Антыфэйк / фактчэк

01 красавіка

Аўстрыйскія журналісты знайшлі ўкраінскі след у тэракце ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол». Ці так гэта

У аўстрыйскай газеце Heute сапраўды выйшаў артыкул з загалоўкам «Падазраваныя ў тэрарызме прыбылі ў Вену праз Украіну».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 27.03.2024
Паміж тэрактам у канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» і Украінай ёсць сувязь. Знайшлі яе не толькі расейскія сілавікі, але і нібыта журналісты аўстрыйскага выдання Heute. Каманда Weekly Top Fake праверыла дакладнасць гэтай інфармацыі. 

Пра тое, што за тэрактам у канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» стаіць не ІД, а Украіна, заявіў сакратар Рады бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў. А кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў сказаў, што спецслужбы Украіны спрыялі тэракту.

Украінскі след у тэракце знайшлі і аўстрыйскія журналісты — пра гэта 27 сакавіка 2024 года напісаў тэлеграм-канал «ЖС Прэміум».

«Выданне падтрымлівае версію, што ў тэрарыстаў, якія зладзілі бойню, у "Крокус Сіці холе" былі куратары на Украіне, і нават прыводзіць свае аргументы.

Почырк адзін! Аналізуючы тэракт у "Крокусе" аўтары Heute падкрэсліваюць: нядаўна аўстрыйская паліцыя затрымала такіх жа баевікоў (таксама названы Таджыкістан), якія планавалі атакаваць венскі сабор Св. Стэфана, узброіўшыся "Калашнікавымі" і выбухоўкай», — гаворыцца ў посце.

У аўстрыйскай газеце Heute сапраўды выйшаў артыкул з загалоўкам «Падазраваныя ў тэрарызме прыбылі ў Вену праз Украіну». Вось толькі ў ім нічога не гаворыцца пра «ўкраінскіх куратараў». Наадварот, выданне падкрэслівае, што «наколькі вядома, украінская дзяржава не мае да тэракту ніякага дачынення». 

Аўтары артыкула толькі не выключаюць, што тэрарысты мелі сувязі з аднадумцамі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны. І нагадваюць, што з Украіны ў Аўстрыю таксама прыехалі двое падазраваных у тэрарызме, якіх арыштавалі ў Вене ў снежні мінулага года, — 28-гадовага таджыка і ягоную жонку. 

Тэракт перадухілілі, таму што спецслужбы перахапілі іх паведамленні ў мэсэнджары фэйсбука з планамі нападу. І за ўсім гэтым стаяла афганская ячэйка тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» «Вілаят Харасан». Гэтая групоўка займаецца актыўнай вярбоўкай баевікоў у цэнтральнаазіяцкіх дзяржавах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, асабліва ў Таджыкістане. 

Heute таксама лічыць малаверагодным, што падазраваныя з Вены і злачынцы з Масквы ведаюць адзін аднаго наўпрост. Аднак і тыя і другія дзейнічалі ад імя аднаго і таго ж адгалінавання «Ісламскай дзяржавы». 

То бок аўстрыйскія журналісты ўбачылі ў нападзе на «Крокус Сіці Хол» і планаваным тэракце ў Вене почырк ІД, а зусім не Украіны. 

Арганізацыя «Ісламская дзяржава» (ІД) прызнана тэрарыстычнай у ЕЗ, ЗША, Расеі і шмат якіх іншых краінах свету.