Антыфэйк / фактчэк

27 лістапада

Пуцін суровы і сур'ёзны? Праверылі словы палітолага Ялфімава пра ацэнку Меркель выступу прэзідэнта Расеі

22 лістапада, у часопісе Der Spiegel сапраўды апублікавалі вялікае інтэрв'ю з Ангелай Меркель.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 22.11.2024
Былую канцлерку Нямеччыны Ангелу Меркель уразіла сур'ёзнасць і суровасць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна падчас яго звароту з нагоды запуску новай ракеты па Украіне, заявіў палітолаг Вадзім Ялфімаў. Каманда Weekly Top Fake прачытала інтэрв'ю Меркель і знайшла іншую ацэнку Пуціна. 

Расея ўдарыла па Украіне сваёй новай балістычнай ракетай сярэдняй далёкасці «Арэшнік», заявіў Уладзімір Пуцін у спецыяльным звароце да расейцаў 21 лістапада 2024 года. Гэта адбылося пасля таго, як ЗША, Францыя і Вялікая Брытанія дазволілі Кіеву наносіць удары дальнабойнымі ракетамі Storm Shadow па цэлях, размешчаных на тэрыторыі РФ. «Арэшнік» можа біць па цэлях на адлегласці прыкладна ад адной да пяці тысяч кіламетраў, а значыць даляціць да любой кропкі ў Еўропе, пісалі пасля выступу расейскія медыі. 

Абмяркоўваючы ў той дзень заяву Уладзіміра Пуціна з дэпутатам Сяргеем Дзікам, вядоўца «Радыё Менск» Вадзім Ялфімаў заявіў у эфіры, што цяпер «з амерыканцамі размова пайшла па-сур'ёзнаму». І дадаў, што гэтая сур'ёзнасць у выступе расейскага прэзідэнта ўразіла былую канцлерку Нямеччыны Ангелу Меркель:

«Вось я пачытаў інтэрв'ю Меркель, і вось яна сказала, што яе ўразіла сур'ёзнасць і суровасць прэзідэнта Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна ў гэтай сваёй кароткай прамове, якой ён суправадзіў, паведамленне пра ўжыванне, пра выпрабаванне, паспяховым выпрабаванні ракеты “Арэшнік". Ну, спадарыня Меркель, напэўна, нядрэнна ведае Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна».

У дзень гэтага эфіру, 22 лістапада, у часопісе Der Spiegel сапраўды апублікавалі вялікае інтэрв'ю з Ангелай Меркель. Яно прысвечана выхаду яе мемуараў, у якіх экс-канцлер сярод іншага распавяла, якое меркаванне ў яе склалася пра Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна за гады сумеснай працы з палітыкамі. У мемуарах Меркель успамінае Пуціна як чалавека, які быў заўсёды напагатове і ўвесь час баяўся, як бы з ім не абышліся дрэнна.

У інтэрв'ю журналіст Der Spiegel таксама спытаў яе пра Пуціна. Меркель ахарактарызавала яго такімі словамі: «У мяне ніколі не было ніякіх ілюзій наконт яго. У яго заўсёды былі дыктатарскія схільнасці, і яго самаздаволенне часта мяне хвалявала». 

Выступ Пуціна пра запуск ракеты «Арэшнік» у інтэрв’ю не абмяркоўваўся зусім. Суразмоўцы толькі закранулі тэму вайны Расеі супраць Украіны і палітыку Нямеччыны ў дачыненні да РФ пры Меркель.

Іншых інтэрв'ю з былой канцлеркай пасля прамовы Пуціна не выходзіла.