Антыфэйк / фактчэк

14 кастрычніка

Хто напісаў «лухту»? «ЖС Premium» высмеяў словы Ціханоўскай пра тысячы беларусаў у Чыкага

Больш за ўсё беларусаў жыве ў Нью-Ёрку — каля 20 тысяч.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 30.09.2024
Святлана Ціханоўская пасля паездкі ў ЗША распавяла пра тысячы беларусаў, якія жывуць у Чыкага. Аўтары «ЖС Premium» высмеялі яе словы. Каманда Weekly Top Fake высветліла, хто напісаў «такую лухту».

У канцы верасня 2024 года Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША. Пра гэта яна распавяла ў сацсетцы Х, напісаўшы, што ў Чыкага пражываюць тысячы беларусаў. На відэа да посту бачныя некалькі дзясяткаў удзельнікаў сустрэчы.

Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» апублікавалі скрыншот поста Ціханоўскай і назвалі яе словы лухтой.

«"Тысячы беларусаў Чыкага" на лініі. Усе гэтыя тысяч вы зараз бачыце на сваіх экранах. Ужо зусім дрэнна ў збеглых з парадачкам, калі даводзіцца пісаць такую лухту», — заявілі аўтары тэлеграм-каналу. 

Паводле ацэнкі амерыканскага Інстытуту міграцыйнай палітыкі (Migration Policy Institute), у ЗША ў 2022 годзе пражывалі крыху больш за 70 тысяч беларусаў. Такая колькасць параўнальная з насельніцтвам Жлобіна. Шэсць тысяч з іх — у агламерацыі Чыкага.

Больш за ўсё беларусаў жыве ў Нью-Ёрку — каля 20 тысяч. На трэцім месцы Філадэльфія — прыкладна тры тысячы.