Антыфэйк / фактчэк

12 студзеня

На думку амерыканскіх экспертаў, Беларусь на 12-м месцы ў рэйтынгу ваеннай моцы краін. Выкрыццё фейка ад каманды Media IQ

Партнёрскі матэрыял БРЦ і Media IQ.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 28.11.2023
Беларусь у 2023 годзе, на думку амерыканскіх экспертаў, заняла 12-е месца ў рэйтынгу узброеных сіл. Так напісала журналістка «СБ. Беларусь сёння» Ганна Парфёнава ў справаздачы з выступу намесніка камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — начальніка авіяцыі Леаніда Давідовіча. Яго паказалі 28 лістапада мінулага года ў эфіры праграмы «PRO армію» на «СБ ТБ» . 

Парфёнава сцвярджае, што «вайскова-паветраныя сілы Беларусі ў 2022 годзе знаходзіліся на 47-м месцы сусветнага рэйтынгу, а ўзброеныя сілы — на 52-м. У гэтым (2023) годзе, паводле ацэнак амерыканскіх экспэртаў, Беларусь заняла ўжо 12-е месца». У арыгінале выступлення — на відэа — гэта сказаў вядоўца праграмы Аляксандр Цішчанка, прадстаўлены як эксперт па нацыянальнай бяспецы.

У 2022 годзе Беларусь сапраўды займала 47-е і 52-е месца ў рэйтынгу Global Firepower, крыніцы, вядомай ацэнкамі вайсковай моцы. Але ён не дае асобнага рэйтынгу для ваенна-паветраных сіл. У 2023-м Global Firepower у цэлым ранжыруе Беларусь на 60-м месцы па ваеннай моцы і 50-м па колькасці авіяцыі сярод 145 краін. 

Адкуль жа ў Беларусі ўзялося 12-е месца? Мабыць, «СБ. Беларусь сёння»  мае на ўвазе рэйтынг амерыканскага часопіса U. S. News & World Report пад назвай «У гэтых краін самыя моцныя ўзброеныя сілы» («These Countries Have the Strongest Militaries» ). Менавіта на яго спасылаецца аўтар праграмы «Дыспазіцыя» на тэлеканале «Беларусь 1»  Канстанцін Гагарын. У гэтым рэйтынгу Беларусі сапраўды адводзіцца 12-е месца ў катэгорыі «моцнае войска». Але ў ім прыводзяцца не меркаванні экспертаў, а апытанне 17 000 жыхароў 36 краін, якія дзяліліся сваім уяўленнем аб 73 аспектах жыцця шэрагу дзяржаў. У тым ліку аб моцнай арміі. Іншымі словамі, многія з апытаных асацыююць Беларусь з моцнай арміяй.