Цэментны завод у Касцюковічах пахвалілі ў перадачы «Наш час» 14 красавіка 2024 года. Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў сакавіку запатрабаваў да 9 траўня прывесці ў парадак дарогі ў краіне. На АНТ паказалі, як ідзе праца, і распавялі, што ў Беларусі стаўку робяць на бетонныя дарогі, таму што для вытворчасці асфальту патрэбны «бітум з імпартнай нафты, а вось у бетону санкцыйная страхоўка абсалютная».
«Галоўны пастаўшчык сыравіны ў [Магілёўскай] вобласці — цэментны гігант у Касцюковічах. Больш за два мільёны тон. Рэкорды вытворчасці ўжо каторы год. У мадэрнізацыю ўклалі 25 млн рублёў. Зарабілі ўдвая больш», — распавяла Наталля Піткевіч у сюжэце.
Гігант у Касцюковічах — гэта «Беларускі цэментны завод». У 2012 годзе яго мадэрнізавалі — запусцілі другую тэхналагічную лінію па вытворчасці цэменту. Пры куплі новага абсталявання, яшчэ ў 2009 годзе, планавалі, што завод зможа выпускаць тры мільёны тон цэменту ў год. Але пасля мадэрнізацыі яго магутнасць — толькі два мільёны тон.
У мадэрнізацыю прадпрыемства ўклалі не 25 млн рублёў. Па дадзеных за 2011 год, запуск другой тэхналагічнай лініі на БЦЗ павінен быў каштаваць 736 млрд рублёў. На той момант гэта $245 млн. Але гэтыя разлікі апынуліся памылковымі. Мадэрнізацыя БЦЗ у выніку абышлася амаль у $450 млн.
Беларуская цэментная вытворчасць агулам працуе не так паспяхова, як планавалі ўлады. Тры заводы (у тым ліку Касцюковіцкі) вырабілі ў 2006 годзе менш за 4 млн тон цэменту. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 2011 года павялічыць выпуск да 10 млн тон. Пад гэта прыцягнулі кітайскія звязаныя крэдыты. Але будаўніцтва зацягнулася, падаражэла ў два разы. Цэны на цэмент за гэты час наадварот — упалі.
У выніку ў мадэрнізацыю ўклалі больш за мільярд долараў. Але замест запланаваных 10 млн тон цэменту атрымалі 5 млн тон. Такі аб'ём вытворчасці паказалі тры цэментныя заводы летась.
«Беларускі цэментны завод», як і астатнія беларускія прадпрыемствы гэтай накіраванасці, дагэтуль стратны і не можа самастойна пагасіць крэдыты. Дзяржава рэгулярна прыцягвае для гэтага грошы з бюджэту.