У выпуску перадачы «Аб'ектыўНа» на АНТ за 8 траўня 2024 года паказалі ўрывак з выступу Лоўрэнса Фінка, дзе ён кажа пра скарачэнне насельніцтва.
«Я хацеў бы памыляцца, але ці ў прамове генеральнага дырэктара магутнага фонду Blackrock Лары Фінка не знаёмыя нам парасткі ўсё таго ж зла?! Паслухайце!» — каментуе відэа вядоўца.
Далей паказваюць прамову Лоўрэнса Фінка:
«Я магу сцвярджаць, што ў развітых краінах у выйгрышы апынуцца тыя, у якіх скарачаецца насельніцтва. У маіх гутарках з кіраўніцтвам гэтых буйных развітых краін, якія праводзяць ксенафобскую іміграцыйную палітыку, яны не дазваляюць нікому прыязджаць. Гэтыя краіны будуць хутка развіваць робататэхніку, штучны інтэлект і тэхналогіі. Так што парадыгма адмоўнага росту насельніцтва будзе мяняцца, і сацыяльныя праблемы, якія ўзнікнуць пры замене людзей машынамі, будуць значна прасцей у тых краінах, дзе насельніцтва скарачаецца».
З вышэйсказанага вядоўца робіць выснову: «Каб робаты прыжываліся лепш, насельніцтва павінна быць менш. Нічога не нагадвае? Нацысцкі план "Ост" акурат пра лішніх людзей. Як вядома, яго мэтай было вызваленне жыццёвай прасторы для расы спадароў».
Гэтая выснова супярэчыць цытаце. Калі карыстацца тэрміналогіяй вядоўцы, то Фінк кажа акурат пра скарачэнне «расы спадароў».
На думку Лары Фінка, хуткі дэмаграфічны рост у краінах, якія развіваюцца, не з'яўляецца залогам эканамічнага поспеху і не дазволіць ім скараціць эканамічны разрыў з развітымі краінамі. У першую чаргу дзякуючы хуткаму развіццю тэхналогіяў у апошніх. Па словах фінансіста, робаты закрыюць істотную долю патрэбы сусветнай эканомікі ў жывой працоўнай сіле, якую прадстаўляюць краіны, якія развіваюцца.
А для таго, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў гэтага, Фінк прапануе краінам, якія развіваюцца, не скарачаць насельніцтва, а інвеставаць у адукацыю. Гэта становіцца зразумела, калі паглядзець выступ фінансіста цалкам:
«Так што парадыгма адмоўнага росту насельніцтва будзе мяняцца і сацыяльныя праблемы, якія ўзнікнуць пры замене людзей машынамі, будуць значна прасцей у тых краінах, дзе насельніцтва скарачаецца, і таму для тых краін, дзе насельніцтва расце, адказам будзе адукацыя і хуткае развіццё. Вы ведаеце, для тых краін, у якіх няма асновы вяршэнства закона або адукацыі, яны застануцца [ззаду], разрыў будзе станавіцца ўсё больш і больш экстрэмальным, на жаль», — растлумачыў Фінк.