Антыфэйк / фактчэк

01 мая

«У Беларусі БелАЭС выклікала попыт на электракары». Правяраем словы Канстанціна Прыдыбайлы

Словы супрацоўніка праўладнага расейскага медыя супярэчаць фактам.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 22.04.2024
Канстанцін Прыдыбайла ўвязаў рост колькасці электратранспарту і будаўніцтва Беларускай АЭС. Каманда Weekly Top Fake разабралася, чаму ў Беларусі электрамабіляў больш, чым у Расеі. 

Карэспандэнт праўладнага расейскага тэлеканалу RT Канстанцін Прыдыбайла ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» ад 25 красавіка падзяліўся ўражаннямі пра транспарт у Менску.

«У мяне вочы радуюцца, я ездзіў сёння па Менску шмат, сёння проста дзень кароткі быў у УНС. Я гляджу — электрамабілі, у Маскве столькі няма. Чаму? А таму што Аляксандр Рыгоравіч разумее, што незалежнасць дзяржавы, яе суверэнітэт... Гэта мы думаем лядоўняй. А туды прадукты трэба пакласці, а іх трэба дзесьці вырасціць. І вось у кааперацыі з Расеяй з'явілася атамная станцыя. < ... > У Беларусі электрамабіляў... Выйдзі на вуліцу, палічы, кожны трэці, мне здаецца, будзе электрамабіль», — заявіў ён.

Словы супрацоўніка праўладнага расейскага медыя супярэчаць фактам. У Расеі дзейнічае 11 АЭС. Разам з тым ва ўласнасці ў жыхароў РФ — каля 40 тыс. электрамабіляў з агульнай колькасці легкавых машын 46 млн. Доля электракараў — менш за 0,1%.

У Беларусі ў грамадзян і арганізацый ва ўласнасці знаходзіцца амаль 8 тыс. электрамабіляў з крыху больш чым 3 млн легкавых аўто. Такім чынам, доля электракараў у Беларусі ў тры разы большая, чым у Расеі.

Дыспрапорцыю выклікаў высокі кошт электрамашын у РФ: яна адзіная з краін ЕАЭС, якая адмовілася ад увядзення бяспошліннага ўвозу аўто з электрарухавікамі, разлічваючы такім чынам стымуляваць айчынную вытворчасць.

Сусветным лідарам па долі электрамашын з'яўляецца Нарвегія. На нарвежскіх дарогах кожны трэці аўтамабіль ездзіць на электрычнасці. Падштурхнула нарвежцаў да гэтага адмена пошлін і збораў на іх куплю.