Антыфэйк / фактчэк

03 чэрвеня

Палічылі, колькі раз зманіў тэлевядоўца Вадзім Ялфімаў, расказваючы, што беларускія дзяржСМІ не хлусяць

У інтэрактыўным каталогу фэйкаў БРЦ знаходзіцца больш за 600 фэйкаў. Вялікая частка з іх была апублікавана ў беларускіх дзяржаўных медыя.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.05.2024
Працаўнікам сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі няма патрэбы ашукваць, заявіў галоўрэд «СБ. Беларусь Сёння» Дзмітрый Жук. Каманда Weekly Top Fake сабрала сотні прыкладаў фальсіфікацый і маніпуляцый у беларускіх дзяржСМІ.

У Беларусі трэба ўзмацняць прапаганду і контрпрапаганду. З такой заявай выступіў 28 траўня на медыя-форуме ў Магілёве Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паўтарыў сваю старую тэзу пра тое, што дзяржСМІ робяць стаўку на праўду. У той жа дзень падобную заяву зрабіў кіраўнік «СБ. Беларусь Сёння» Дзмітрый Жук. 

«Ведаеце што для журналіста самае складанае і самае брыдкае? Гэта хлусіць. Дык вось, у нашай краіне журналістам хлусіць не трэба», — заявіў ён.

Каманда WTF стварыла інтэрактыўны каталог фэйкаў. Іх на момант гэтай публікацыі ў нашай базе знаходзіцца больш за 600. Вялікая частка выкрытых нам фэйкаў была апублікавана ў беларускіх дзяржаўных медыя. У каталогу ўжо ёсць восем фэйкаў ад Дзмітрыя Жука. Ад яго калегі, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта — больш за трыццаць. 

Пра тое, што супрацоўнікі дзяржСМІ ніколі не ашукваюць аўдыторыі, заявіў на наступны дзень у эфіры «Радыё Менск» палітолаг і тэлевядоўца Вадзім Ялфімаў: 

«Там была такая фраза ў прэзідэнта, ён сказаў: “Наша сіла ў праўдзе”. Вось гэта, я таксама лічу, галоўная адметная рыса, за што мы павінны трымацца. Мы даём праўду. І толькі праўду. І ў гэтым наша сіла».

Праз хвіліну Ялфімаў расказаў, што заснавальнік Сусветнага эканамічнага форуму (СЭФ) Клаўс Шваб лічыць педафілію пазітыўнай з'явай: 

«Шваб казаў, што гэта дарунак бога чалавецтву. Пра педафілію. Быў такі, які цяпер пайшоў з паста галоўнага куратара Давоскага эканамічнага форуму. Вось ужо наратыў так наратыў. Як толькі чуеце нейкай замежнае слоўца, скажу вам сумленна, трэба адразу насцярожвацца».

Артыкул з гэтым фэйкам апублікавалі ў студзені 2023 года на сайце News Punch.

«Паводле даследавання, пададзенага на СЭФ у Давосе, феномен педафіліі ўяўляе сабою спробу прыроды ачысціць зямлю і “выратаваць чалавецтва” ад самога сябе. <...> Эпідэмія педафіліі, што ахапіла ўвесь свет, — гэта “падарунак прыроды” чалавецтву, лічыць Клаўс Шваб», — гаворыцца ў публікацыі.

Сайт News Punch заходнія фактчэкеры неаднаразова лавілі на пашырэнні дэзынфармацыі і канспіралагічных тэорый. Аўтар артыкула не прыводзіць ніякіх довадаў, што Шваб казаў штосьці падобнае. Прадстаўнікі СЭФ афіцыйна аспрэчылі існаванне і такіх даследаванняў, і падобных заяў Шваба. 

Апроч таго эканаміст і заснавальнік Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе не пайшоў з паста. На сайце Форуму гаворыцца, што «да студзеня 2025 года Клаўс Шваб пяройдзе ад пасады выканаўчага старшыні да пасады старшыні апякунскай рады».