Антыфэйк / фактчэк

12 лютага

ЕЗ заклікаў Big Tech прасоўваць расейскія медыі. Media IQ разабралася, што не так з гэтым сцвярджэннем

Партнёрскі матэрыял БРЦ і Media IQ.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 08.01.2024
Ліберальныя расейскія медыі паведамілі, што Еўракамісія звярнулася да кампаній Google, Meta ды іншых тэхналагічных гігантаў з просьбай дапамагчы незалежным СМІ Беларусі і Расеі прасоўваць іх матэрыялы. Каманда Media IQ піша, што гэтая заява — маніпуляцыя, насамрэч пра расейскія медыі ў звароце ЕЗ гаворка не ішла. 

8 студзеня 2024 года выданне Meduza апублікавала матэрыял пад загалоўкам «Еўракамісія заклікала Google і Meta прасоўваць матэрыялы незалежных СМІ з Беларусі і Расеі». З падобнай назвай з'явіўся тэкст у The Insider («FT: Еўракамісія запатрабавала ад Google і Meta прасоўваць не прапаганду, а незалежныя СМІ з Расеі і Беларусі»), «Важных гісторый» («Google і Meta прасоўваюць прапаганду замест незалежнай журналістыкі ў Расеі і Беларусі. Цяпер Еўракамісія патрабуе ад тэхнагігантаў дапамагчы незалежным СМІ») ды іншых

Просьба Еўракамісіі да кампаній Big Tech — гэта рэакцыя на сумесны зварот журналістаў беларускіх медыяў у выгнанні. Зараз матэрыялы праўладных СМІ Беларусі алгарытмамі Google і іншых пошукавых сістэм прасоўваюцца лепш, чым рэпрэсаваных уладамі недзяржаўных выданняў. Да прыкладу, алгарытмы Google успрымаюць публікацыі заблакаваных у Беларусі медыяў як непрацуючыя спасылкі і песімізуюць іх. Акрамя таго, беларускія журналісты адзначылі, што на выдачу навін уплывае адсутнасць лакалізацыі Google News для Беларусі. Гэта значыць беларусы часцяком атрымліваюць расейскія навіны. 

Расейскія СМІ ў звароце беларускіх журналістаў не згадваюцца. Не напісала пра іх і выданне Financial Times, дзе ўпершыню з'явіўся матэрыял на гэтую тэму 8 студзеня 2024 года. У іх загаловак гучыць так: «ЕЗ заклікае Big Tech прасоўваць апазіцыйныя СМІ ў Беларусі». 

«Барацьба з дэзынфармацыяй і садзейнічанне свабодзе СМІ — два бакі аднаго медаля, і мы хочам, каб буйныя тэхналагічныя кампаніі займаліся абедзвюма. Гэта азначае забеспячэнне бачнасці ў інтэрнэце дакладнай інфармацыі, а не прапаганды Менску ці Крамля», — цытуе FT у сваім матэрыяле еўракамісара Веру Юраву.

Гэта значыць, у тэксце гаворыцца пра расейскія СМІ, але толькі пра пракрамлёўскія і ў кантэксце прапаганды.