Прадстаўнікі рэспубліканскай партыі ЗША блакуюць зацвярджэнне ў Кангрэсе ваеннай дапамогі для Украіны ў памеры $60 млрд. Галасаванне па гэтым пытанні павінна адбыцца да канца сакавіка. На гэтым фоне праўладны тэлеграм-канал «Шкварка News» 11 сакавіка апублікаваў 9-секунднае відэа са спаборніцтваў па боўлінгу, на якім бачная рэклама Рэспубліканскай партыі ЗША.
«Тым часам рэспубліканцы люта заклікаюць спыніць фінансаванне Украіны і закупляюць для гэтага рэкламу.
На турніры па боўлінгу ў ЗША з'явілася рэклама са словамі “Хопіць фінансаваць Украіну” і спасылка на афіцыйны сайт рэспубліканцаў», — гаворыцца ў посце.
Журналісты Weekly Top Fake знайшлі арыгінал відэа. Яго апублікавалі на YouTube у траўні 2021 года — яшчэ да поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. На ім бачная рэклама не Рэспубліканскай партыі, а кампаніі Manscaped, якая спецыялізуецца на вытворчасці брытвавых прыладаў.