны ў Еўрасаюз. Пра гэта паведаміла вядоўца тэлеканала «Беларусь 1» Марыя Пятрашка. Каманда Weekly Top Fake праверыла праўдзівасць яе заявы.   

Пра нежаданне жыхароў Малдовы стаць часткай Еўразвязу тэлевядоўца Марыя Пятрашка распавяла ў эфіры дзяржТБ 14 траўня 2024 года. 

«Здавалася б, часы мяняюцца, і калі глядзець на рэчы рэальна, то імкнуцца ў Еўразвяз нявыгадна. Так думае і большая частка насельніцтва Малдовы. Толькі іх меркаванне ўсяляк спрабуюць задушыць, бо краіну ўзначальвае лідарка, прызначаная Вашынгтонам.

Еўраінтэграцыя для Малдовы створыць умовы для яе румынізацыі. Сацапытанне, праведзенае ў Малдове кампаніяй IMAS, паказала некаторае змяненне настрояў насельніцтва рэспублікі: “Папулярнасць праеўрапейскай ідэі зніжаецца, папулярнасць аб'яднання з Румыніяй застаецца на ўзроўні 5%. 42% рэспандэнтаў кажуць, што аддалі б перавагу, хутчэй за ўсё, збалансаванай арыентацыі ў палітыцы ў дачыненні да Расіі і Захаду”. Атрымліваецца, Санду працуе на карысць Захаду і ... Румыніі? А не Малдовы», — сказала вядоўца.  

У відэа Пятрашка працытавала артыкул, апублікаваны парталам СНД, які спасылаецца на «Незалежную газету».   

Каманда WTF знайшла поўныя вынікі даследавання, пра якое кажа вядоўца «Беларусь 1». Там сказана, што 54% апытаных жыхароў Малдовы падтрымліваюць уступленне краіны ў Еўразвяз. У пытанні знешнепалітычнай арыентацыі Рэспублікі Малдова 35% рэспандэнтаў падтрымліваюць праеўрапейскі вектар, расейскі — 13%, 42% — баланс. За ўступленне ў Еўразійскі эканамічны саюз, гэта значыць саюз з Расеяй, выказаўся 41% рэспандэнтаў. Такая ж частка ўдзельнікаў апытання выступіла супраць. За саюз Малдовы з Румыніяй — крыху больш за траціну.

Апытанне, праведзенае ў лютым 2024 года, паказала, што ў цэлым настроі жыхароў Малдовы не змяніліся.