Антыфэйк / фактчэк

20 мая

Беларусы за мяжой перасталі выходзіць на акцыі. Правяраем, ці так гэта

Weekly Top Fake абвергла фэйкавае відэа.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.05.2024
Следчы камітэт Беларусі павялічыў спіс падазраваных па палітычнай крымінальнай справе «Беларусы замежжа». Пасля гэтага «ўдзельнікі экстрэмісцкіх шабашоў за мяжой» пачалі хавацца ад камер і перасталі выходзіць на акцыі, сцвярджае тэлеграм-канал «ЖС Premium». Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці праўда гэта. 

У спіс фігурантаў па крымінальнай справе беларусаў, якія з'ехалі, СК дадаў 104 прозвішчы. Як піша БелТА, гэта людзі, якія ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту на Дзень Волі ў сакавіку 2024 года ў ЕЗ і ЗША. Іх падазраюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі і дыскрэдытацыі Беларусі. 

Пасля гэтага беларусы за мяжой нібыта перасталі выходзіць на акцыі, сцвярджаюць аўтары тэлеграм-канала «ЖС Premium». 16 траўня 2024 года яны апублікавалі пост з відэа: на агароджы будынка насупраць консульства Беларусі ў Беластоку вісяць банэры, людзей побач няма.

«Ржака дня. Пасля таго як СК завёў крымінальныя справы (з канфіскацыяй барахла!) на ўдзельнікаў экстрэмісцкіх шабашоў за мяжой, тыя татальна сталі хавацца ад камер. Ад ВІДЭАкамер, прабачце за каламбур. Чарговая справаздачна-грантавая вылазка да беларускай дыпмісіі ў Польшчы прайшла наогул без адзінага чалавека. Гранты-грантамі, а кватэрка на радзіме бліжэй да цела», — піша тэлеграм-канал.

Першакрыніца відэа, знятага 10 траўня, — фэйсбук-група беларускай дыяспары Беластока. Пры гэтым паведамленне СК пра новых фігурантаў у крымінальнай справе з'явілася праз тыдзень, 16 траўня 2024. 

«Сёння, 10 траўня, Беларуская дыяспара Беластока размясціла ў скверы Вольнай Беларусі насупраць консульства РБ вялікі банэр "БЕЛАРУСЬ — НЕ РАСЕЯ!", "БЕЛАРУСЬ ≠ РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКА!» — заявіла беларуская дыяспара ў Беластаку ў фэйсбуку.