Пост з 15-секундным відэа тэлеканалу ABC News пра нібыта вялікія ўкраінскія страты ў вайне тэлеграм-канал «Зямля наша» апублікаваў 11 снежня 2024 года.
«Зяленскі працягвае гнаць пра мінімальныя страты ў ЗСУ, а на амерыканскім тэлеканале ABC news нават моцна не турбуюцца з нагоды яго іміджу. Там адразу кажуць пра мільён загінулых і сотні тысяч пакінутых без рук і ног украінцах.
Пры гэтым журналісты называюць тых, хто выжыў у агні, "неверагоднымі" — "Incredible". У пэўным сэнсе з ёй можна пагадзіцца, неверагодныя і ёсць», — гаворыцца ў подпісы да відэа.
Каманда WTF знайшла арыгінал відэа, апублікаванага тэлеграм-каналам. Гэта пяціхвілінны сюжэт тэлеканалу ABC News, з якога зрабілі адвольную нарэзку кадраў і наклалі іншую агучку. Арыгінальны відэасюжэт выйшаў у эфір у сакавіку 2023 года. У ім ішла гаворка пра параненых украінскіх вайскоўцаў, якія праходзяць рэабілітацыю ў ЗША.