Антыфэйк / фактчэк

14 снежня 2023

«Зеркало» патлумачыла, чаму словы міністра пра памяншэнне выкідаў парніковых газаў у Беларусі — маніпуляцыя

Чыноўнікі рэгулярна маніпулююць лічбамі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 29.11.2023
За дзень да выступлення Аляксандра Лукашэнкі на Канферэнцыі па змяненні клімату міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык распавёў пра дасягненні Беларусі ў скарачэнні выкідаў парніковых газаў.

«Беларусь у поўнай меры выконвае ўзятыя на сябе абавязанні па Парыжскім пагадненні і нават перавыконвае іх. Паводле звестак дзяржаўнага кадастру выкідаў і паглынання парніковых газаў, у 2021 годзе Беларусь скараціла выкіды на 36,7%», — заявіў Худык 29 лістапада.

Прадстаўнікі «Зялёнай сеткі» — аб'яднання грамадскіх экалагічных арганізацый, экспертаў і актывістаў Беларусі — заявілі, што ўсё не зусім так, як кажа міністр.

Беларусь у 2015 годзе ўзяла на сябе абавязанні па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на 28% да 2030 года адносна 1990 года. Але ўжо тады, у 2015-м, аб'ём выкідаў скараціўся на 46,3% да 1990 года. Прычына гэтага — распад СССР, пасля якога ў Беларусі зачыніліся шматлікія прадпрыемствы, якія працавалі на саюзныя праекты. І нават з улікам таго, што ў 2021 годзе краіна падняла планку да 35%, для скарачэння выкідаў ёй практычна нічога спецыяльна рабіць не трэба.

Такія маніпулююць лічбамі чыноўнікі рэгулярна, напрыклад, змяняючы кожны год каэфіцыенты пераліку ў справаздачах, якія падаюцца ў сакратарыят Рамачнай канвенцыі па змяненні клімату (РКЗК) ААН. Эксперты «Зялёнай сеткі» правялі аналіз дзяржаўных кадастраў парніковых газаў за 2015, 2017, 2019, 2021, 2023 гады і заўважылі неадпаведнасць рэальнай сітуацыі.

«Рос сабе лес у 2013 годзе, “суперспецыялісты” разлічылі паглынанне парніковых газаў, а затым штогод да таго ж самага лесу ўжывалі іншыя каэфіцыенты, якія рабілі больш прыгожую карцінку для справаздач», — піша «Зялёны партал».

У выніку з 2015 па 2023 год паглынанне парніковых газаў адным і тым жа беларускім лесам, стан якога зафіксаваны ў лясным кадастры краіны (ён не памаладзеў, не павялічыўся ні ў плошчы, ні ў патэнцыйнай прадуктыўнасці і хуткасці росту дрэў, не стаў зелянейшым, таўсцейшым, вышэйшым), згодна з адкрытымі справаздачамі, узрасла ў 2,1 разы.

Эксперты «Зялёнай сеткі» кажуць, што сёння Беларусь фармальна выконвае кліматычныя абавязанні, колькасць выкідаў ніжэйшая, чым дапушчальная для нашай краіны.

Сам Аляксандр Лукашэнка на Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змяненні клімату (СОР28) распавёў, што зялёны парадак бессэнсоўны ва ўмовах канфрантацыі, «нельга ціснуць палітычных апанентаў санкцыямі і ў той жа час патрабаваць ад іх затратных для нацыянальных эканомік рашэнняў». Штогадовая сустрэча пачалася 30 лістапада 2023 года ў Дубаі.