Антыфэйк / фактчэк

16 мая

Барацьба з савецкай спадчынай шкодзіць развіццю краіны? Правяраем заяву дэпутата Гайдукевіча

Малдова — сапраўды не самая багатая дзяржава. Але, напрыклад, заробкі там ужо абагналі беларускія.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 06.05.2024
Эканамічныя дасягненні постсавецкіх дзяржаў звязаны са стаўленнем да свайго мінулага. Да такой высновы прыйшоў дэпутат Алег Гайдукевіч. Як прыклад, які пацвярджае гэтую тэорыю, ён прывёў «жабрацкую» Малдову. Каманда Weekly Top Fake разабралася, ці так гэта. 

Пра ўзаемасувязь узроўню развіцця краін і адносін да савецкага мінулага Алег Гайдукевіч разважаў у эфіры «Альфа Радыё» 6 мая 2024 года. 

«Пакажыце мне хоць адну краіну на постсавецкай прасторы, якая змагалася з савецкім мінулым, якая дасягнула хоць нейкіх станоўчых вынікаў у сваім развіцці. Нават Украіну не бяру. Добра. Украіна — зразумела. Малдова. Вунь яны змагаюцца — забаранілі георгіеўскія стужачкі. Заклікаюць 8 траўня святкаваць, а не 9 траўня. Што Малдова дасягнула? Жабрацкая! Краіна, якая нічога не вырашае. З якой толькі вывозяць лес. Людзі адтуль хочуць уцячы, працы няма, перспектыў няма, краіны няма. Дзе дасягненні?» — задаецца пытаннем дэпутат.

Малдова — сапраўды не самая багатая дзяржава. Але, напрыклад, заробкі там ужо абагналі Беларускія. У 2023 годзе малдаване ў сярэднім атрымлівалі $680, а беларусы — менш за $600. 

Вышэй у Малдове і мінімальны заробак. Са студзеня гэтага года ён складае 5000 лееў (прыкладна $283), а ў Беларусі — 626 рублёў ($194 паводле актуальнага курсу). Але гэта не самы аб'ектыўны паказнік.

Для ацэнкі ўзроўню жыцця звычайна ўжываюць індэкс чалавечага развіцця, які разлічвае Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ПРААН). Цяпер Беларусь у рэйтынгу займае 69 месца, а Малдова — 86-е. Але за апошнія дзесяць гадоў Малдова паднялася амаль на 30 пазіцый, а Беларусь апусцілася на 16. 

Таксама Гайдукевіч раскрытыкаваў эканамічныя дасягненні краін Балтыі. 

«Бяром далей — Прыбалтыка. Яны люта змагаюцца з савецкім мінулым, з расейскай мовай... Нядаўна адна з чыноўнікаў Літвы заявіла, што наша бяда ў тым, што ў нас яшчэ вельмі шмат імперскай спадчыны савецкай эпохі... Яшчэ шмат прадпрыемстваў, кажа, засталося, яшчэ шмат дамоў стаіць. Яшчэ шмат чаго засталося з савецкага часу. Дурніца! Гэта апошняе, што ёсць у Літвы! Знішчыць гэта — і наогул нічога не будзе. Вы і так амаль усе знішчылі. Гэты чалавек адкрыта кажа "засталося занадта шмат савецкага"... А ты скажы, што за 30 гадоў новага зрабілі? Дзе новыя дасягненні Літвы, акрамя супрацьтанкавага рова? Нічога няма, вось у чым бяда. <...> Бяром Беларусь — збераглі гісторыю і дасягненняў у сто разоў больш».

Сярэдні заробак у Літве перавысіў €2100, мінімальны — €924, краіна ў індэксе чалавечага развіцця на 37 месцы. Там сапраўды зачыніліся многія пабудаваныя пры СССР прадпрыемствы, але на іх месца прыйшлі дзясяткі міжнародных кампаній. Яны плацяць жыхарам Літвы высокія заробкі, а бюджэт краіны атрымлівае вялікія падатковыя адлічэнні.

З Беларусі ж многія кампаніі наадварот сыходзяць. За апошні час свае офісы ў нашай краіне зачынілі Wargaming, Flo, Gurtam, PandaDoc і іншыя. Некаторыя з іх пераязджаюць менавіта ў Літву. ЕРАМ і Wargaming летась у яе бюджэт заплацілі падаткаў на больш чым €35 млн. 

ВУП Літвы ў 2023 годзе перавысіў ВУП Беларусі, хоць насельніцтва гэтай краіны ўтрая меншае.