Прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі не могуць быць свабоднымі і справядлівымі ў цяперашняй рэпрэсіўнай абстаноўцы ў краіне, заявіў 17 студзеня ўжо былы дзяржсакратар Дзярждэпартаменту ЗША Энтані Блінкен. Поўны тэкст выступу можна было знайсці на сайце амерыканскага знешнепалітычнага ведамства. Праз тыдзень БелТА напісала, што яго выдалілі:
«Дзярждэп ЗША выдаліў са свайго афіцыйнага сайта заяву былога дзяржсакратара Энтані Блінкена пра непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. На старонцы, дзе раней была апублікаваная заява, цяпер высвечваецца надпіс: "Выбачаемся за нязручнасці". Сам тэкст з асуджэннем выбараў у Беларусі быў выдалены».
На момант публікацыі нататкі на сайце Дзярждэпартаменту прамовы Блінкена сапраўды ўжо не было. Аднак у самым нізе старонкі, на якой яна была апублікаваная, указаная прычына: «Мы ствараем архіў сайта State.gov напрыканцы кожнай прэзідэнцкай адміністрацыі. Гэта стандартная практыка з канца адміністрацыі Клінтана ў 2001 годзе. Калі патрэбны вам кантэнт адносіцца да папярэдняй адміністрацыі, вы можаце скарыстацца пошукам па нашых архіўных сайтах». Пад гэтым дысклэймерам ёсць спасылка на архіў.
Каманда WTF перайшла ў архіў і па назве краіны знайшла тэкст з заявай Блінкена пра непрызнанне выбараў у Беларусі. З прыходам новага дзяржсакратара — гэтую пасаду 21 студзеня 2025 года заняў Марка Рубіа — на сайце Дзярждэпартаменту размяшчаюць навіны толькі пра яго і яго каманду.