Расея 9 сакавіка паведаміла пра знішчэнне двух установак Patriot у Данецкай вобласці. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і ўкраінскі бок. Праз чатыры дні ваенны аналітык Аляксандр Алесін у інтэрв'ю БелТА заявіў, што гэта толькі частка праўды.
«У СМІ з'явілася паведамленне, што пасля знішчэння Расейскай Федэрацыяй двух пускавых установак комплексу Patriot і дапаможных машын, у Злучаных Штатах раптам пацярпеў катастрофу верталёт, на борце якога знаходзілася 30 вайскоўцаў. Шмат хто кажа, каб спісаць легальна гэтых людзей, і была прыдуманая гэтая авіяцыйная катастрофа. Для таго каб схаваць той факт, што амерыканскія вайскоўцы загінулі ў баявых дзеяннях на Украіне», — кажа ён.
Амерыканская прэса ў гэтыя дні паведамляла толькі пра адно крушэнне верталёта, у выніку якога загінулі вайскоўцы. Яно адбылося ў Тэхасе 8 Сакавіка, гэта значыць за дзень да паведамлення пра знішчэнне ўстановак Patriot ва Украіне. Тады загінулі два вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі і яшчэ адзін быў паранены.
Пра тое, што звыш 30 вайскоўцаў NATO маглі загінуць у выніку знішчэння двух зенітных ракетных комплексаў Patriot у Пакроўску Данецкай вобласці, паведамлялі расейскія СМІ са спасылкай на былога афіцэра амерыканскай арміі Станіслава Крапіўніка. Як паведамлялі расейскія медыі, Крапіўнік — ураджэнец Луганска. Ён служыў у арміі ЗША 20 гадоў таму, з 1993 па 2004 гады. З 2010-га Крапіўнік пражывае ў Расеі.