Антыфэйк / фактчэк

11 лютага 2022

Фэйкі тыдня: На беларускім тэлебачанні ніколі не хлусяць

Давайце паглядзім пару сюжэтаў на тэлеканале, якімі кіруе Іван Эйсмант.

Аўтары:
Рэдактары:
У перадачы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» на мінулым тыдні зайшла размова аб сумленнасці. Кіраўнікі дзяржаўных СМІ абураліся ад багацця, як яны лічаць, фэйкаў у замежных СМІ, і запэўнівалі тэлегледачоў, што самі яны зусім не такія.

«Уявіце, калі б нас злавілі на такой фальсіфікацыі», - сцвярджаў кіраўнік БТ Іван Эйсмант.

«Не, з нашага боку, з боку журналістаў, мы такіх фальсіфікацый сабе не дазваляем», - паўтараў яму кіраўнік праўладнага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.

«Мы апрыёры, вось яно зашыта ў прытомнасць, паважаем свайго падпісчыка, калі гэта газета, свайго гледача, слухача на радыё. І мы не можам ім карыстацца, ім хлусіць. А там іншая філасофія», - не адставаў ад іх галоўрэд «СБ.Беларусь сегодня» Зміцер Жук. 

Карацей, усё вакол хлусяць, і толькі дзяржаўныя СМІ Беларусі - гавораць праўду. Што ж, давайце паглядзім пару сюжэтаў на тэлеканале, якімі кіруе Іван Эйсмант.

Напрыклад, першы намеснік Івана Эйсманта і па сумяшчальніцтве вядучы БТ Сяргей Гусачэнка ў праграме «Зразумелая палітыка» заявіў, што рэйтынг Джо Байдэна ўпаў ніжэй за плінтус - да 21 працэнта.

«ЗША пасля Аўганістана патрэбна маленькая пераможная вайна. І гэта разумеюць ці не ўсе, акрамя самой украінскай эліты. Рэйтынг Байдэна абнавіў гістарычны мінімум - 21%». 

Насамрэч рэйтынг амерыканскага прэзідэнта зараз складае 41%. Вось вынікі апошняга нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага даследчым цэнтрам Pew Research Center з 10 па 17 студзеня 2022 года. Але Гусачэнка дазволіў сабе яго зменшыць у два разы.

А вось яшчэ адзін фэйк ад Гусачэнкі. Ён кажа, што тэлеканал CNN, той самы, які задаў Лукашэнку няправільныя пытанні, ідзе на дно, яго рэйтынгі абрынуліся.

«На працягу ўсяго года CNN антылідэр па стратах аўдыторыі сярод амерыканскіх тэлеканалаў. Рупар ліберальнай позвы проста зарэкамендаваў сябе няйначай як фабрыка фэйкаў. І сёння медыятытанік упарта ідзе на дно».

Насамрэч, Гусачэнка не дамаўляе. Заўсёды ў год выбараў рэйтынгі CNN узлятаюць, і пасля выбараў – падаюць. І зараз, нават пасля адтоку аўдыторыі пасля выбараў, канал больш папулярны, чым быў да іх. Па дадзеных даследчай кампаніі Нильсен, CNN да дна далёка. 

«CNN завершыць 2021 другім па папулярнасці годам за ўсю гісторыю, пачынаючы з яго запуску ў 1980 годзе. Яго агульная аўдыторыя гледачоў саступае толькі 2020 годзе, а гэта азначае, што апошнія два гады былі двума самымі папулярнымі гадамі CNN».

Ідзем далей. У госці на перадачу «Скажы не маўчы» паклікалі акцёра і адэпта Аляксандра Лукашэнку Уладзіміра Гасцюхіна, дзе ён выказаўся пра бел-чырвона-белы сцяг.

«Ён быў першапачаткова варожы. Я ведаў, што ён вісеў на ратушы. Вось гэты вялікі вялізны сцяг, партрэт гітлера і побач свастыка. Вось гэта заўсёды, увесь час вісела».

Бел-чырвона-белы сцяг не мог вісець на ратушы побач са свастыкай падчас вайны па адной простай прычыне - ратушы падчас вайны не было. Мінская ратуша была разбурана яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя. А адноўлена толькі ў 2004-м. 

А фэйк, што ў Лукашэнкі высокі рэйтынг даверу сярод украінцаў, увогуле не сыходзіць з дзяржаўных тэлеканалаў. На гэты раз яго агучыла супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Марыя Петрашка, даўшы ў пацверджанне… словы трох бабуль.

А калі спытаць не ў трох бабуль, а правесці апытанне грамадскай думкі, то акажацца, што давер не такі ўжо і высокі. Вось вынікі даследавання за верасень 2021 года. Лукашэнку пазітыўна ацэньваюць 12% украінцаў, хутчэй пазітыўна яшчэ 22%. Разам 34 працэнты. А негатыўна і хутчэй негатыўна - 59%. Вось такая папулярнасць. 

Дарэчы, тое, што Лукашэнка, па папулярнасці ва Украіне абышлі Дуда, Макрон, Байдэн і Меркель, дзяржСМІ таксама імкнуцца не заўважаць.

Фэйк ад ГУБАЗіК

ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале размясціў чарговае «пакаяльнае» відэа затрыманага, падпісаўшы, што гэта былы супрацоўнік праваахоўных органаў. 

Яго імя і прозвішча там не ўказалі, але падрабязна расказалі, што з органаў экс-сілавіка звольнілі яшчэ за два месяцы да ўсіх палітычных падзей у Беларусі, а ён потым узяў і «пераабуўся». 

«За перыяд сваёй службы ў 3 гады па ім праводзілася шэраг службовых праверак, пасля чаго яму было пазначана на дзверы. Быў звольнены ў чэрвені 2020 года з абавязацельствам кампенсацыі затрат на яго навучанне і выплат стыпендыі». 

Як стала вядома, на відэа Мікіта Старажэнка, былы супрацоўнік Следчага камітэта. У 2021 годзе Лукашэнка сваім указам пазбавіў ягонага звання старшы лейтэнант юстыцыі запасу менавіта «за палітыку».

А вось яго інстаграм. І мы тут знайшлі фота даведкі, у якой дакладна пазначана, калі і дзе ён служыў.

«Старажэнка Мікіта Ігаравіч служыў у Следчым камітэце з 24 ліпеня 2017 года па 20 жніўня 2020 года. Звольнены са службы загадам начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску ад 20 жніўня 2020 года №95».

Падпісана даведка рукой гэтага самага начальніка - Сяргеем Паско.

Атрымліваецца, ГУБАЗіК хлусіць, калі сцвярджае, што Мікіту Старажэнку звольнілі яшчэ ў чэрвені.

Больш за тое, мужчына сам спрабаваў звольніцца з органаў яшчэ ў ліпені - ён выклаў у інстаграм адказ таго самага Сяргея Паско, у якім ён піша, што разгледзеў рапарт аб звальненні Мікіты ад 22 ліпеня, але яго звальненне немагчымае.

Барозу – гей, а Меркель – лесбіянка

Мы працягваем адсочваць разам з «Менскай праўдай», як «бурна» праходзяць абмеркаванні праекту Канстытуцыі ў працоўных калектывах. На гэты раз супрацоўніца вяла запіс такога мерапрыемства ў Клецкім філіяле "Слуцкага сыраробнага камбіната", куды прыехалі з агітацыяй філосаф Мікалай Шчокін і былы палітычны зняволены Юрый Васкрасенскі.

Пытанняў з залы, мяркуючы па відэа, да іх прыляцела роўна 0.

Але агню мерапрыемству дадаў былы дэпутат, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер старшыня наглядальнай рады «Слуцкага сыраробнага камбіната» Мікалай Іванчанка. Ён усім даступна і аргументавана патлумачыў ад каго Лукашэнка выратаваў нашых дзяцей. 

«Барозу - гомік, Меркель - лесбіянка». 

Не выключаем, што слуцкі чыноўнік нейкім чынам прысвечаны ў таямніцы асабістага жыцця еўрапейскіх чыноўнікаў. Мы ж такой інфармацыяй не валодаем. Але з адкрытых крыніц вядома, што Жазэ Барозу, былы кіраўнік Еўракамісіі, якога Лукашэнка некалі назваў «казлом», жанаты і мае трох сыноў. А былы канцлер Нямеччыны Ангела Меркель замужам. І галасавала супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў.