Эмануэль Макрон ужо другі раз заявіў пра магчымую адпраўку французскіх войскаў ва Украіну 16 сакавіка 2024 года. Гэта выклікала павышаную цікавасць да палітыка з боку беларускіх медыяў. Праз два дні на сайце Белтэлерадыёкампаніі з'явілася нататка з загалоўкам «Французы адкрыта смяюцца са свайго Макрона-Напалеона» і фатаграфіяй вокладкі быццам бы французскага часопісу.
«На французскім канале France 24 весела абмяркоўваюць "доўгачаканую" вокладку часопіса, дзе Макрон намаляваны як аскубаны злы певень», — гаворыцца ў нататцы.
У тэксце ёсць спасылка, якая вядзе ў тэлеграм-канал «Шкварка 2.0», дзе таксама апублікавана фота вокладкі і відэа з тэлеканалу France 24. На ім госці ў студыі нібыта абмяркоўваюць гэты выпуск выдання.
Журналісты Weekly Top Fake знайшлі арыгінал відэа на сайце тэлеканалу. Там усё супадае. Акрамя вокладкі часопісу. На ёй няма Макрона і певень не аскубаны. Гэта азначае, што навіна на сайце Белтэлерадыёкампаніі і ў канале «Шкварка 2.0» фэйкавая.