Антыфэйк / фактчэк

28 жніўня

Выратаваў Палац Незалежнасці ад штурму і разагнаў пратэстоўцаў? Лукашэнка распавёў старую гісторыю па-новаму

Гэтая гісторыя адрозніваецца ад той, якую 23 жніўня 2020 года апублікавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант у тэлеграм-канале «Пул Першага».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 19.08.2024
Аляксандр Лукашэнка распавёў пра падзеі жніўня 2020 года: як падляцеў да Палацу Незалежнасці, калі пратэстоўцы збіраліся яго штурмаваць, як пайшоў да іх са зброяй і як людзі ўцякалі, бліскаючы пяткамі. Каманда Weekly Top Fake выявіла, што гэты аповед не супадае з тым, што казала ў той дзень, 23 жніўня 2020 года, яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант. 

Падрабязнасцямі пра штурм Палацу Незалежнасці ў Менску, які не адбыўся, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся 19 жніўня 2024 года падчас інтэрв'ю вядоўцу тэлеканалу «Россия» Яўгену Папову. 

«Я падляцеў да Палацу Незалежнасці, выходжу ўжо ў такой гарачцы. Думаю, яны штурмаваць ішлі Палац Незалежнасці. Мяне службы бяспекі начальнік сустрэў, кажу: "Хлопцы, не чапайце іх, як толькі яны пойдуць на штурм, мы з імі будзем разбірацца. Па законе!”. Ну, а потым, каб гэтага не дапусціць, я пайшоў наўпрост, і яны бегчы пачалі. Яны ўбачылі мяне ўзброенага і некалькі чалавек. Там не трэба было страляць ужо. Яны ўжо беглі і пяткі бліскалі. Першы раз у жыцці бачыў, як бліскаюць пяткі», — распавёў Лукашэнка.

Гэтая гісторыя адрозніваецца ад той, якую 23 жніўня 2020 года апублікавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант у тэлеграм-канале «Пул Першага».

«Увесь сённяшні дзень з самай раніцы кіраўнік дзяржавы працаваў у сітуацыйным цэнтры ў Палацы Незалежнасці, кантраляваў абстаноўку і сітуацыю. У тым ліку ў той момант бліжэй да вечару, калі так званыя мітынгоўцы пайшлі на своеасаблівы штурм будынку. У гэтыя хвіліны кіраўнік дзяржавы таксама знаходзіўся ў Палацы», — апісала сітуацыю Эйсмант. 

Відэа, на якое наклалі голас прэс-сакратаркі, не пацвярджае, што быў штурм. Людзі каля Палацу паводзяць сябе не агрэсіўна. 

«Зрэшты, можам сказаць, што смеласці ў мітынгоўцаў хапіла ненадоўга. Убачыўшы, што можа здарыцца, гэтыя людзі завярнуліся і літаральна пабеглі ў зваротным кірунку», — распавяла Эйсмант. 

Прэс-сакратарка адзначыла, што мітынгоўцы самі ўцяклі, Аляксандр Лукашэнка тут ні пры чым.

«Пасля гэтага прэзідэнт выклікаў верталёт і абляцеў горад, з вышыні паглядзеў на так званы мітынг. Таксама кантраляваў, вядома ж, абстаноўку. Вярнуўшыся неўзабаве ў Палац Незалежнасці, перш за ўсё прэзідэнт падзякаваў хлопцам, тым, хто абараняў палац па перыметры. Таксама падышоў да хлопцаў з АМАПу», — завяршыла аповед прэс-сакратарка.

І толькі на гэтых словах з'яўляюцца кадры, на якіх Аляксандр Лукашэнка ходзіць з аўтаматам без ражка. Эйсмант сказала, што ён абляцеў горад на верталёце ўжо пасля таго, як пратэстоўцы нібыта ўцяклі ад Палацу Незалежнасці. То бок Лукашэнка прызямліўся там не для таго, каб абараняць Палац, бо каля яго ўжо нікога не было.

Гэта пацвярджае і відэа з нагрудных камер амапаўцаў, якія стаялі ў ачапленні. На ім відаць, што ў момант з'яўлення Лукашэнкі ля шэрагаў АМАПу дарога пустая.