Антыфэйк / фактчэк

02 верасня

Айцішнікі не плацілі падаткі? Дэпутат Клішэвіч выявіў несправядлівасць, але памыліўся з яе памерам

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра IT-спецыялістаў, якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій (ПВТ).

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 20.08.2024
Айцішнікі не плацілі падаткі, хоць прыносяць не больш карысці дзяржаве, чым фрэзероўшчык або токар, заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў і сябра Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Клішэвіч. На гэтую тэму да яго выказваўся і палітолаг Андрэй Лазуткін. Каманда Weekly Top Fake разабралася ў тонкасцях падаткаабкладання беларускіх IT-спецыялістаў.

Аб сацыяльна адказным бізнесе і справядлівасці дэпутат Сяргей Клішэвіч разважаў 20 жніўня 2024 года ў эфіры перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1». 

— Ваша пазіцыя якая, менш свабодаў? — спытала ў дэпутата вядоўца Вікторыя Папова. 

— Вядома ж не. Сацыяльна адказны бізнес, сацыяльна арыентаваны бізнес і справядлівасць у першую чаргу. Чым адрозніваецца сёння, да прыкладу, айцішнік ад работніка «Інтэграла», фрэзероўшчыка або токара? Чаму гэтыя былі вызваленыя ад выплаты падаткаў, а фрэзероўшчык на «Інтэграле» не вызвалены? У чым розніца? Што, ён менш карысці краіне прыносіць? Вядома, не. Таму ўзялі, зраўнялі сёння і ўсе плацяць аднолькавыя падаткі. І гэта справядліва, — адказаў Клішэвіч.

Што айцішнікі плацілі нібыта мізэрныя падаткі, згадваў і палітолаг Андрэй Лазуткін 16 жніўня ў эфіры «Азаронак. Наўпрост»: 

«Айцішнікі, якія плацілі падаткаў нуль: 0,1%, 0,01% ад падаходнага, які настаўнікі плацілі. 1% або паўадсоткі [плацілі айцішнікі], а гэтыя [настаўнікі] — 13%», — сказаў палітолаг.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра IT-спецыялістаў, якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Менавіта там прадугледжана ільготнае падаткаабкладанне. Аднак, што айцішнікаў вызвалялі ад падаткаў або яны плацілі паўадсоткі, — няпраўда.

Да 2021 года ў ПВТ для іх падаходны складаў 9% ад заробку, у той час як фрэзероўшчык або настаўнік плацілі па стаўцы 13%. Але калі ўлічыць, што заробак айцішніка быў вышэйшы, то і сама сума, выплачаная ў бюджэт, атрымлівалася не меншай, а, часам, большай, чым у фрэзероўшчыка або настаўніка. 

З 2021 года ільготу часова адмянілі. Цяпер айцішнікі плацяць, як і ўсе, 13% ад свайго заробку. 

Ад узносаў у ФСАН работнікаў ПВТ таксама не вызвалілі. Проста плацяць яны іх у тым жа памеры, што і сярэднестатыстычны працаўнік. Гэта значыць 1% ад сярэдняга заробку па Беларусі, а не ад той сумы, якую зарабіў айцішнік. 

Юрыдычных асоб-рэзідэнтаў ПВТ, то бок кампаніі ў складзе Парку, вызвалілі ад падаткаў. Яны не плацяць ПДВ, падатак на прыбытак, мытныя пошліны і многія іншыя зборы. Але гэта ніяк не тычыцца асабіста работнікаў гэтых прадпрыемстваў.