Антыфэйк / фактчэк

21 жніўня

Сюжэт з расейскай Суджы знялі ва ўкраінскіх Сумах? Карэспандэнт RT выявіў фэйк, якога няма

Тэлеканал ТСН 14 жніўня 2024 года выпусціў сюжэт пра тое, як жыве захоплены УСУ горад Суджа.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 14.08.2024
Украінскі тэлеканал паказаў сюжэт пра расейскі горад Суджа ў Курскай вобласці. Насамрэч яго знялі ў Сумах, заявіў карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла. Ён правёў расследаванне і знайшоў доказы, што лакацыя выхаду ў эфір не адпавядае месцу, пра якое ідзе гаворка ў матэрыяле. Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці быў фэйк.

Узброеныя сілы Украіны (УСУ) 12 жніўня 2024 года заявілі, што перайшлі мяжу з Расеяй і ўзялі пад кантроль некалькі населеных пунктаў Курскай вобласці. Што там вядуцца баі, прызнала і Мінабароны Расеі. 

Тэлеканал ТСН 14 жніўня 2024 года выпусціў сюжэт пра тое, як жыве захоплены УСУ горад Суджа. Яго паглядзеў карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла і выявіў фэйк: сюжэт зняты зусім не там, а ва ўкраінскіх Сумах. Пра гэта ён у той жа дзень напісаў пост у сваім тэлеграм-канале. 

 «Сюжэт украінскага канала ў Суджы быў зняты ў горадзе Сумы пакуль што Украіны.

Кропка выхаду ў эфір у журналісткі — мемарыял Вечнай Славы, што ўдвая добра. Помнік вызваліцелям гораду ад нямецка-фашысцкіх продкаў цяперашніх украбаевікоў», — напісаў Прыдыбайла і пацвердзіў свае словы фотаздымкам мемарыялу, які бачны ў кадры, і мапай Сум.

У сюжэце сапраўды паказаная геалакацыя Курскай вобласці. Аднак пра тое, што карэспандэнтка Наталля Нагорная знаходзіцца не ў Суджы, гаворыцца ў самым пачатку відэасюжэту:

«Карэспандэнтка ТСН Наталля Нагорная вярнулася з Куршчыны і літаральна адразу яна з намі на сувязі», — тлумачыць вядоўца. 

Нагорная ў жывым эфіры распавядае пра тое, што ўбачыла ў Курскай вобласці, а на экране ў гэты час паказваюць загадзя зняты там відэаматэрыял.

У іншым выхадзе ў эфір карэспандэнтка сама тлумачыць, чаму знаходзіцца не ў Суджы:

«Добры дзень яшчэ раз. Хачу растлумачыць у першую чаргу, чаму мы знаходзімся на Сумшчыне. У Курскай вобласці, на жаль, пакуль не працуе сувязь. І нават людзі, якія там засталіся, цывільныя жыхары, яны казалі пра тое, што расейскія войскі, калі ўцякалі, не паведамілі ім пра тое, што яны застаюцца, пра тое, што павінна быць нейкая эвакуацыя, і яны засталіся ў тым ліку і без сувязі. І мы таксама былі вымушаныя вярнуцца на Сумшчыну для таго, каб перадаць матэрыялы і падрыхтаваць яго да эфіру».