Антыфэйк / фактчэк

30 верасня

Вядоўца «Беларусь 1»: немцы бягуць у Аўстралію, Японію і ЗША. Высветлілі, што ён не ўлічыў і дзе памыліўся

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2023-м у Нямеччыну прыехала больш людзей, чым з'ехала.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.09.2024
З Нямеччыны бягуць высокакваліфікаваныя работнікі ў пошуках лепшага жыцця, некаторыя яго шукаюць нават у Расеі і Беларусі, заявіў аўтар праекту «Голас Нямеччыны» Сяргей Фільберт у інтэрв'ю на тэлеканале «Беларусь 1». Каманда Weekly Top Fake разабралася, хто і куды бяжыць на самай справе і колькі людзей вяртаецца.

Пра тых, хто ўцякае з Нямеччыны, 16 верасня 2024 года ў эфіры праграмы «Зразумелая палітыка» разважалі вядоўца Сяргей Гусачэнка і Сяргей Фільберт, аўтар праекту «Голас Нямеччыны».

«Няма працы — няма і людзей. Паралельна ў пошуках лепшага жыцця з Нямеччыны пачынаюць бегчы. Паводле афіцыйнай статыстыкі ўраду, кожны год з Нямеччыны з'язджае да 300 тысячаў высокакваліфікаваных спецыялістаў. Асноўныя напрамкі — Аўстралія, Японія і зноў жа ЗША», — пералічыў Гусачэнка.

Затым сітуацыю пракаментаваў Фільберт:

«Кваліфікаваныя людзі бягуць, таму што тут ты не можаш дамагчыся таго ж узроўню жыцця сваёй прафесіяй спакойна, як гэта, да прыкладу, у Канадзе, Аўстраліі ці ў іншых еўрапейскіх краінах. Я ведаю людзей, якія ў Расею з'язджаюць і ў Беларусь».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2023-м у Нямеччыну прыехала больш людзей, чым з'ехала: 1,9 супраць 1,3 мільёна чалавек. Менавіта немцаў летась з краіны з'ехала каля 260 тысячаў. Прыехала — крыху больш за 190 тысячаў. Змяншэнне — 73 з лішкам тысячы немцаў. Такая тэндэнцыя прасочваецца з 2016 года, калі ў Нямеччыне яшчэ не было эканамічнага спаду.

Краіны для жыцця і працы немцы выбіраюць не тыя, што назваў Гусачэнка. У першай тройцы — нямецкамоўныя Швейцарыя і Аўстрыя, а таксама ЗША.

У Беларусь летась прыехалі 115 немцаў, з'ехалі — 162. У Расеі падобная сітуацыя: звыш трох тысячаў немцаў туды з'ехалі і каля пяці тысячаў — вярнуліся адтуль.