Антыфэйк / фактчэк

18 сакавіка

МКС памірыць амерыканцаў з беларусамі і расейцамі? Правяраем сцвярджэнне палітолага Лазуткіна

Беларуска Марына Васілеўская гатовая да касмічнага палёту, паведаміў кіраўнік «Раскосмасу» Юрый Барысаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.03.2024
Андрэй Лазуткін убачыў палітычную падаплёку ў сумесным палёце амерыканкі, беларускі і расейца на Міжнародную касмічную станцыю. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці так гэта.

Беларуска Марына Васілеўская гатовая да касмічнага палёту, паведаміў кіраўнік «Раскосмасу» Юрый Барысаў. Яна разам з расейскім касманаўтам беларускага паходжання Алегам Навіцкім і амерыканскай астранаўткай Трэйсі Дайсан павінна 21 сакавіка адправіцца на Міжнародную касмічную станцыю (МКС) на расейскім касмічным караблі «Саюз МС-25». 

Распавядаючы пра гэта 11 сакавіка ў эфіры «Азаронак. Наўпрост», палітолаг Андрэй Лазуткін заявіў, што гэты палёт мае схаваны сэнс. 

«Не можа быць так, што мы з амерыканцамі ваюем на полі бою, па сутнасці, дзе яны цэлеўказанні даюць праз свае спадарожнікавыя сістэмы, а тут, глядзіце, мы — сябры, паляцелі ў космас да зорак. Памірыліся ўжо, так? Так не бывае. Заўсёды ёсць нейкая падаплёка палітычная. Думаю, там будзе цікава. Я думаю, што проста трэба нармальна злятаць і нармальна вярнуцца. І гэта ўжо будзе нейкім мостам для Расеі і, магчыма, Рэспубліканскай партыі [ЗША], каб правесці нармалізацыю», — сказаў ён.

Расея і ЗША сумесна лёталі на МКС як да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, так і пасля яго. Хоць большасць касмічных партнёрстваў з Расеяй было разарвана.

МКС з'яўляецца міжнародным праектам, у які інвеставалі 15 краін, у тым ліку Расея і ЗША. Да 2020 года на працягу амаль дзесяці гадоў дастаўку членаў экіпажа туды ажыццяўлялі расейскія касмічныя караблі «Саюз». ЗША плацілі Расеі $90 млн за кожнага астранаўта, прывезенага на МКС. Чатыры гады таму на МКС пачалі лётаць таксама амерыканскія шатлы SpaceX. 

У ліпені 2022 года NASA і «Раскосмас» дамовіліся пра бартэр месцаў на караблях. Гэта значыць, амерыканскія ракеты дастаўляюць аднаго расейскага касманаўта, расейскі бок наўзамен забяспечвае перавозку аднаго амерыканскага астранаўта. У снежні 2023-га «Раскосмас» паведаміў, што гэта пагадненне працягнулі да 2025 года.

У верасні 2023-га да станцыі запусцілі расейскі карабель «Саюз МС-24», у склад якога акрамя расейцаў Алега Кананенкі і Мікалая Чуба ўваходзіў астранаўт NASA Лорэл О'Хара. У жніўні адбыўся запуск амерыканскага карабля Crew Dragon-7, на якім на станцыю прыбыў касманаўт «Раскосмаса» Канстанцін Барысаў.

Зараз на борце станцыі знаходзяцца сем чалавек, трое з якіх — расейцы. Астатнія — амерыканцы. А палёт, у якім возьме ўдзел беларуска Марына Васілеўская, — проста чарговы з іх.