Антыфэйк / фактчэк

02 снежня

Першы ў свеце прататып камбайна стварылі на Магілёўшчыне? Праверылі гісторыю ад Аляксандра Лукашэнкі

У 1826 годзе машыну, якая ўмела жаць каласы, вынайшлі ў Шатландыі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.11.2024
Еўрапейская аграрная адукацыя зарадзілася на Магілёўшчыне, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас святкавання «Дажынак» у горадзе Клімавічы. Там жа, паводле яго словаў, стварылі і першы ў свеце прататып камбайна. Каманда Weekly Top Fake праверыла альтэрнатыўную гісторыю ад Лукашэнкі і знайшла разыходжанні з афіцыйнай версіяй. 

Пра дасягненні Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка расказаў 16 лістапада 2024 года на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў падчас абласнога свята «Дажынкі» ў Клімавічах. Відэа яго выступу апублікавала БелТА.

«Першая ў Еўропе аграрная вну — гэта Горы-Горацкая земляробчая школа, якая расчыніла свае дзверы аж у 1840 годзе. <...> Дарэчы, менавіта там быў створаны першы ў свеце прататып збожжаўборачнага камбайна», — сказаў Лукашэнка. 

У Еўропе ёсць як мінімум тры вну, якія з'явіліся раней Горы-Горацкай земляробчай школы. Напрыклад, Нацыянальны інстытут аграноміі ў Парыжы быў заснаваны ў 1828 годзе. Цяпер ён з'яўляецца часткай інстытуту AgroParisTech. 

Варшаўскі ўніверсітэт прыродазнаўчых навук заснавалі ў 1816 годзе. Ён з'яўляецца найстарэйшым сельскагаспадарчым універсітэтам у Польшчы. Яшчэ раней, у 1804 годзе адкрылася сельскагаспадарчая акадэмія ў нямецкім пасёлку Мёглін. Яе заснаваў аграном Альбрэхт Даніэль Тэер. Пазней яна стала каралеўскай акадэміяй і праіснавала да 1861 года. 

Аляксандр Лукашэнка памыліўся і з прататыпам першага камбайна. Ён быў першым у Расейскай імперыі, а не ў свеце. Ідэя сапраўды належала беларусу, выпускніку Горацкага земляробчага вучылішча Андрэю Уласенку. Прылада, якую ён вынайшаў, магла зразаць каласы і абмалочваць іх. 

Малады аграном ў 1868 годзе падаў заяўку на патэнт і праз год атрымаў яго, але да прамысловай вытворчасці вынаходкі так і не дайшло — працэс канструявання палічылі занадта складаным для заводаў. 

У свеце першыя спробы стварыць камбайн зафіксаваныя чатырма дзесяцігоддзямі раней, чым Уласенка стварыў свой механізм. У 1826 годзе машыну, якая ўмела жаць каласы, вынайшлі ў Шатландыі. Першы запатэнтаваны ўзор з'явіўся праз дзесяць гадоў у ЗША. Ён жаў, малаціў і веяў.