Нягледзячы на выгаду ад супрацы з беларускімі рэгіёнамі ўлады Украіны, якія прыйшлі пасля Майдану 2014 года, былі вымушаныя разарваць яе. Да такой высновы прыйшлі кіраўнікі БСЖ і БТ Андрэй Крывашэеў і Іван Эйсмант у эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1» 28 чэрвеня 2024 года.
— Памятаеце, мы правялі такі форум рэгіёнаў з Украінай? І потым новыя ўкраінскія ўлады, якія прыйшлі ўжо пасля дзяржаўнага перавароту [у 2014 годзе], скардзіліся, што праз міжрэгіянальную супрацу беларускіх і ўкраінскіх рэгіёнаў ім цяжка супраць нас уводзіць санкцыі і абрываць сувязі. Таму што сувязь Гомля і Чарнігава там ці іншых разарваць складаней, чым Кіеву і Менску, — распавёў Крывашэеў.
— То бок, Украіне і ўкраінскім рэгіёнам гэта выгадна было, інакш яны б не працавалі, а нашым заакіянскім сябрам ... не вельмі выгадна. Ну, а мы ведаем, што Украіна, на жаль, не самастойная краіна, — працягнуў старшыня БТ Іван Эйсмант.
Форумы рэгіёнаў Беларусі і Украіны пачалі праводзіць пасля Майдану 2014 года. Першы прайшоў у 2018 годзе пры Пятру Парашэнку. Другі — у 2019 годзе пры Уладзіміры Зяленскім.
Трэці быў прызначаны на восень 2020 года, але ў Беларусі пачаліся пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, і Украіна не прызнала Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам. Пасля гэтага афіцыйны Кіеў прапанаваў узяць паўзу і перанесці форум на наступны год. У 2021-м беларускія ўлады прымусова пасадзілі самалёт Ryanair на тэрыторыі Беларусі, што справакавала ўзмацненне санкцый. Таму трэці форум так і не правялі.