Антыфэйк / фактчэк

13 лютага

Пуцін заявіў, што эканоміка Расеі стала першай у Еўропе. «Наша Ніва» праверыла, ці гэта так

Праверка сцвярджэння Уладзіміра Пуціна аб тым, што расейская эканоміка стала першай у Еўропе.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.01.2024
Эканоміка Расеі стала першай у Еўропе па парытэце пакупніцкай здольнасці і пятай у свеце. Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін на сустрэчы з далёкаўсходнімі прадпрымальнікамі 11 студзеня 2024 года. Праверка «Нашай Нівы» паказала, што расейскі прэзідэнт абраў не самы аб'ектыўны паказнік для параўнання. 

«Быццам бы нас з усіх бакоў душаць, ціснуць, а мы сталі па аб'ёме эканомікі ў цэлым першыя ў Еўропе, мы абагналі ФРГ і занялі пятае месца ў свеце: Кітай, ЗША, Індыя, Японія, Расея. У Еўропе — нумар адзін. Па парытэце пакупніцкай здольнасці мы абагналі ўсю Еўропу», — цытуюць Пуціна расейскія медыі. 

Гаворачы пра эканамічныя дасягненні Расеі, прэзідэнт згадвае паказнік ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці (ППЗ). Прасцей кажучы, гэта ВУП з улікам адрознення кошту жыцця ў розных краінах свету. Гэты паказнік патрэбны для міжнароднага параўнання эканамічнай магутнасці краін. 

Па дадзеных World Economics, за 2023 год ВУП па ППЗ Расеі сапраўды апярэдзіў Нямеччыну і заняў пятае месца ў свеце. Аднак эксперт BEROC Анастасія Лузгіна кажа, што памер ВУП па ППЗ — гэта не той эканамічны паказнік, які найлепшым чынам падыходзіць для параўнання эканамічных поспехаў розных краін. Паводле яе слоў, больш паказальным будзе ВУП па ППЗ на душу насельніцтва:

«Усе краіны розныя па памеры. У краінах, дзе больш пражывае і працуе людзей, больш рэсурсаў для вытворчасці тавараў і паслуг. Няправільна параўноўваць сукупны ВУП па ППЗ, напрыклад, Індыі і Балгарыі».

Лузгіна тлумачыць, што памеры эканомікі Індыі і колькасць занятых у ёй людзей непамерна больш, чым у Балгарыі. Але гэта зусім не азначае, што эканоміка Індыі багацей. І таму аптымальным для карэктнага параўнання будзе паказнік ВУП па ППЗ на душу насельніцтва.

У топ па ППЗ Расея трапіла менавіта дзякуючы колькасці насельніцтва — па гэтым паказніку яна ў Еўропе першая (146,5 мільёна чалавек, хоць геаграфічна вялікая частка знаходзіцца ў Азіі). Калі ж палічыць узровень ВУП па ППЗ на душу насельніцтва, то сітуацыя па краінах істотна зменіцца, у тым ліку і для Расеі. 

«Напрыклад, у Кітаі, які па ўзроўні ППЗ займае першае месца, ВУП па ППЗ на душу насельніцтва складае $23,3 тысячы, у ЗША — $80 тысяч, у Расеі — $35,3 тысячы, а ў Індыі — $9,2 тысячы, хоць у агульным рэйтынгу, на які спасылаецца Пуцін, Індыя знаходзіцца на трэцім месцы», — кажа Лузгіна.

Шмат якія еўрапейскія краіны абыходзяць Расею ў рэйтынгу ВУП па ППС на душу насельніцтва за 2023 год. Да прыкладу, у Польшчы паказнік складае $45,54 тысячы, у Літве — $49,24 тысячы, у Латвіі — $40,89 тысячы, у Нямеччыне — $66,04 тысячы.