Пост пра катастрафічны недахоп людзей у Літве аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» апублікавалі 4 верасня 2024 года.
«Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа раптам усвядоміў, наколькі вялікі адток насельніцтва з яго краіны і пачаў строга адчытваць усіх вакол з гэтай нагоды. Кажа, трэба было б гэтую тэндэнцыю неяк спыніць, сістэму квот якіх-небудзь увесці.
У 2023 годзе Літва страціла каля 22 тыс чалавек. Прычым з краіны драпаюць не толькі свае, але і панаехаўшыя, на якіх раней разлічвалі», — гаворыцца ў посце.
Таксама аўтары апублікавалі цытату прэзідэнта Літвы: «Нам сапраўды пара прытрымаць коней, таму што мы бачым, што тэма іміграцыі вельмі актуальная, і, як бачыце на прыкладзе Нямеччыны, нават вызначае вынікі выбараў».
Насамрэч у Літве адваротная сітуацыя — тых, хто прыехаў, занадта шмат. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2023 годзе з краіны з'ехалі амаль 22 тысячы чалавек, але прыбылі — 67 тысяч. Гэта значыць прырост насельніцтва склаў 45 тысяч чалавек.
Гітанас Наўседа заявіў, што некантралюемая іміграцыя ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, таму ён падтрымлівае ўвядзенне жорсткай сістэмы квот на іміграцыю.