Польшча 11 лістапада адсвяткавала Дзень незалежнасці. На наступны дзень аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» апублікавалі відэа, на якім дзеці спяваюць песню «Червона калина».
«Відэа — учорашняе. Пакуль палякі апантана святкавалі Дзень незалежнасці, вывеўшы толькі на вуліцы Варшавы каля 100 000 нацыяналістаў, у ціхай правінцыйнай школе была свая атмасфера.
У Пулавах на вечары ў гонар свята малыя з пачатковай школы № 2 праспявалі любімую песню палякаў "Червона Калина". Менавіта пад гімн УПА бандэраўцы бязлітасна рэзалі іх продкаў», — пракаментавалі відэа аўтары паста.
Дырэктарка школы, пра якую напісаў «ЖС Premium», на старонцы ўстановы ў фэйсбуку патлумачыла, што апублікаваны запіс — стары. Відэа знялі ў 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна на тэрыторыі Украіны. Спяваюць «Червону калину» не палякі, а дзеці ўкраінскіх уцекачоў, якія пераехалі ў Польшчу. Яны падрыхтавалі выступ як жэст падзякі за аказаную ім дапамогу.
Дырэктарка школы дадала, што сёлета на ўрачыстасцях у гонар Дня незалежнасці ўсе дзеці ў гэтай школе выконвалі толькі польскія патрыятычныя песні.