Антыфэйк / фактчэк

14 ліпеня

«...дзякуючы рашэнню прэзідэнта Лукашэнкі». Выкрыццё фэйка польскага суддзі, які ўцёк у Беларусь — ад Media IQ

Не распавёў Томаш Шмыт і пра тое, што будынак храма мінімум да кастрычніка 2022 года належаў дзяржаве.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 06.06.2024
Каталіцкі храм у Магілёве адрамантавалі і перадалі вернікам «дзякуючы рашэнню прэзідэнта Лукашэнкі», распавёў былы польскі суддзя Томаш Шмыт. У пачатку траўня 2024 года ён пераехаў у Беларусь і папрасіў ва ўладаў прытулку. Каманда Media IQ вывучыла гісторыю касцёла і высветліла, што ўсё было зусім не так, як кажа Шмыт. 

Польскі экс-суддзя Томаш Шмыт, які пасля пераезду ў Беларусь дае каментары беларускім дзяржаўным СМІ і вядзе перадачу «У тэме» на YouTube-канале БелТА, 6 чэрвеня 2024 года апублікаваў у сябе ў сацсетках відэа з Магілёва. Яно знята на фоне катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі і Святога Станіслава. У ім Шмыт распавядае, што гэты храм адрамантавалі і вярнулі вернікам дзякуючы Аляксандру Лукашэнку — нібыта гэта было яго рашэнне. 

 «Гэта выдатны касцёл у стылі барока. Касцёл быў адрамантаваны дзякуючы рашэнню прэзідэнта Лукашэнкі. У канцы ХХ стагоддзя ён вярнуўся ў каталіцкую групу. Раней, наколькі я памятаю, тут была бібліятэка, але дзякуючы рашэнню прэзідэнта Лукашэнкі вярнуўся гэты касцёл каталікам», — кажа Томаш Шмыт на відэа. 

Насамрэч катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Дзевы Марыі і Святога Станіслава, які ў 1935 годзе канфіскавалі савецкія ўлады, вярнулі вернікам яшчэ ў 1990 годзе. Тады Беларуссю кіраваў Вярхоўны Савет БССР. Храм адрэстаўравалі да 1994 года. Гэта значыць да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. 

Не распавёў Томаш Шмыт і пра тое, што будынак храма мінімум да кастрычніка 2022 года належаў дзяржаве, а каталіцкай парафіі яго толькі перадалі ў карыстанне.