Антыфэйк / фактчэк

24 кастрычніка

АНТ выдаў дыскатэку ў польскім клубе за танцы ва ўкраінскай царкве. Каманда WTF знайшла арыгінал відэа

Журналісты WTF знайшлі месца з інтэр'ерам, падобным на паказаны на відэа.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.10.2024
Украінцы ў праваслаўных храмах арганізуюць начныя клубы, напісалі аўтары сайту тэлеканала АНТ. У пацверджанне гэтых слоў апублікавалі тры відэа нібыта з танцамі ў царкве ў Вінніцы. Каманда Weekly Top Fake даведалася, дзе насамрэч прайшла дыскатэка. 

У сярэдзіне кастрычніка 2024 года Свята-Міхайлаўскі сабор у Чаркасах ад Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату перайшоў у Праваслаўную царкву Украіны. Гэта прывяло да сутыкненняў паміж прыхільнікамі дзвюх Цэркваў, пацярпелі некалькі чалавек. На фоне гэтых падзей 16 кастрычніка 2024 года на сайце тэлеканала АНТ з'явілася навіна, што ўкраінцы ў храмах арганізоўваюць начныя клубы. 

«Ва ўкраінскім горадзе Вінніцы ў храме іконы Божай Маці "Усіх смуткуючых Радасць", аднятым у праваслаўных вернікаў забароненай кіеўскім рэжымам УПЦ, зладзілі дыскатэку. Кадрамі з дзействамі, якія не ўкладваюцца ў рамкі маралі і проста разумнага, дзеліцца расейскі журналіст Раман Галаванаў», — напісана ў нататцы. 

Раман Галаванаў, на якога спасылаецца АНТ, — карэспандэнт тэлеканалу «Спас» і каналу Салаўёў Live. Ён апублікаваў 12 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале тры кароткія відэаролікі, на якіх людзі танчаць пад украінскія песні.

«Храм адабралі ў праваслаўных. Аддалі раскольнікам з ПЦУ. На іх чорныя імшы ніхто не ходзіць, таму ў храме зладзілі дыскатэку», — гаворыцца ў подпісы да відэаролікаў.

Журналісты WTF знайшлі месца з інтэр'ерам, падобным на паказаны на відэа. Знаходзіцца яно ў Польшчы. Гэта варшаўскі клуб Room 13. Там тыя ж аркі і калоны, такая ж літара «В» на сцяне.

Таксама журналісты знайшлі першакрыніцу відэа з поста Галаванава. Ролікі апублікавалі ў сеціве розныя наведнікі клуба яшчэ ў 2019 годзе (1, 2, 3). На арыгінальных запісах людзі танчаць не пад украінскую музыку.