Радзільня, якая трапіла пад абстрэл у Марыупалі даўно не працавала
Вялізную хвалю фэйкаў на мінулым тыдні выклікала бамбёжка дзіцячай бальніцы і радзільні ў Марыупалі. Беларускія і расійскія СМІ і тэлеграм-каналы сцвярджалі, што радзільны дом даўно не працаваў, таму пацярпелых там быць не можа. Усе пацярпелыя - гэта фэйк.
Так, тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы», як жалезны доказ, прыводзяць словы нейкага жыхара Крыма ў інтэрв'ю Стужцы.ру.
«Ігар распавёў, што ў апошнія дні лютага ў радзільню, дзе працуе ягоная маці, прыйшлі людзі ў форме. Ён не ведае, ці былі гэта байцы ВСУ або нацыяналістычнага батальёна «Азоў» (забаронены ў РФ). Ваенныя збілі ўсе замкі, разагналі персанал радзільнага дома, а ў будынку зладзілі агнявыя кропкі, каб, як яны патлумачылі медыкам, падрыхтаваць да абароны “крэпасць Марыупаль”».
Пра які радзільны дом ідзе гаворка, Лента.ру не ўдакладняе. А між тым у Марыупалі тры радзільныя дамы - радзільны дом №1, 2 і радзільнае аддзяленне былой бальніцы №3.
Расійскі Першы канал тыражуе тлумачэнне міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова.
«На паседжанні Рады Бяспекі ААН былі прад'яўленыя факты нашай дэлегацыяй аб тым, што гэты радзільны дом даўно захоплены батальёнам «Азоў» і іншымі радыкаламі, адкуль выгналі ўсіх парадзіх, усіх медсясцёр і наогул увесь абслуговы персанал, гэта была база ультрарадыкальнага батальёна. Гэтыя дадзеныя былі прад'яўлены тры дні таму. Таму рабіце высновы самі, якім чынам маніпулююцца грамадскія думкі ва ўсім свеце».
І далей дэманструе тыя самыя даныя, якія былі прад'яўлены раней пастаянным прадстаўніком Расіі Васілём Небензям на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 8 сакавіка.
«Мясцовыя жыхары паведамляюць, што, выгнаўшы ўвесь персанал радзільнага дома горада Марыупаль, ВСУ абсталявалі ў ім агнявую пазіцыю».
А зараз паглядзім гэты момант выступу пастпрэда на відэа, якое размешчана на афіцыйным youtube-канале Пастаяннага прадстаўніцтва Расіі пры ААН.
«Мясцовыя жыхары паведамляюць, што, выгнаўшы ўвесь персанал радзільнага дома №1 горада Марыупаль, ВСУ абсталявалі ў ім агнявую пазіцыю».
Аказваецца, Першы канал выразаў са слоў Небензі нумар радзільнага дома, дзе па звестках Расіі былі абсталяваны агнявыя пазіцыі. Гэта значыць, нават калі верыць словам пастпрэда РФ пры ААН, ВСУ абсталявалі сабе пазіцыі ў радзільным доме №1 Марыўпаля. А разбамбілі расіяне радзільнае аддзяленне 3-й бальніцы.
У тым, што пацярпеў не першы радзільны дом, таксама сумненняў няма. Раддом №1 у Марыупалі выглядае вось так і знаходзіцца на Металургічнай вуліцы. А радзільнае аддзяленне бальніцы №3 цяпер уваходзіць у склад Марыупальскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання "Здароўе дзіцяці і жанчыны" і знаходзіцца на праспекце Міра. Вось яго фота. Па характэрных яркіх будынках бачна, што пацярпела менавіта былая 3-я бальніца.