Антыфэйк / фактчэк

28 кастрычніка

«Хто яе абіраў? Ніхто!» Гайдукевіч параўнаў, як занялі пасады кіраўніца Еўракамісіі і прэм’ер Вугоршчыны, і памыліўся

Гайдукевіч не ўдакладніў, якія канкрэтна еўрапейскія медыі так напісалі. Каманда WTF не знайшла падобных паведамленняў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 09.10.2024
Алега Гайдукевіча абурыла крытыка Урсулы фон дэр Ляен на адрас Віктара Орбана. Сваю незадаволенасць беларускі дэпутат патлумачыў тым, што на пасаду кіраўніцы Еўракамісіі яе ніхто не выбіраў, у адрозненні ад усенародна абранага прэм'ер-міністра Вугоршчыны. Каманда Weekly Top Fake спраўдзіла, якім шляхам палітыкі атрымалі свае пасады. 

Урсула фон дэр Ляен 9 кастрычніка 2024 года раскрытыкавала Віктара Орбана за падтрыманне Расеі і перакладанне віны за пачатак вайны на Украіну. За дзень да гэтага прэм'ер-міністр Вугоршчыны заявіў, што ЕЗ павінен спыніць ваеннае падтрыманне Кіева, аказваць яго могуць асобныя краіны на нацыянальным узроўні. 

Каментуючы канфлікт палітыкаў 11 кастрычніка 2024 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1», дэпутат Алег Гайдукевіч назваў выступ фон дэр Ляен прыкладам недэмакратычнай сутнасці ЕЗ.

«Ведаеце, як еўрапейцы ахарактарызавалі канфлікт Урсулы і Орбана? У вядучых еўрапейскіх тэлеграм-каналах і СМІ пішуць: чалавек, якога ніхто нікуды не выбіраў... Гэта Урсула. Хто яе выбіраў, фон дэр Ляен? Ніхто! А яна вучыць і наязджае, назаву гэта нашым беларускім слэнгам, на чалавека, які ўсенародна абраны. Вось і ўсё, што трэба ведаць пра еўрапейскую дэмакратыю», — заявіў дэпутат. 

Гайдукевіч не ўдакладніў, якія канкрэтна еўрапейскія медыі так напісалі. Каманда WTF не знайшла падобных паведамленняў.

Урсулу фон дэр Ляен на пасаду кіраўніцы Еўракамісіі пераабралі ў ліпені 2024 года, але не на прамых выбарах. У галасаванні ўдзельнічалі дэпутаты Еўрапарламенту, якіх на прамых выбарах абіраюць грамадзяне краін ЕЗ. За фон дэр Ляен прагаласаваў 401 дэпутат, супраць — 284.

Віктара Орбана абіралі прэм'ер-міністрам Вугоршчыны па падобнай працэдуры: не ўсенародным галасаваннем, а шляхам галасавання ў парламенце. У 2022 годзе яго пераабралі на пасаду прэм'ера ў пяты раз. За яго былі 133 дэпутаты, супраць — 27.